Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яны пратэстуюць супраць будаўніцтва ў гэтай мясцовасьці заводу па вытворчасьці пэстыцыдаў, якое распачынае прыватная расейская кампанія “Август-Бел”.

У лісьце таксама гаворыцца пра ціск на грамадзкасьць з боку ўладаў і міліцыі. Актывісты ініцыятыўнай групы заяўляюць, што рыхтуюцца зьвяртацца ў суд.

Ліст на імя кіраўніка краіны падпісала адна з актывістак грамадзкага супраціву Тацяна Рысевец. Да ліста, як тлумачыць спадарыня Рысевец, прыкладзены шэсьць тысяч подпісаў мясцовых жыхароў:

“Надышоў момант, калі трэба рэчы называць сваімі імёнамі. Людзей запалохваюць самымі рознымі спосабамі, праслухоўваюць тэлефоны. Мяне вінавацяць, што я заклікаю людзей на барыкады, што арганізоўваю непарадкі. Таму я вырашыла зьвярнуцца ад свайго імя, а подпісы прыклала для таго, каб было відаць колькі людзей супраць. І гэта толькі частка людзей, бо мы сьпяшаліся і зьбіралі подпісы толькі чатыры дні. Інакш іх было б у некалькі разоў больш”.

Паводле спадарыні Рысевец, супрацоўнікі міліцыі склалі на яе адміністрацыйны пратакол паводле артыкулу аб арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу 25 сакавіка. Неўзабаве над ёй адбудзецца суд. Тым часам пратэстныя настроі жыхароў пасёлку Дружны становяцца больш радыкальнымі, кажа яшчэ адна актывістка ініцыятыўнай групы Алена Будкоўская:

“Кожны дзень ад людзей чуеш, што, маўляў, навошта куды яшчэ езьдзіць і нешта пісаць? Трэба разабраць тое, што пабудавана, запакаваць і адправіць у Расею. Альбо аплаціць ім дарогу, альбо ўвогуле зьнішчыць. Гэта кажа пра тое, што ёсьць ужо нядобрая напружанасьць”.

Заяву супраць будаўніцтва заводу з подпісамі 6 тысяч жыхароў Дружнага актывісты ініцыятыўнай групы накіроўвалі таксама ў Пракуратуру, Канстытуцыйны суд і Ўрад краіны. Адказ яны меліся атрымаць да 14 траўня, аднак вышэйшыя дзяржаўныя ўстановы маўчаць. Вось як гэта камэнтуе грамадзкі актывіст Сяргей Абразоўскі:

“Перадусім будзем падаваць у суд на ўрад і аблвыканкам. Ну і будзем спрабаваць зьвяртацца ў міжнародныя структуры па дапамогу. Калі ўладныя структуры сваёй дзяржавы дзейнічаюць супраць інтарэсаў насельніцтва, значыць, трэба выходзіць на тыя структуры, якія падтрымліваюць насельніцтва. На тыя палітычныя партыі, якія падтрымліваюць насельніцтва. Іншага выйсьця ў нас папросту няма”.

У сераду, 21 траўня, адбудзецца чарговае судовае паседжаньне па адміністрацыйнай справе супрць Сяргея Абразоўскага. Яго вінавацяць у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу пратэсту жыхароў пасёлку Сьвіслач 29 сакавіка. За аналягічны мітынг у пасёлку Дружны спадар Абразоўскі пакараны штрафам 1 млн. 400 тысяч рублёў.

17 траўня ў Мар'інай Горцы, адміністрацыйным цэнтры Пухавіцкага раёну, адбыўся сход з удзелам кіраўніка Акадэміі навук Міхаіла Мясьніковіча, прадстаўнікоў міністэрстваў прыродных рэсурсаў, аховы здароўя, кіраўніцтва Менскай вобласьці і Пухавіцкага раёну. На гэты мітынг не пусьцілі ніводнага з тых 6 тысяч чалавек, якія паставілі свае подпісы супраць будаўніцтва заводу.

Будаўніцтва заводу па вытворчасьці пэстыцыдаў распачынае расейская прыватная кампанія “Август-Бел”. Супраць будаўніцтва заводу пратэстуюць жыхары пасёлку Дружны, Сьвіслачы, Рудзенску, Дукоры і іншых паселішчаў. Яны ня вераць у праўдзівасьць афіцыйных заяваў і высновам дзяржаўных экспэртаў і дамагаюцца незалежнай экалягічнай экспэртызы і мясцовага рэфэрэндуму пра мэтазгоднасьць будаўніцтва шкоднай вытворчасьці. Дзяржаўныя чыноўнікі заяўляюць, што канчаткова гэтае пытаньне павінен вырашыць урад краіны. Аднак у прадстаўніцтве кампаніі “Август-Бел” паведамілі, што неабходныя дакумэнты на будаўніцтва атрыманыя і зараз вядзецца набор працоўнага пэрсаналу. Актывісты ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва заводу рыхтуюць дакумэнты ў суд на кампанію “Август-Бел”, а таксама на мясцовыя ўлады паводле фактаў парушэньня дзейнага заканадаўства пры падрыхтоўцы да будаўніцтва завода”.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG