Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Продаж замежным інвэстарам банкаўскіх актываў, якія належаць беларускай дзяржаве, ідзе больш хуткімі тэмпамі, чым продаж прамысловых прадпрыемстваў. Чаму?

Кантрольны пакет “Белінвэстбанку”, аднаго зь пяці найбуйнейшых дзяржаўных банкаў краіны, праз тры-чатыры месяцы прададуць нямецкаму Commerzbank. Паводле старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Пятра Пракаповіча, да канца году плянуецца прадаць і яшчэ адзін буйны банк — “Белпрамбудбанк”. Акрамя гэтага, у бліжэйшай будучыні ня выключаны продаж 10—15% акцыяў найбуйнейшага ў краіне “Беларусбанку” і “Белаграпрамбанку”.

Прэсавы сакратар Нацыянальнага банку Міхаіл Журавовіч у інтэрвію “Свабодзе” так тлумачыць працэс продажу беларускіх банкаў:

“Чым больш у нас будзе інвэстыцыяў, чым багацейшыя будуць нашы банкі, тым лягчэй будзе вырашаць праблемы крэдытаваньня эканомікі”.

Эканамічныя цяжкасьці, якія перажывае цяпер Беларусь, і ёсьць падстава для прыцягненьня замежнага капіталу, упэўнены былы старшыня Нацбанку прафэсар Багданкевіч:

“Гэта выклікана той сытуацыяй, якая склалася ў эканоміцы Беларусі. Мы назіраем дэфіцыт гандлёвага балянсу, рост зьнешняй запазычанасьці, павялічэньне інфляцыі. То бок тры галоўныя паказьнікі сьведчаць пра сур’ёзную хваробу беларускай эканомікі”.

Станіслаў Багданкевіч лічыць продаж банкаўскіх актываў слушным. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што цяпер доля замежнага капіталу ў беларускіх банках складае 15—17%. У заходніх краінах гэты паказьнік ужо наагул ня лічаць, кажа прафэсар:

“Там ужо глябалізацыя поўная. І таму ня так важна, чый капітал знаходзіцца ў банкаўскай сфэры. А вось калі казаць пра Прыбалтыку, Чэхію, Польшчу, дык тут больш за палову банкаўскага капіталу належыць замежнікам. Больш за палову, нават даходзіць да 80%”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук акцэнтуе ўвагу на тым, што беларускія банкі хочуць, каб іхнымі партнэрамі сталі банкі любых краінаў, акрамя Расеі. Аналітык тлумачыць гэта тым, што яшчэ зь мінулага году расейскія банкі пачалі экспансію на беларускім фінансавым рынку. Цяпер яны валодаюць у той ці іншай ступені сямю, а можа, ужо нават і васьмю беларускімі банкамі. І таму ў Менску шукаюць альтэрнатыву ў выглядзе банкаў Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Украіны, Казахстану ды іншых краінаў, падкрэсьлівае спадар Раманчук:

“Расейская экспансія ідзе. І каб нейкім чынам ураўнаважыць яе, беларускія ўрад і Нацбанк хацелі б прадаць і запрасіць у краіну флягмана ўсясьветнай банкаўскай сыстэмы. Таму мы і бачым Commerzbank. І гэта, безумоўна, добрыя крокі”.

Аналітык кажа, што банкаўская інфармацыя ў значнай ступені камэрцыйная і дастаткова закрытая. Аднак некаторыя прыклады вядомыя. Так, расейскі ВТБ купіў “Славнафтабанк”, расейскі “Внешэкономбанк” набыў “Белзьнешэканомбанк”. Спадар Раманчук лічыць, што закрытасьць інфармацыі зьвязаная і з тым, як адбываецца продаж банкаў:

“Кулюарныя дамоўленасьці з інвэстарамі, бяз тэндэру, без адкрыцьця конкурсу. Гэта ўсё сьведчыць пра тое, што заходні й усходні капіталы, якія ідуць у Беларусь, працуюць не па правілах рынкавай, лібэральнай Эўропы. Яны працуюць па схемах Расеі, Украіны. І гэта, на мой погляд, параза інвэстараў, якія прагматычна і рэальна ставяцца да таго, што адбываецца ў Беларусі, не зважаючы на стандарты і вартасьці эўрапейскай мадэлі”.

“Чаму ж, ведаючы пра гэта, замежны капітал ідзе ў Беларусь?”

Станіслаў Багданкевіч выказвае сваю думку:

“Хто першы прыйдзе, той будзе мець перавагу. Калі мы зразумеем беспэрспэктыўнасьць ухіленьня ад рэформаў, ад дэмакратызацыі (а некалі ж гэта адбудзецца), мы адкрыемся. Яны гэта разумеюць і гатовыя ісьці сюды, нават са стратамі для сябе на пачатковым этапе”.

XS
SM
MD
LG