Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 20 траўня, аўторак.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Навукоўцы прапанавалі ўраду Беларусі прызначыць месцам для будаўніцтва першай у краіне атамнай электрастанцыі пляцоўку каля вёскі Кукшынава Горацкага раёну Магілёўскай вобласьці. Тэлефанаваньні на гэтую тэму:

Спадар Віктар, родам зь вёскі Сенькава, суседняй з Кукшынавам: “Шаноўная “Свабода”, толькі што пачуў, што нейкі дурань вырашае пабудаваць атамную электрастанцыю ў вёсцы Кукшынава. Гэта, лічы, пад самым носам у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, найстарэйшай вучэбнай установы ва ўсёй Беларусі. Гэта па-першае. Па-другое, вёска Кукшынава знаходзіцца пасярод добра абжытых мясьцінаў. Лічу, калі будаваць атамную электрастанцыю, то лепшага месца, чым у Шклоўскім ці Дубровенскім раёнах, ня знойдзеш. Гэтыя раёны спрадвеку былі таёжнымі мясьцінамі”.

Спадар: “Добры дзень. У бюджэце Беларусі, хутчэй за ўсё, няма грошай для набыцьця замежнага рэактара, таму Лукашэнка возьме рэактар у Расеі бясплатна. Ён скажа, як заўсёды, што ў яго няма грошай. Паабяцае, як заўсёды, заплаціць потым ці грашыма, ці незалежнасьцю”.

Гомельскі гарвыканкам прыняў пастанову, згодна зь якой прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў да заявы на пікет альбо мітынг павінны прыкласьці дамовы з райаддзелам міліцыі, гарадзкой паліклінікай ды камунальным прадпрыемствам. Выказваньне слухача:

Анастас Семяновіч: “Я ўпэўнены, што здаровы розумам чалавек не дадумаецца да такога, што каб правесьці мітынг, трэба ўзяць вялікую колькасьць дазволаў ад прыбіральшчыцы да міліцыі. Ужо час вам, шаноўная апазыцыя, адмовіцца ад бязглуздых дазволаў. Вы толькі павінны паведаміць, калі будзеце праводзіць сваё мерапрыемства і дзе. Адміністрацыя лукашыстаў няхай бегае па дазволы. Так, яны будуць праз свае суды вас караць. Але час прыйдзе, і яны будуць адказваць за свае дзеяньні, за сьпіну галоўнага начальніка Беларусі яны не схаваюцца. Жыве Беларусь!

Як стаць членам БНФ цi Маладога Фронту?” — пытаецца ў СМС-допісе слухач Аляксандар з Ушачаў. Яму адказваюць намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч і адзін зь лідэраў “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч:

Янукевіч: “Стаць сябрам партыі БНФ проста: трэба прыйсьці ў нашую сядзібу на былую вуліцу Варвашэні, а зараз праспэкт Машэрава, 8 з 10 раніцы да 22 вечара. Там можна запоўніць анкету, і на паседжаньні суполкі чалавека прымуць у партыю БНФ”.

Дашкевіч: “Калі ласка, заходзьце на нашую старонку http://mfront.net/. Там ёсьць кантакты нашай арганізацыі, празь якія вы можаце далучыцца да дзейнасьці “Маладога фронту”.

Кааліцыя апазыцыйных дэмакратычных партый заявіла пра свой удзел у выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў. Выказваньні слухачоў на гэтую тэму:

Спадар: “Беларусам горш ня будзе, калі больш апазыцыі ў парлямэнце будзе. Лябедзька, Мілінкевіч, Скрабец і іншыя — ім падышоў бы дэпутацкі вянец. Але ім трэба больш падымаць нацыянальны дух, рабіць аднаму за двух. І зноў ды зноў дадаваць больш перцу беларусам у кроў. І гэтак стаяць. І мне здаецца, калі гэтак пачнецца, беларус ня дурань, ён сам разьбярэцца, каго выбіраць”.

Спадар: “Хачу выказацца наконт недахопаў нашага выбарчага заканадаўства. Вось рэальны факт, які адбыўся два гады таму. За дзесяць дзён быў адкрыты выбарчы ўчастак, і чалавек пайшоў і датэрмінова прагаласаваў. Інфаркт, ён проста памёр. А ў дзень галасаваньня ён нібыта прагаласаваў з магілы”.

Віктар Буто: “Для грамадзянаў з апазыцыі, якія жадаюць быць дэпутатамі ў Парлямэнце Рэспублікі Беларусь. Вам неабходна навучыцца размаўляць зь любым грамадзянінам і разумець яго, нягледзячы на яго погляды, успрымаць крытыку ў яго адрас і адрас яго аднадумцаў, пазбаўляцца ад сваіх недахопаў і скарыстоўваць свае перавагі. То бок быць грамадзянінам Беларусі ня толькі на словах, але і ў рэчаіснасьці”.

Спадар Іван Карпавіч, Менск: “Пачалі гаварыць пра выбары. Гэта бессэнсоўная гаварыльня. Савецкі Саюз 90 гадоў існуе, і ніколі выбараў не было і ня будзе. Выбірае выбаркам. Няхай гэта ва Ўкраіне, у Расеі, у Беларусі. Ніколі выбараў не было і ня будзе. Яны толькі перафарбоўваюцца: былі бальшавікі, сталі камуністы, камуністы сталі партыяй улады, “Белай Русьсю”. І проста ідзе такі падман народу”.

XS
SM
MD
LG