Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адным з удалых прыкладаў акцыянаваньня беларускага прадпрыемства экспэрты называюць прыход аўстрыйскага капіталу на менскі завод “Мотавела”.

Летась у ліпені Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, у адпаведнасьці зь якім ураду было даручана прадаць аўстрыйскай кампаніі ATEC Holding GmbH дзяржаўны пакет акцый “Мотавела” на суму 15,6 мільярда рублёў. Новы акцыянэр мае ўкласьці ў разьвіцьцё заводу да 2012 году больш за 20 мільёнаў даляраў. У дамове акрэсьлена: павінны быць захаваныя як спэцыялізацыя прадпрыемства, так і яго гандлёвая марка.

Паказальна, што да 2006 году дзяржаве не належала ніводнай акцыі ў “Мотавела”: усе яны былі выкупленыя працаўнікамі адкрытага акцыянэрнага таварыства пры разьдзяржаўленьні заводу ў 1999 годзе. Аднак два гады таму, узяўшыся вывесьці прадпрыемства з эканамічнага крызісу, дзяржава ўвяла на “Мотавела” “залатую акцыю” і атрымала 100% акцыяў.

Пасьля прыходу аўстрыйскіх інвэстараў правялі рэструктурызацыю і стварылі беларуска-аўстрыйскую “Матацыклетную кампанію МКМ”, якая валодае 99,7% акцыяў адкрытага акцыянэрнага таварыства. МКМ і брытанская кампанія Renfrew Group правялі перамовы пра распрацоўку новых мадэляў матацыклаў, бо ў апошнія гады лінейка мотатэхнікі практычна не абнаўлялася і не адпавядае патрабаваньням рынку. Заплянаваны цэнавы сэгмэнт — ад 800 да 1000 эўра.

Істотна пашыраны і спэктар спадарожнай прадукцыі. Завод вырабляе бульбасаджалкі, велапрычэпы, велатрэнажэры, інвалідныя вазкі. На замову лясгасаў асвоены выпуск прыстасаваных для язды па бездарожжы матацыклаў М 125Х, а для МУС Беларусі — адмысловых ровараў і матацыклаў, каб несьці патрульна-паставую службу.

“Мотавела” заснавана ў лістападзе 1945 году як вэлясыпэдная вытворчасьць, у 1951-м тут пачаўся выпуск матацыклаў “Мінск”, асабліва папулярных на вёсцы і ў шэрагу азіяцкіх дзяржаваў.

XS
SM
MD
LG