Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ну ня любяць яны Амэрыку, і ўсё тут”


Агляд тэлефанаваньняў за панядзелак 19 траўня.


Нашыя слухачы працягаюць выказвацца пра санкцыі, якія Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло супраць трох беларускіх прадпрыемстваў, зьвязаных з канцэрнам “Белнафтахім”. Пад санкцыі патрапілі “Лакафарба”, “Полацак-шкловалакно” і Беларускі нафтавы гандлёвы дом. Актывы гэтых кампаніяў, калі яны будуць знойдзеныя ў ЗША, замарозяць. Амэрыканскім грамадзянам забаронена мець дзелавыя дачыненьні з гэтымі прадпрыемствамі.

Спадар: “Я хачу выказацца наконт эканамічных санкцый з боку ЗША ў адносінах да беларускіх фірмаў. Гэта непрадуктыўны ход. Гісторыя сьведчыць, што гэтым мала чаго дабіваюцца. Прыклады Кубы, Паўночнай Карэі і іншыя. Я згодны са слухачом, які кажа, што трэба адкрываць межы і трэба адкрываць магчымасьці для беларусаў. Гэта будзе слушнейшы кірунак”.


Спадарыня Ларыса, Менск: “Некаторыя слухачы “Свабоды” выступаюць супраць Амэрыкі. Ну ня любяць яны Амэрыку, і ўсё тут. Абураюцца, што яна дапамагае грашыма нашай апазыцыі, то бок дае даляры. Я паслухала і раблю іншую выснову: дык даляры ідуць да нас, а не ад нас. Гэта ж прыбытак нам”.

СМС-паведамленьне ад Галіны з Магілёва: “Стрыжань улады Лукашэнкі — гэта фальшаваньне любых выбараў. Трэба зламаць гэты стрыжань, і, як у казцы пра Здыхліка Неўміручага, Лукашэнку прыйдзе канец”.

Слухачы “Свабоды” выказваюцца наконт удзелу альбо няўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах, якія павінны адбыцца сёлета восеньню.

“Што тычыцца выбараў, для сябе я вырашыў. Няхай і датэрміновае галасаваньне, ці ў гэты ж дзень. Я проста пайду і вазьму адмацавальнае пасьведчаньне. Няхай за дзесяць дзён. Няхай так мільён зробіць. І ў іх застануцца гэтыя адмацавальныя пасьведчаньні”.

Тэлефанаваньне слухача камэнтуе юрыст, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер:

“Нічога не атрымаецца. У расейскім заканадаўстве ёсьць такія пасьведчаньні, калі чалавек можа прагаласаваць у іншым месцы (будзе ён галасаваць ці не — іншае пытаньне), а ў беларускім заканадаўстве гэтага не прадугледжана. У нас прадугледжаныя 3 віды галасаваньня: датэрміновае, па месцы знаходжаньня, а таксама ў дзень галасаваньня”.

Працягнем праграму тэлефанаваньнем, у якім слухач крытыкуе працу Радыё Свабода:

Спадар: “Паважаная рэдакцыя, вы ўзялі кальку з расейскай мовы “полчаса”. І дыктарка кажа: “Першая паўгадзіна адно, а другая паўгадзінка іншае”. Па-расейску тое ж самае. Наагул меры часу і іншыя фізычныя велічыні так пісьменнымі людзьмі не памяншаюцца і так не гавораць. Глупства гэта, канечне. І не рабіце вы гэтых наватвораў”.

Тлумачыць мовазнаўца Зьміцер Саўка:

“Мяркую, што слухач закатэгарычны, калі не сказаць, што ягонае цьверджаньне мала на чым грунтуецца. Рэч у тым, што ледзь не да любога назоўніка, які абазначае меру, які абазначае ступень, можна дадаць прыстаўку “паў”. Я ўпэўнены, што “паўгадзіны” выкарыстоўвалася ня толькі “Свабодай”, але і за шмат гадоў да таго, як “Свабода” ўзьнікла. Для таго каб разьвеяць усе сумневы, дастаткова зазірнуць у “Гістарычны слоўнік беларускай мовы”.

Паводле намесьніцы начальніка Ўпраўленьня агульнай сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Валянціны Маеўскай, цяпер працуе міжведамасная камісія, якая абмяркоўвае магчымасьць аб’яднаньня двух прадметаў — “Усясьветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі”. Калі гэты праект навучальнага пляну на наступны год зацьвердзяць, у школах болей ня будуць выкладаць гісторыю Беларусі як асобны прадмет.

Сёньня мы атрымалі ў сувязі з гэтым наступнае тэлефанаваньне:

Спадар Яцкевіч, Віцебск: “У мяне не хапае сілаў, каб выказаць тое, што я адчуваю, калі чую апошнія навіны. Нельга гісторыю кудысьці заганяць. Трэба яе прымаць такой, якая яна ёсьць. І тое, што падручнікі перакройваюцца, і тое, што многае хаваюць, гэта вельмі і вельмі дрэнна. Краіна павінна мець свой твар. Калі гэтага твару ня будзе, то застанецца адно пустое, бязьлікае месца на мапе. І ніхто паважаць ня будзе. І ніхто ня будзе лічыцца. Усе так краіны жывуць і народы. І так павінна быць. А тое, што робіцца ў нас, мне падаецца, робіцца пад дыктоўку Крамля”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG