Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21.05-5.07 пройдуць Дні культуры Швэцыі ў Беларусі


Аддзяленьне амбасады Швэцыі ў Менску абвясьціла пра пачатак Дзён культуры Швэцыі ў Беларусі.


Ад 21 траўня да 5 ліпеня ў Беларусі пройдуць выставы выставы, канцэрты, літаратурныя вечарыны і паказы сучасных швэдзкіх фільмаў.

Дні культуры Швэцыі, прысьвечаныя Нацыянальнаму Дню Швэцыі (Дню швэдзкага сьцяга) адбудуцца ў Беларусі ў сёмы раз. Сёлета культурніцкія мерапрыемствы пройдуць па чатырох кірунках: літаратура, кіно, фота і музыка.

Літаратурныя дні Швэцыі адбудуцца ў Полацку, Менску, Лунінцы і ў Баранавічах. У іх возьмуць удзел пісьменьніца і журналістка буйной штодзённай газэты “Dagens Nyheter” Сыля Наўман, паэткі Іда Бёр'ель і Солья Крапу, а таксама перакладчык з францускай і польскай моваў на швэдзкую Андэш Будэгорд.

28 траўня ў менскай галерэі “Сьвет фота” адчыніцца выстава вядомага швэдзкага фатографа Енца Ластхэйна “Белае мора – Чорнае мора”. У выставе пад такой назвай удзельнічалі па два прадстаўнікі ад пяці краінаў. Сярод іх была толькі адна жанчына – швэдка.

Кіраўнік дыпмісіі Швэцыі Стэфан Эрыксан падкрэсьліў, што жанчыны займаюць значнае месца ў жыцьці сучаснай Швэцыі.

“Я думаю, што больш ведаюць беларусы пра Швэцыю, чым швэды пра Беларусь. Гэта добра. Я б сказаў, што цікавасьць ёсьць, і гэта нармальна, калі чалавек хоча даведацца пра тое, што адбываецца ў іншых. Людзі хочуць пазнаёміцца са швэдзкай культурай. Цікавасьць да швэдзкай мовы ёсьць. Мы спрыяем гэтаму працэсу. Тут ёсьць лектар швэдзкай мовы. Ёсьць праграмы, па якіх можна і ў Швэцыі вывучаць швэдзкую мову. І гэта, я лічу, добра”.

Фэстываль сучаснага швэдзкага кіно пачнецца 4 чэрвеня ў кінатэатры “Цэнтральны”. Гледачам прапануюць сем паўнамэтражных і восем кароткамэтражных фільмаў.

7 чэрвеня ў клюбе “Night star” а 7-й вечара пачнецца канцэрт “Сучасная музыка ад сучасных жанчын”. Выступяць швэдзкія жаночыя гурты, а таксама беларускі гурт “Індыга”.
XS
SM
MD
LG