Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што чакае беларускую школу?


Да заканчэньня навучальнага году ў сярэдніх школах застаўся роўна тыдзень. Але ў гэтыя апошнія дні і настаўнікі, і дзеці, і іхныя бацькі – у чаканьні пераменаў і ў няведаньні, у якім кірунку пойдзе школа далей – ізноў рыхтуецца чарговая рэформа адукацыі. Што чакае беларускую школу, якія настроі пануюць у работнікаў сфэры адукацыі, высьвятляла нашая карэспандэнтка.

Што далей будзе са школай – дакладна пакуль ня ведаюць нават у Міністэрстве адукацыі. Рэформу рыхтуе міжведамасная камісія, сьцьвярджае начальнік упраўленьня агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Юры Гладкоў, які нават не ўваходзіць у гэтую камісію:

“Міністэрства адукацыі не ўзначальвае гэтай камісіі. Яе ўзначальвае першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Анатоль Рубінаў. Вам усе пытаньні лепш адрасаваць не Міністэрству адукацыі, а гэтай камісіі”.

Карэспандэнтка: “Але пытаньне вырашана?”

Гладкоў: “Яно будзе вырашана канчаткова 26 траўня”.

Карэспандэнтка: “А пераход на 11-гадовую сыстэму навучаньня будзе?”

Гладкоў: “Пераход будзе, так. А можа, і ня будзе… Можа, кіраўнік дзяржавы прыме іншае рашэньне. Якое ён рашэньне прыме, мы ж ня ведаем”.

Карэспандэнтка: “А вашыя меркаваньні, прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі, неяк улічваліся? Да вашых аргумэнтаў прыслухоўваліся?”

Гладкоў: “Ну вы ж ведаеце, прэсу чытаеце: аргумэнты нашыя ня ўлічаныя былі. Давайце мы пачакаем да 26 траўня”.

Старшыня камісіі па адукацыі, навуцы і культуры Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Здановіч выказаўся катэгарычна супраць пасьпешнасьці ў рэфармаваньні:

“Нельга – я лічу як настаўнік, як чалавек, ужо дасьведчаны ў гэтай сфэры, – нельга за 2-3 месяцы падрыхтавацца да зусім новага стану выкладаньня. Прычым патрэбна ўдумлівае абмеркаваньне правесьці са спэцыялістамі, якія параграфы вывучаць, якія не. Усё гэта патрабуе часу. Я нават дапускаю такі мітычны варыянт, што да 1 верасьня ўсё будзе зроблена, але зноў жа ўзьнікае пытаньне, а хто падрыхтуе настаўнікаў да працы па зьмененых праграмах і падручніках, калі яны пойдуць у адпачынак? Ці можа іх у адпачынак ня адпусьцяць?”

Ужо вядома, што 9 – 10 клясы трохгадовую праграму павінны прайсьці за 2 гады. Будуць аб’яднаныя гісторыі – усясьветная і гісторыя Беларусі – у адну дысцыпліну. Ня будуць вывучаць усясьветнай мастацкай культуры. А навучальны год будзе падоўжаны да 20 чэрвеня. Настаўніца адной зь менскіх школ выказала агульны настрой пэдагогаў:

“Усе проста ў нейкім падвешаным стане. Мы нічога ня ведаем, што чакаць, ці будзе ў нас адпачынак? І што дадуць гэтыя 20 дзён у чэрвені? Ужо цяпер ніякай вучобы няма, на дзяцей трэба лейцы надзяваць і трымаць. І што, мы год страчаны кампэнсуем гэтымі 20 днямі?”

26 траўня будзе прынятае канчатковае рашэньне. Але шырокага абмеркаваньня школьнай рэформы не было, міжведамасная камісія не прыслухоўваецца ні да Міністэрства адукацыі, ні да парлямэнцкай камісіі па адукацыі, не кажучы ўжо пра грамадзкасьць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG