Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ноч у гарадзенскім музэі


Паказ вэнэцыянскіх строяў падчас "Ночы ў музэі".

Паказ вэнэцыянскіх строяў падчас "Ночы ў музэі".

Учора ўвечары ў Горадні ў Новым замку ўпершыню было праведзена сьвята “Ноч у музэі”. Там месьціцца гістарычна-археалягічны музэй. Пачалося сьвята а 20-й гадзіне з выставы “Вяртаньне экспанату”: унікальную шахматную ладзьдзю каля чатырох гадоў таму скралі з музэйнай экспазыцыі, а нядаўна яна была знойдзеная і вернутая ў музэй. Наведнікі пачулі пра славутыя музэйныя зборы сьвету, убачылі танцы, незвычайную калекцыю строяў “Вэнэцыянскі прывід”, слухалі музыку, разглядалі экспанаты. У Новым замку было ажыўлена да 23-й гадзіны.

Карэспандэнт: “Здавалася, што наведнікаў шмат ня будзе, але перад замкавай брамай мноства людзей, квіткі каштуюць дзесяць тысяч рублёў. У падворку людзі пад парасонамі, зь дзецьмі”.

Вядучы: “Наш Гарадзенскі гістарычна-археалягічны музэй упершыню вырашыў адзначыць Міжнародны дзень музэяў…”

Карэспандэнт: “Уваходзім унутар. Драўляная лесьвіца на другі паверх, там дырэктар музэю Юры Кітурка. Ці задаволеныя ён такой колькасьцю наведнікаў?”

Кітурка: “З аднаго боку, задаволены, з другога, баюся, што месца ня хопіць. Дзьвесьце чалавек – гэта для замку зашмат”.

Карэспандэнт: “А колькі прадалі квіткоў?”

Кітурка: “Дзьвесьце дваццаць тры, ды яшчэ ёсьць запрошаныя…”

Карэспандэнт: “Мы апынуліся на другім паверсе. І тут адбываецца прэзэнтацыя вернутага экспанату. Тут дзясяткі людзей. Цэлая сьцяна. Скажыце: гэта расказваюць пра шахматную фігурку?”

Дзяўчына: “І пра тое, калі ў шахматы пачалі гуляць у “рускіх гарадах”.

Карэспандэнт: “А цяпер вось распавядаюць, як гэтую шахматную фігурку знайшлі на дзядзінцы Старога замку. Гэта ўсё, што засталося ад шахматаў, якімі гуляў старажытны гарадзенскі князь.

А цяпер мы ў Сэнатарскай залі Новага замку, дзе, дарэчы, адбыўся калісьці вядомы “маўклівы сойм”, а сёньня тут паказваюць сучасныя танцы, і поўная заля гледачоў”.

Карэспандэнт: “Публіка выйшла з залі пасьля музыкі, танцаў і кінулася да вакна: на двары трэнуюцца рыцары... Я бачу (да маладога спадара): вы былі тут сям’ёй, з сынам, нічога, што позна ўжо?”

Малады спадар: “Наш сын вельмі цікавіцца музэямі”.

Карэспандэнт: “А што самае відовішчнае было, найбольш запомнілася?”

Малады спадар: “У Сэнатарскай залі цікавай была прэзэнтацыя, што датычыла музэяў сьвету, ну й таксама вэнэцыянскія строі”.

Карэспандэнт: “Для вас важна было, што на беларускай мове ўсё зроблена?”

Малады спадар: “Гэта добра. Што на беларускай мове і што адраджаецца хаця б цікавасьць да культуры, да музэйнага жыцьця”.

Карэспандэнт (да маладзёна з фотаапаратам): “Вы фатаграфавалі, што найбольш забрала ўвагу, якія кадры самыя ўдалыя?”

Маладзён: “Самыя цікавыя дзяўчыны з маскамі вэнэцыянскімі…”

Карэспандэнт: “Закончылася першая гарадзенская ноч у музэі, і каля Новага каралеўскага замку пайшоў сапраўдны дождж”.
XS
SM
MD
LG