Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусы могуць ня толькі выганяць замежных амбасадараў і зьбіваць паветраныя шары, а яшчэ й ствараць унікальныя кніжныя праекты, якія зьдзіўляюць Эўропу і сьвет”, – сказаў літаратар і кнігавыдавец Уладзімер Сіўчыкаў у інтэрвію нашаму радыё з нагоды сёньняшняе менскае прэзэнтацыі 28-моўнага эўраслоўніка.

Дваццацівасьмімоўны эўраслоўнік – гэта выданьне ўнікальнае ня толькі ў айчыннай, але і ў сусьветнай лексыкаграфіі. Яго прыдумаў і склаў філёляг і перакладчык Лявон Баршчэўскі. Дагэтуль у сьвеце самым шматмоўным быў сямнаццацімоўны слоўнік. Так што падобнага выданьня нідзе больш няма, і гэтым беларусы зьдзівілі Эўропу, бібліятэкі краінаў якое ўжо атрымалі беларускі эўраслоўнік. На адзін пералік моваў у ім у ягонага рэдактара і выдаўца Ўладзімера Сіўчыкава не хапае дыханьня.

Спачатку ў слоўніку падаецца беларуская, затым лацінская – як клясычная, на якой вырасьлі многія сучасныя эўрапейскія мовы. А тады?

“А тады – у альфабэтным парадку, – гаворыць Сіўчыкаў. – Ангельская, баўгарская, вугорская, грэцкая, дацкая, ірляндзкая, ісьляндзкая, гішпанская, італьянская, латыская, літоўская, мальтыйская, нарвэская, нідэрляндзкая, нямецкая, партугальская, польская, румынская, славацкая, славенская, фінская, француская, харвацкая, чэская, швэдзкая, эстонская”.

Мэта гэтага выданьня, кажа Ўладзімер Сіўчыкаў, паказаць эўрапейскасьць беларускае мовы і культуры празь вельмі канкрэтны спосаб:

“Гэта спроба наблізіць нашую мову да патэнцыйных чытачоў беларускіх тэкстаў у краінах Эўропы, а беларускага карыстальніка павесьці ў багаты сьвет эўрапейскіх моваў”.

Аднак, жартуе спадар Сіўчыкаў, эўраслоўнік мае ня толькі інтэлектуальныя вартасьці:

“Бывае, у беларуса стаіць праблема – едзе за мяжу, да прыкладу, і думае, што трэба нейкі прэзэнт везьці. Дык вось замест пляшкі “Белавескай”, або замест хлеба “Нарачанскага”, або ў дадатак да іх я рэкамэндаваў бы беларусам інтэлігентным купляць гэты слоўнік на падарункі”.

Рэдкая магчымасьць зрабіць гэта, апроч таго што сустрэцца са складальнікам і выдаўцом ды паслухаць клясычную музыку, надарыцца сёньня ўвечары падчас прэзэнтацыі ўнікальнага слоўніка. Яна адбудзецца ў Менску ў сядзібе Партыі БНФ. Пачатак а 18-й гадзіне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG