Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Каткоўскі: “Калі адстойваць беларускае, то па-беларуску!”


Грамадзкія рэдактары гэтага тыдня – Ірына і Леанід Каткоўскія, бацькі нашага калегі Ўладзімера Каткоўскага, жыцьцё якога трагічна абарвалася ў выніку аўтакатастрофы. Уладзя памёр летась 25 траўня, пасьля амаль году змаганьня за жыцьцё.

Уладзімер Каткоўскі – адзін з заснавальнікаў беларускай Вікіпэдыі, стваральнік сайтаў www.pravapis.org, www.martyralog.org. У гонар сына Ірына і Леанід Каткоўскія заснавалі спэцыяльную прэмію, каб адзначаць найлепшыя інтэрнэт-праекты. Сёньня доктар фізычна-матэматычных навук Леанід Каткоўскі расказвае пра погляды свайго сына на беларускі інтэрнэт.

Уліцёнак: Cпадар Леанід, давайце яшчэ раз вернемся да прэміі імя вашага сына, якая называецца “За беларускасьць”. Чаму менавіта так?

Каткоўскі: Ідэя гэтай прэміі ўзьнікла амаль адразу, як Валодзя сышоў з жыцьця. Мы б хацелі захаваць тую вялікую частку ягонай працы, якую ён вёў менавіта ў беларускай частцы інтэрнэту, каб яна кімсьці працягвалася. Гэтым наш сын жыў, адстойваючы свае прынцыпы і погляды ў інтэрнэце. Гэта яму найбольш балела. Прапагандаваў мову, намагаўся даваць аб’ектыўную інфармацыю пра Беларусь, каб пра яе ведалі ўва ўсім сьвеце.

Уліцёнак: А што Ўладзю найбольш хвалявала ў беларускім інтэрнэце?

Каткоўскі: Па-першае, павелічэньне колькасьці беларускамоўнай інфармацыі. Мы разам лічылі, што мова аб’ядноўвае людзей. І калі адстойваць нешта беларускае – дык па-беларуску!

Уліцёнак: Як ён ставіўся да Вікіпэдыі – разумеў, наколькі важную справу запачаткоўваў разам зь сябрамі?

Каткоўскі: Спачатку ідэя гэтага праекту яму не спадабалася, але потым ён ацаніў яе надзвычай высока. Напісаў і адрэдагаваў для гэтай энцыкляпэдыі вельмі шмат артыкулаў, па-беларуску і па-ангельску, больш за 1300 толькі па-беларуску, а на ангельскай мове яшчэ больш.

Уліцёнак: Вы прапанавалі журналістам “Свабоды” падрыхтаваць перадачу на тэму “Ці можа інтэрнэт стаць сродкам аб’яднаньня нацыі?”. Ваш адказ на вашае ж пытаньне...

Каткоўскі: Ён павінен ім стаць. Калі цяпер гэтага не відаць, то гадоў празь дзесяць-дваццаць – абавязкова. Жыцьцё будзе рухацца менавіта ў гэтым напрамку. Бо інтэрнэт – найсучасны сродак масавай інфармацыі, адпаведна, ён мае эфэктыўна ўзьдзейнічаць на людзей. Тут у адным, як кажуць, і мова, і крыніца інфармацыі. Прычым свабодная, дзе людзі пачуваюць сябе вольнымі.

Уліцёнак
: І Ўладзя працаваў менавіта з такім адчуваньнем?

Каткоўскі: Ён вельмі спадзяваўся, што інтэрнэт кансалідуе беларускую нацыю. І ён ужо кансалідаваў тую моладзь, якая актыўна прысутнічае ў байнэце. Гэта вельмі важна, і гэта дасьць плён: аб’яднае людзей і дазволіць прыйсьці да той незалежнасьці, пра якую мы марым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG