Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Канец цытаты": 10.05.2008 – 16.05.2008


Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.


“Малады Фронт” заклікае беларусаў байкатаваць псэўдавыбары і прыходзіць у дзень галасаваньня на плошчу Каліноўскага, адзінае месца ў нашай краіне, дзе хлусьня ЦВК ня дзейнічае”.

З заявы “Маладога Фронту” пра байкот выбараў

“Удзельнічаць у байкоце – гэта азначае сьвядома пераўтвараць свае палітычныя структуры ў эфэмэрныя ўтварэньні. Гэта шлях ва ўнутраную эміграцыю”.

Юры Чавусаў, палітоляг

“Беларускі сябар прапанаваў яму апрацаваць пакет шляхам чорнага рынку, каб пазьбегчы праблем. 17 гэтага месяца у Каракас прыедзе высокі прадстаўнік гэтага сябра, каб удакладніць сьпіс. Анёл папрасіў нас прысутнічаць, для таго каб асабіста сустрэцца з дэлегатам. Гэта вельмі важна”.

З электронага ліста Івана Маркеса, кіраўніка калюмбійскага паўстанскага руху FARC, пра пастаўкі зброі паўстанцам праз Вэнэсуэлу (ліст быў знойдзены ў кампутары забітага ў сакавіку аднаго з паўстанцкіх лідэраў Рауля Рэеса і апублікаваны гішпанскай газэтай El Pais, паводле газэты, Анёл – псэўданім прэзыдэнта Вэнэсуэлы Ўга Чавэса, а Сябар – гэта Віктар Шэйман, сакратар Рады бясьпекі Беларусі).

“Тата, а чаму ён халодны?”

Зварот маленькага хлопчыка да Аляксандра Лукашэнкі падчас частаваньня блінамі ў Берасьцейскай вобласьці (сюжэт пра гэта быў паказаны ў нядзельнай праграме ОНТ “Контуры”.

“Гэта – своеасаблівая дэклярацыя незалежнасьці Расеі ад Беларусі”.

Віталь Сіліцкі, палітоляг – з адказу на пытаньне, чаму першая замежная паездка новага прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева – у Казахстан і Кітай, а не ў Беларусь.

"Калі рэйтынг апазыцыі сёньня на ўзроўні арытмэтычнай памылкі, ці могуць яны зьявіцца ў парлямэнце? Такая апазыцыя ў парлямэнце зьявіцца ня можа. Але калі там будзе некалькі апазыцыянэраў, то ад гэтага наш парлямэнт не сапсуецца. Іх усё роўна будзе меншасьць”.

"Але я баюся, падкрэсьліваю, баюся, што яны, ізноў жа, не патрапяць у парлямэнт. Наша апазыцыя замест таго, каб працаваць з народам, едзе ў ЗША, Велікабрытанію і Нямеччыну і просіць там грошай. НА каго яны працуюць? Нашай апазыцыі трэба сёньня працаваць з нашымі грамадзянамі, прасіць у іх падтрымкі, не прасіць некалькі фунтаў стэрлінгаў у Велікабрытаніі. Гэта карумпаваная апазыцыя".

"Я б хацеў, шчыра кажу, каб людзі падтрымалі хаця б некалькіх апазыцыянэраў, каб вы нас не папікалі, што ў парлямэнце няма апазыцыі. Але гэта будзе залежыць ад людзей. Хто заслужыць, той у парлямэнт і патрапіць".

“Калі сытуацыя будзе такой, як зараз, і са мной асабіста, і ў краіне, то я, зразумела, буду балятавацца на чарговы тэрмін. Калі сытуацыя са мной і з краінай зьменіцца, то рашэньне можа быць іншым. Пакуль я здаровы чалавек, народ ня так ужо моцна мяне крытыкуе, і Захад пачынае разумець. Гэта магчыма. Разьлічвайце на горшае”.


Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – з адказаў на пытаньні інфармацыйнага агенцтва Reuters.

“Лукашэнка панічна баіцца каардынацыі дзеяньняў паміж ЭЗ і ЗША. Увядзеньне эканамічных санкцыяў цалкам бы паралізавала рэжым Лукашэнкі. Прэзыдэнт сам патлумачыў, што Эўропа не ўвядзе аніякіх эканамічных санкцыяў супраць Беларусі, бо канчаткова усё ж перамагае прагматызм. Аднак эўрапейцы павінны самі прадэманстраваць, што ёсьць рэчы больш важныя за эканоміку. І на гэтым трымаецца чалавецтва. Гэта фундамэнтальныя каштоўнасьці, якія ніхто ня мае права чапаць: мараль, чалавечнасьць, спачуваньне і міласэрнасьць”.

Аляксандар Казулін, вязень калёніі “Віцьба-3”, былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі – зь інтэрвію аўстрыйскай газэце “Der Standard”.

"Санкцыі, уведзеныя ЗША супраць беларускага канцэрну "Белнафтахім", наносяць іміджавую шкоду Беларусі і палохаюць патэнцыйных інвэстараў …увядзеньне ЗША санкцыяў супраць “Белнафтахіму” – пытаньне само па сабе нязначнае, але інвэстары, якія пачулі пра гэта, зразумела, задумаліся. Усе чакаюць, чым гэта скончыцца”.

Пётар Пракаповіч, старшыня Нацыянальнага банку Беларусі – зь інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву Reuters.

“Там было маё прозьвішча й усіх маіх сваякоў, нават па жончынай лініі. Івана Бедкі й ягоных сваякоў, Івана Шэгі й ягоных сваякоў, Міхася Варанца – ды ўсіх актывістаў. Нават мая памерлая маці была ў тым сьпісе...”

Алесь Масюк, слонімскі палітычны актывіст – пра ліст начальніка раённага КДБ Аляксандра Мазалькова да загадчыка псыханэўралягічнага аддзяленьня раённай бальніцы з просьбай атрымаць зьвесткі аб 39 жыхарах Слоніма, родных і сваяках апазыцыйных актывістаў.

“І я думаю, паколькі сытуацыя ўжо зайшла настолькі далёка, дык ёсьць верагоднасьць таго, што афіцыйны Менск у адказ на пашырэньне санкцыяў прыгадае будапэшцкія гарантыі. Будапэшцкі мэмарандум падпісаны Вялікай Брытаніяй, ЗША і Расеяй, а таксама адпаведна і Беларусьсю ў сьнежні 1994 году. Ён прадугледжвае, што вялікія дзяржавы адмаўляюцца ад усялякіх санкцыяў супраць Беларусі (у тым ліку і эканамічных). Дзяржавы гарантуюць бясьпеку Беларусі ў абмен на тое, што яна выводзіць са сваёй тэрыторыі ядзерныя сілы. І цяпер, хутчэй за ўсё, афіцыйны Менск будзе пагражаць тым, што ў Беларусь зноў будуць уведзеныя ядзерныя сілы”.

Дзяніс Мельянцоў, палітоляг – пра магчымы адказ афіцыйнага Менску на ўдакладненьне санкцый ЗША

“Ну, правакацыйнае пытаньне. Канечне, разумеем. Але не разумеем, чаму менавіта адносна нас”.

Сяргей Сьвяршчоў, намесьнік генэральнага дырэктара “Полацк-Шкловалакно” – на пытаньне “Свабоды”, ці ведае ён, чаму ўведзеныя эканамічныя санкцыі ЗША адносна яго прадпрыемства.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG