Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў у сьвет дзіцячы мультфільм “Тарзан”, дубляваны на беларускую мову.


Адметнасьць беларускага “Тарзану” ў тым, што песьні на ангельскай мове перасьпяваў па-беларуску Зьміцер Вайцюшкевіч.

Кіраўнік праекту Алесь Квіткевіч падкрэсьлівае, што “Тарзан” па-беларуску – першы з заплянаванай сэрыі.

Праект створаны супольна творчым згуртаваньнем “Дзіўноты і памароцтвы” ды фірмай “Сотвар”. У ранейшыя гады ў сэрыі ўжо выходзілі дубляваныя на беларускую мову ўсясьветныя хіты дзяцячай анімацыі: “Русалачка”, “Аліса ў краіне цудаў”, “Прыгоды Віні-Пыха” ды іншыя. Але стужкі выдаваліся на касэтах. Далей Алесь Квіткевіч:

“Мы вырашылі да кожнага старога мультфільму, які быў у свой час агучаны на беларускую мову, дадаць па адным новым, і перавыдаць усё гэта на якасных лічбавых носьбітах”.

Пра бліжэйшыя пляны:

“Наступныя будуць “Карпарацыя монстраў” плюс “Шрэк-1” на адным дыску, а потым будуць “Самаходзікі” плюс “Гісторыя цацак”.

Мультфільм “Тарзан-2” выйшаў у студыі “Ўолта Дыснэя” у 2005 годзе. Гэта гісторыя маленькага хлопчыка, якога выхавалі жывёлы і які стаўся супэргероем джунгляў.

Алесь Квіткевіч працягвае:

“Гэта абсалютна цудоўная анімацыйная інтэрпрэтацыя кніжкі усясьветна вядомага пісьменьніка Эдгара Райса Бэроўза – клясыкі дзіцячай літаратуры”.

Паводле Алеся Квіткевіча, дыск з “Тарзанам” ужо можна знайсьці на кніжным кірмашы “Белэкспа”, што на вуліцы Янкі Купалы, 27, а таксама ў незалежных распаўсюднікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG