Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя пойдзе на выбары, каб кантраляваць улады <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Сёньня прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі прадставілі пасланьне, зь якім кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад апазыцыі пойдуць на парлямэнцкія выбары.


Галоўнай тэзай гэтага дакумэнту стала патрабаваньне кантролю над уладай. Вацлаў Арэшка, кіраўнік аналітычнай групы, якая рыхтавала перадвыбарчае пасланьне Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, патлумачыў, чым гэты дакумэнт прынцыпова адрозьніваецца ад папярэдніх:

“Заўсёды на выбарах у нас дэмакратычныя сілы, калі зьвярталіся з пасланьнем да народу, зыходзілі зь няяўнай, але як бы зразумелай для іх сытуацыі. Сутнасьць — мы ідзем на выбары, мы ідзем на перамогу, таму абяцаем зьмяніць тое, зрабіць гэта, перамяніць уладу і г.д. У выніку, калі атрымлівалася, што выбары праходзяць як заўсёды, сытуацыя ўспрымалася як параза. Прыкладам, мы абяцалі “5 крокаў да лепшага жыцьця”, а выконваў іх Лукашэнка ў пэўнай ступені.

Гэтым разам мы вырашылі пайсьці ад рэальнай сытуацыі. Таму трэба было знайсьці тое, што рэальна могуць паабяцаць дэмакратычныя сілы сваім выбарнікам. І галоўнае — што яны рэальна могуць рабіць і як кандыдаты ў парлямэнт, і як парлямэнтары, і нават калі іх не абяруць і яны застануцца грамадзкім, палітычным актывам, іхнае абяцаньне застаецца выканальным. І сутнасьць гэтага абяцаньня — кантроль грамадзтва над дзеяньнямі ўлады”.

Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць: праз пасланьне можна дайсьці ня толькі да прыхільнікаў зьменаў, але і да тых, хто яшчэ канчаткова ня вызначыўся альбо нават падтрымлівае ўладу:

“Кантроль — гэта пазытыў. Тут няма гаворкі пра нейкае разбурэньне, якога баяцца многія людзі яшчэ горай, чым эканамічнага пагаршэньня. Але, можа быць, якраз праз такія прапановы і трэба пераадольваць пэўнае электаральнае гета, у якім мы, на жаль, знаходзіліся цягам апошніх гадоў. І, можа быць, якраз пры дапамозе гэтых ідэяў мы здолеем зачапіць увагу і пераканаць. Пераканаць у відавочным для нас: там, дзе ўлада падкантрольная грамадзтву, народу, там ёсьць заможнасьць, свабода, асабістыя пэрспэктывы. Таму ў гэтым дакумэнце мы адрасуемся да эўрапейскага досьведу, да досьведу краінаў Эўразьвязу”.

Юры Істомін, патэнцыйны кандыдат у дэпутаты ад АДС у Гарадзенскай вобласьці, лічыць зьяўленьне такога пасланьня карыснай справай і цьвердзіць, што да яго будзе добра дапасоўвацца і мясцовы зварот:

“Гэта пасланьне трэба разьмясьціць яшчэ да пачатку выбарчай кампаніі. Я лічу, што пасланьне кандыдата павінна быць і рэгіянальным, якое будзе тычыцца менавіта мясцовых праблемаў, а таксама і агульным, скіраваным на сацыяльна-эканамічныя праблемы ўсёй Беларусі”.





Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG