Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Аляксандар Лукашэнка правёў перамовы з самым багатым чалавекам Расеі, кіраўніком голдынгу “Базывы элемэнт” і кампаніі “Рускія машыны” Алегам Дзерыпаскам.

Паводле зьвестак часопісу Forbs спадар Дзерыпаска – самы багаты чалавек Расеі, паводле багацьця, якое складае 68 мільярдаў даляраў , ён – на 9-м месцы ў сьвеце. Кіраўнік Беларусі пацьвердзіў гатовасьць рэалізоўваць супольныя праекты “Рускіх машын” і беларускага МАЗу.

Лукашэнка падкрэсьліў, што пасьля мадэрнізацыі МАЗу Беларусь магла б працаваць і канкураваць самастойна, але магла б і аб’яднаць высілкі з расейскімі партнэрамі. Ён сказаў Дзерыпаску, што зацікавіўся прапановамі, якія расейскі магнат зрабіў яшчэ летась, аднак паводле Лукашэнкі падобныя прапановы Беларусь атрымала і ад расейскага КАМАЗу. “Калі мы пачнём таргавацца, хацелася б, каб гэта было сумленна і прыстойна”, – падкрэсьліў ён.

У 2002 годзе, пасьля другіх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, менавіта з Алегам Дзерыпаскам вяліся перамовы аб продажы кантрольнага пакету акцый менскага аўтазаводу. Той праект не атрымаўся.

Паводле зьвестак “Інтэрфаксу” зараз Дзерыпаска прапануе стварэньне на базе "Рускіх машын" і МАЗу машынабудаўнічага голдынгу. Расейскі бізнэсовец прапануе аб'яднаць у адзіную вытворчую структуру МАЗ і аўтамабільны завод "Урал".

Таксама плянуецца стварыць адзіны навуковы і канструктарскі цэнтар па распрацоўцы аўтамабіляў і аб'яднаць сетку збыту. Асноўнай мэтай аб'яднаньня зьяўляецца нарошчваньне супольнай вытворчасьці грузавых аўтамабіляў да 100 тысячаў у год.

Сёньня ў размове з Лукашэнкам расейскі мільярдэр быў нешматслоўны. Ён сказаў, што “тэхналягічна нашы прадпрыемствы супрацоўнічаюць прынамсі 20 гадоў”, заўважыў, што “важна стратэгічна вызначыцца з нашымі партнэрамі на бліжэйшыя 10-15 гадоў”, і падкрэсьліў, што “Беларусь і Расея будуць паступова адчыняць свае рынкі”, таму, паводле Дзерыпаскі, трэба вызначыцца, як дзьве краіны змогуць канкураваць з эўрапейскімі вытворцамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG