Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 гадоў адкрыцьцю Курапатаў – створым поўную фотагісторыю Дзядоў і талокаў, барацьбы і малітваў. Здымкі прысылайце на адрас п/с 111, Менск, 220005, Kurapaty88@yahoo.com

Дасланыя на “Свабоду” здымкі камэнтуе грамадзкі рэдактар праекту, адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк.

Трэці тур


36. Курапаты. Аўтар Зьміцер Крыванос.


Зьміцер Крыванос даслаў чатыры здымкі (№№ 36-39). У здымку №36 відаць творчы пошук аўтара. Хораша выглядае пярэдні плян, трава, кветкі крываўніку. Тут прабіваецца летні настрой, успрымаецца цішыня. Праўда, і сам здымак, і падыход крыху банальныя. Але ў цэлым здымак прыймальны. Горш тое, што аўтар імкнуўся ў дадатак да ўсяго зрабіць прыгожую карцінку і заняўся ўпрыгожваньнем фатаграфіі. Белая рамачка абсалютна лішняя. Увогуле, трэба памятаць запаведзь мастацтва: нельга ўпрыгожваць хараство. Гэта шлях, які можа сапсаваць густ. Хараство трэба проста выявіць.

37. Жалобны востраў. Аўтар Зьміцер Крыванос.


Зьміцер Крыванос даслаў таксама вельмі добрую панараму мясьціны і назваў яе “Жалобны востраў”. Курапацкі лес зьняты з такога боку, зь якога яшчэ ніхто не здымаў. Ён сапраўды выглядае востравам сярод поля, успрымаецца як традыцыйныя беларускія могілкі. Гэта сьвежы погляд на Курапаты – лес як вобраз супольнай магілы. Здымак выразны. Але калі размова ідзе пра творчасьць і калі аўтар вырашыў паказаць “востраў-магілу”, то ён павінен разумець, што для выяўленчай выразнасьці такой задумы панараму трэба было пабудаваць крыху інакш і не залежыць ад камэры. Лес не павінен абразацца так нізка. Трэба даць крыху соснам прасторы ўверх, бліжэй да верхавінаў. Зразумела, што гэта вымагае перабудовы ўсёй пэрспэктывы. Адным словам, зычу аўтару не спыняцца на дасягнутым і тварыць далей. Таксама раю з двух бакоў лепш аддрукаваць (узмацніць) неба і выявіць воблакі. Здымак будзе лепш “працаваць” на задуму ў чорна-белым варыянце.

38. Курапаты. Аўтар Зьміцер Крыванос.


Наступны здымак З.Крываноса (назавём яго ўмоўна – “Горад і Курапаты”) добра адлюстроўвае ўскраіну Курапатаў з боку поля ў бок Калодзішчаў і гораду, які ў далечыні. Гэты здымак зьняты ў чорна-белым бачаньні, і колер тут непатрэбны (стварае непрыемнае ўражаньне і развальвае карціну). Танальная і рытмічная дынаміка, пачынаючы ад крыжа справа, вядзе пэрспэктыву па дыяганалі ўлева па цэнтру за межы кадра. Тым часам левая палова фотакарціны ўсяроўна выглядае пуставатай.

Каб пазьбегнуць гэтага, трэба моцна і “драматычна” прапрацаваць воблакі. Кампазыцыйна яны павінны ўраўнаважвацца па дыяганалі з правым ніжнім сэктарам фатаграфіі. Сытуацыю палепшыць таксама чорна-белы варыянт здымка.

39. Курапаты. Аўтар Зьміцер Крыванос.


Наступная панарама Зьміцера Крываноса (назавём яе ўмоўна “Курапаты -- птушкі”) бадай што найлепшы здымак з гэтай ягонай сэрыі. Тут дасягнута адначасна дакумэнтальна-адэкватнае і мастацка-вобразнае ўяўленьне пра Курапаты. Клясычна пабудаваная кампазыцыя, дынаміку пэрспэктывы якой надае рытм крыжоў паабапал пэрспэктыўнага раскрыцьця, якое вельмі ўдала зачыненае зграяй далёкіх птушак. (Добрая ўдрукоўка і правільна знойдзены маштаб птушак – яны вельмі далёка). Глыбіню карціны і настраёвае “дыханьне” панараме якраз і надаюць гэтыя далёкія птушкі. У фотакарціне ўзьнікае шчымлівы падтэкст і сувязь з тыпалёгіяй беларускіх могілак. Здымак лепш успрымаецца ў каляровым варыянце, бо эмацыйную нагрузку тут нясе таксама блакітна-фіялетавая далячынь, на фоне якой лятуць птушкі.

Але чорна-белы варыянт яго таксама магчымы, толькі мусіць быць спэцыяльны выдрук з іншым балянсам таноў і паўтаноў.

40. Крыж Пакуты са сьцягам. Аўтар Алесь Дашчынскі.


Алесь Дашчынскі даслаў сем здымкаў. Для паказу мы адабралі чатыры (№№40-43). Мушу патлумачыць, што гэта неабходнае рашэньне, бо здымкаў прысылаюць шмат, сярод іх нямала паўтораў, невыразных фота “на памяць” і т.п. Таму неабходны адбор, адпаведна з вымогамі нашага праекту. Але хай гэта ня стрымлівае нашых аўтараў і ўдзельнікаў. Прысылайце ўсё, што захочаце, бо мы ўлічваем ня толькі паўторы і варыянты тыповага, але пашырэньне тэматыкі, разнастайнасьць поглядаў і адлюстраваньня адной і той жа зьявы, і нават фрагмэнты здымкаў, якія маюць асобнае значэньне.

Фота №40 (Крыж Пакуты са Сьцягам) мае дакумэнтальную вартасьць, хоць па кампазыцыі, сьвятлу і колеру зроблены невыразна. І тым ня менш, гэта патрэбная фіксацыя.

41. Курапаты. Аўтар Алесь Дашчынскі.


Фатаграфія №41 (назавём яе ўмоўна “Дым”) зроблена добра і прадумана па кампазыцыі, пэрспэктыве і колеру. Кампазыцыйна, танальна і колерна здымак прыстойна збалянсаваны. Лінейная пэрспэктыва створана рытмам крыжоў. І калі я кажу аб прадуманасьці, то зьвяртаю ўвагу, што крыжы ў пэрспэктыве нідзе не перасякаюцца дрэвамі, рытм не зьбіваецца. Гэта можа атрымацца і выпадкова, але так трэба ў пісьменна пабудаваным фота, і тут гэта ёсьць. Паветраную пэрспэктыву стварае дым і ўносіць у фотакарціну сваісты нюанс. Гэта здымак пачатку ХХІ стагоддзя, які паказвае пачатак Народнага Мэмарыялу. Але аддаліцца час, і крыжоў стане болей, чым дрэваў (у гэтым задума і сэнс). Тады эксклюзыўнасьць гэтага фота павялічыцца.

42. Талака ў Курапатах. Аўтар Алесь Дашчынскі.


Да гэтага часу нашага паказу фота №42 (назавём яго ўмоўна “Талака”) ёсьць адно зь лепшых на тэму супольнай працы ў Курапатах. Выява, пабудаваная на кантравым сьвятле, графічна выразная. Здымак праўдзівы і дынамічны, што асабліва падкрэсьлена ў кампазыцыі трох фігураў па цэнтры, у выразных позах людзей, дружна захопленых працай. Гэта сябры КХП-БНФ аднаўляюць крыжы пасьля чарговага нашэсьця закулісных вандалаў. Трохі неўраўнаважаны верхні правы край здымка. Але гэта проста выправіць, калі аўтар добра валодае фотатэхнікай, і, калі гэтага пажадае. Фота можа быць і ў колеры, і ў чорна-белым варыянце.

43. Вандалізм. Аўтар Алесь Дашчынскі.


Алесь Дашчынскі сфатаграфаваў вынікі вандалізму – сарваную выяву “Маці Божай Курапацкай усіх нявінна расстраляных” (мастак А. Марачкін). Добра, што аўтар зьняў гэтае сьведчаньне варварства канторскай закулісы і ворагаў беларушчыны. Добра таксама, што здымак (асобнік) тэхнічна напоўнены (каля 2 мгб.), што дазваляе зрабіць выкадроўку і павялічыць. Для містычна настроенага чалавека плачучае вока Багародзіцы (выява якога ацалела ад зьнішчэньня) можа стацца штуршком для дадатковай мэдыатацыі. Ацалелая частка абраза ў дадзеным выпадку ёсьць ужо асобны “поп-арт”, уражлівы і эмацыйны. Праўда, фатограф, відаць, спэцыяльна на гэтым не засяроджваўся. Але дэталёвы разгляд фотаздымка (дарэчы, добрай тэхнічнай якасьці) прыводзіць да разважаньняў. Тут пажаданы толькі колерны варыянт.

44. Дзяды. Аўтар Дзяніс Кароль.


Шэсьць здымкаў прыслаў Дзяніс Кароль. Мы выбралі тры для разгляду (№№44-46). Здымак №44 (назавём яго ўмоўна “Не дазволім забыць”) адлюстроўвае нядаўнюю падзею – Дзяды ў Курапатах. Плечы і патыліцы тут мала што кажуць, але эмацыйны зьмест усяго адчыняе Бел-Чырвона-Белы сьцяжок з тэкстам і выявай Багародзіцы. У ім кампазыцыйны акцэнт здымка. Гэта просты, цікавы і ў дадзеным выпадку плённы прыём. Вельмі псуе кадр патыліца чалавека ўнізе, у левым вугле здымка. Яна ўспрымаецца як другі цэнтар кампазыцыі і разбурае фатаграфію. Каб палепшыць фота, трэба яго падрэзаць зьнізу (скадраваць па лініі вуха, каб яно не было відаць у кадры). Фота можа існаваць у колерным варыянце, але чорна-белы будзе лепшы.

45. Крыж. Аўтар Дзяніс Кароль.


Наступны здымак Дзяніса Караля (назавём яго ўмоўна “Стаўленьне крыжа”) сытуацыйны. Тут адпаведна адлюстраваныя масавыя Дзяды ў Курапатах. Адчуваецца пэўны сьвяточны настрой і адзінства. На пярэднім пляне удзельнікі шэсьця старанна ставяць крыж. Гэта добры здымак таксама для гісторыі Народнага Мэмарыялу.

46. Курапаты. Аўтар Дзяніс Кароль.


Гэты здымак Дзяніса Караля (назавём яго ўмоўна “Дарога назад”) вельмі просты. Ён зьняў, як людзі пасьля Дзядоў разыходзяцца з Курапатаў. Тыповая карцінка, якая нечакана шчыміць. Відаць постаці ўдалечыні. Угадваецца чалавек, які павольна, бяз шапкі, з непакрытай галавой вяртаецца дахаты. Кожны з нас перажываў такое.
Здымак слабаваты тэхнічна (бо вельмі цяжкія ўмовы здымкі – прыцемак у яловым лесе), але ў цэлым гэта ўдалы здымак па настрою і рэфлексіях, якія ён выклікае. Пажаданы чорна-белы варыянт.


*****

Пяць здымкаў прыслаў нам яшчэ Юры Дзядзінкін. Чатыры зь іх мы тут зьмяшчаем (№№47-50). Яны цікавыя сваёй дакумэнтальнасьцю. Зьнятая маладзёвая (супярэчлівая, паказная, але ў цэлым станоўчая) акцыя 2001 года па абароне Курапатаў ад разбурэньня ў час пракладкі аўтастрады праз Народны Мэмарыял. Здымкі Ю.Дзядзінкіна адлюстроўваюць маладзёвую частку агульнага змаганьня за цэласьць Курапатаў.
Найбольш цікавыя фота гэтай сэрыі -- №47 і 48.

47. Курапаты. Восень 2001-га. Аўтар Юры Дзядзінкін.


На фота №47 паказаная сытуацыя на мясцовасьці, праз якую праклалі варварскую аўтастраду.

48. Курапаты. Восень 2001-га. Аўтар Юры Дзядзінкін.


На фота №48 сфатаграфаваны нутраны выгляд палаткі, у якой дзяжурылі маладыя людзі. Тут жа зьнятыя і самы энтузіясты.

49. Курапаты. Восень 2001-га. Аўтар Юры Дзядзінкін.


Здымак №49 мае фіксацыйную вартасьць. Зьняты своеасаблівы лёзунг: “Моладзь за Курапаты!”.

50. Курапаты. Восень 2001-га. Аўтар Юры Дзядзінкін.


На фота №50 зафіксаваны, так бы мовіць, рабочы працэс штодзённага існаваньня на дзяжурстве маладзёвых змагароў з аўтастрадай. Усе здымкі – унёсак у гісторыю Народнага Мэмарыяла Курапаты.

51. Дзяды-1989. Аўтар С. Курыцын. (з архіву Ўладзімера Раманцова)


Заканчваем гэтую сэрыю архіўным ужо здымкам С.Курыцына з 1989 года, на якім адлюстраваны рэдактар гэтай нашай тэмы (Ваш слуга) разам з маладзенькай дачкой мастака Віктара Маркаўца. Гэта 29 кастрычніка, Дзяды, ля Ўсходніх могілак, рыхтуемся (прышпільваем адзнакі Дзядоў) да шэсьця і нясеньня Крыжа Пакуты ў Курапаты.

Зянон ПАЗЬНЯК

Рэзюмэ:

Лепшым здымкам гэтай сэрыі, які адпавядае асноўным умовам тэмы, добры па якасьці і фотавыяўленчых парамэтрах – гэта здымак №42 Алеся Дашчынскага (умоўная назва “Талака”).



Другі здымак, вылучаны намі, -- гэта фота №39 Зьміцера Крываноса. (Умоўная назва “Курапаты – птушкі”.)



Зьміцер прыслаў яшчэ і свой верш, прысьвечаны Курапатам і напісаны па-беларуску. Усё гэта сьведчыць пра добрыя творчыя імкненьні Зьміцера. За ягоны здымак і творчы падыход падарунак ад мяне – кніга Зянона “Глёрыя Патрыя”.


Ад 3 траўня да 3 чэрвеня Зянон Пазьняк камэнтуе і выбірае найбольш цікавы і характэрны здымак. Пераможцы атрымаюць таксама прызы ад Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG