Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чырвоныя мытні” прадпрымальнікі абыходзяць бокам


Ад 15 траўня у Беларусі дзейнічаюць новыя мытныя правілы ўвозу тавараў. Яны прадугледжваюць, што жыхары Беларусі, якія вяртаюцца з-за мяжы часьцей як адзін раз у тыдзень, могуць увезьці толькі адну адзінку найменьня тавару. Як за мінулы тыдзень зьмянілася праца дробных прадпрымальнікаў, якія возяць тавары з Украіны, а таксама намеры набываць за мяжой рэчы ў звычайных грамадзян?

Узмацненьне кантролю за перамяшчэньнем тавараў для асабістага ўжытку праз мытную мяжу Беларусі асабліва ўстрывожыла дробных бізнэсоўцаў, якія набывалі тавар у Польшчы і Ўкраіне. Распавядае гомельская прадпрымальніца спадарыня Сьвятлана:

“Нам гэта не пасуе. Я два разы ў Чарнігаў ежджу — па тавар, па прадукты. Іншы раз і для сябе купляю па адзінцы. У мяне трое дзяцей. Трое! Боцікі, жакет, сарочка, майка, трусы, якіясьці тапкі, іншае неабходнае — тыя ж пракладкі... Гэта цяпер я правезьці не магу”.

Лёгкім жаночым адзеньнем гандлюе на рынку абласнога цэнтру й маладая прадпрымальніца, якая назвалася Тамарай. Яе бізнэс таксама быў зьвязаны з Украінай:

“Гэта канец бізнэсу, бо нельга нармальна нічога правезьці. Калі раней вазілі пакункамі, то зараз — толькі адзінкамі. А як працаваць? Памераў адзеньня не хапае! Паціху прадпрымальнікі паміраюць”.

Абмежаваньні на ўвоз тавараў тычацца ня толькі дробных гандляроў, якія маюць пасьведчаньні прадпрымальнікаў, але й фізычных асобаў.

Спадар Павел з Рэчыцы возіць беларускіх грамадзянаў ва ўкраінскі горад Хмяльніцкі, дзе яны набываюць таньнейшае адзеньне й абутак.

Чарговую групу гараджанаў Павел вазіў ва Ўкраіну ў мінулыя выхадныя.

Кажа, што па вяртаньні асаблівых прэтэнзіяў мазырскія мытнікі да ягоных пасажыраў ня мелі. Ехалі не прадпрымальнікі, а людзі, якія па тавар кіруюцца ва Ўкраіну ня часта:

“Я “чаўнакоў” не важу. Езьдзяць людзі, якія купляюць толькі для сябе, а не на продаж. Мы ехалі, і ніякіх пытаньняў не ўзьнікала. Яны — звычайныя людзі, як вы і я. Проста паехалі, каб саміх сябе адзець, абуць на летні сэзон”.

Начальнік зьмены Мазырскай мытні, празь якую кіраваліся ва ўкраінскі горад Хмяльніцкі жыхары Рэчыцы, Алег Гаркуноў сьцьвярджае, што на іхніх пераходах пільны кантроль за правозам тавараў усталяваны зь мінулай восені. Пасьля таго, як указам № 503 было зацьверджана Палажэньне пра перамяшчэньне праз мытную мяжу тавараў для асабістага карыстаньня.

Цяперашнія мэтадычныя рэкамэндацыі Дзяржаўнага мытнага камітэту толькі пацьвярджаюць тое, што на практыцы мазырскія мытнікі рабілі ўжо некалькі месяцаў:

“Яшчэ да выхаду нарматыўнага акту Дзяржаўнага мытнага камітэту адміністрацыя мытні рабіла захады па выяўленьні грамадзянаў, якія пад прыкрыцьцём льготнага ўвозу тавараў для асабістага ўжытку вазілі іх на рэалізацыю на рынкі Мазыра й Мазырскага раёну. “Чаўнакі” — яны даўно абыходзяць нашы мытныя пераходы бокам. Нас на блатным жаргоне называюць “чырвонай мытняй”, бо ў нас у рамках закону правяраецца ўсё надзвычай скрупулёзна”, — сказаў нашаму радыё прадстаўнік Мазырскай мытні спадар Гаркуноў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG