Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

30 траўня прысуд Парсюкевічу можа быць перагледжаны


Сяргей Парсюкевіч

Сяргей Парсюкевіч

30 траўня Менскі гарадзкі суд можа скасаваць або зьмякчыць вырак, згодна зь якім Парсюкевіч быў прызнаны вінаватым у зьбіцьці міліцыянта і пакараны 2,5 гадамі зьняволеньня.


У Маскоўскім раённым судзе Менску паведамілі, што разгляд скаргі Сяргея Парсюкевіча на прысуд у гарадзкім судзе адбудзецца 30 траўня. Скаргу разгледзіць калегія Менскага гарадзкога суду. Сваёй віны вязень не прызнаў. Ён лічыць, што яго перасьледуюць як аднаго зь лідэраў прадпрымальніцкага руху. Беларускія праваабаронцы, а таксама ўрад ЗША патрабуюць вызваленьня Сяргея Парсюкевіча, а таксама Аляксандра Казуліна і Андрэя Кіма, якіх яны лічаць палітвязьнямі.
Спадзяемся, што прысуд будзе адменены

Адвакатка палітвязьня Вера Страмкоўская заявіла “Свабодзе”:

“Мы ўсё ж спадзяемся, што прысуд раённага суду Сяргею Парсюкевічу будзе адменены. Пад час працэсу мы заяўлялі шмат хадайніцтваў і мяркуем, што гарадзкі суд іх улічыць”.

Тым часам ад Сяргея Парсюкевіча з жодзінскага сьледчага ізалятара прыйшоў ліст дамоў, у якім вязень паведамляе, што ўмовы ягонага ўтрыманьня сталі горшымі. Жонка прадпрымальніка Натальля Парсюкевіч цытуе ліст мужа:

“На праверцы намесьнік начальніка турмы сказаў, што нас у камэры вельмі шмат — 19 чалавек на 12 месцаў. І мяне перавялі ў іншую камэру. Тут нас 17, але, паколькі я прыйшоў у ліку апошніх, то ложка ў мяне няма. Ноччу даводзіцца ня спаць, прылегчы можна толькі ўдзень. Але нармальна не пасьпіш: радыё перашкаджае, то абход, то праверка. Я яшчэ спрабую хадзіць на прагулкі, каб дыхаць сьвежым паветрам. А ноччу сядзіш у паўцемры: чытаць немагчыма, пісаць лісты таксама. Чамусьці і ў даміно гуляць забараняюць. Электрыкі няма, гарбаты не пап’еш, вады ў кране няма. Нават у прыбіральню стараемся хадзіць радзей. Сядзі і чакай, калі прыйдзе раніца. Хутчэй бы адсюль куды-небудзь зьехаць”.
Паколькі я прыйшоў у ліку апошніх, ложка ў мяне няма. Ноччу даводзіцца ня спаць

Як пачуваецца Сяргей Парсюкевіч, у якога ў турме абвастрылася хранічная астма? Дамоў вязень напісаў, што падхапіў яшчэ і прастуду. “Але ягоныя звароты да турэмных мэдыкаў нічога не мяняюць”, — кажа Натальля Парсюкевіч:

“Піша, што стаўленьне мэдыкаў таксама не з прыемных. Папросіш элемэнтарныя антыбіётыкі ад прастуды — нясуць тыдзень. Напісаў другую заяву пра шпіталізацыю — доктарка кажа, што першую заяву ня бачыла, хоць ён накіраваў яе як мае быць”.

Раней, яшчэ ў менскім сьледчым ізалятары, дактары рэкамэндавалі вязьню апэрацыю па выдаленьні паліпаў. Аднак паводле турэмных парадкаў у рэспубліканскі шпіталь са сьледчых ізалятараў на апэрацыю не накіроўваюць. Таму Сяргей Парсюкевіч напісаў заяву, каб яго хутчэй перавялі ў калёнію, хоць прысуд адносна яго яшчэ, як лічыцца, не ўступіў у сілу.

Дзяжурны Жодзінскай турмы № 8, дзе ўтрымліваюць Сяргея Парсюкевіча, гэтак патлумачыў перанаселенасьць у камэрах сьледчага ізалятара:

“Гэта не да мяне пытаньне. Гэта пытаньне да тых, хто нам прыслаў вязьняў з “Валадаркі”. Раней у нас перанаселенасьці не было. Гэта часовая зьява, пакуль у менскім сьледчым ідзе рамонт”.

Рамонт ізалятара на вуліцы Валадарскага пачаўся ў красавіку, пасьля таго як абрынулася адна зь вежаў турмы.

Да начальніка і намесьніка начальніка Дэпартамэнта выкананьня пакараньняў МУС дазваніцца не ўдаецца — іх тэлефоны не адказваюць.


XS
SM
MD
LG