Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрпол: дадзеныя з кампутараў FARC не зьмяняліся


Вынікі экспэртызы ставяць пад сумнеў абвяржэньні як Каракасу, так і Менску, паводле якіх інфармацыя на дысках FARC не адпавядае сапраўднасьці.


Учора Роналд Нобл, генэральны сакратар Інтэрполу, пацьвердзіў, што судовыя экспэрты Інтэрполу ня выявілі ніякай “мадыфікацыі, зьмены, дабаўленьня або выдаленьня” файлаў з дадзенымі на кампутарах і носьбітах інфармацыі, якія былі захопленыя падчас нядаўняга рэйду калюмбійскіх “камандас” на базу Рэвалюцыйных узброеных сілаў Калюмбіі (FARC).

Злучаныя Штаты Амэрыкі, Калюмбія і шмат якія іншыя краіны лічаць FARC тэрарыстычнай арганізацыяй.

Рэйд быў праведзены на памежнай з Калюмбіяй тэрыторыі Эквадору 1 сакавіка. Падчас апэрацыі “камандас” захапілі тры ноўтбукі, два зьнешнія гард-дыскі і тры флэш-карты з дадзенымі FARC.

Паводле гішпанскай газэты “Эль Паіс”, дадзеныя сьведчаць, што FARC карысталіся пасярэдніцтвам Вэнэсуэлы і асабіста вэнэсуэльскага прэзыдэнта Уга Чавэса ў набыцьці ракет “зямля-паветра” ад усходнеэўрапейскіх гандляроў зброяй.

У справе ёсьць і беларускі сьлед. У адным з кампутараў, паводле “Эль Паіс”, знаходзіўся ліст , зь якога вынікае, што Віктар Шэйман, сакратар Рады бясьпекі Беларусі, быў замяшаны ў перамовы аб продажы зброі FARC падчас свайго візіту ў Вэнэсуэлу ў лютым г.г.

Урад Калюмбіі папрасіў Інтэрпол правесьці экспэртызу сканфіскаваных носьбітаў інфармацыі і засьведчыць, што дадзеныя FARC ніякім чынам не былі зьмененыя з моманту, калі яны трапілі ў рукі калюмбійскіх “камандас”.

У больш за 100-старонкавым дакладзе, апублікаваным у Інтэрнеце зь некаторымі скарачэньнямі, Інтэрпол падрабязна апісвае працэдуру экспэртызы і адназначна сьцявярджае, што файлы FARC з моманту захопу не падвяргаліся ніякай маніпуляцыі.

У прэс-рэлізе, апублікаваным на сайце Інтэрполу, Нобл кажа, што паміж 1 і 3 сакавіка калюмбійскія антытэрарысты захоўвалі файлы FARC, не прытрымліваючыся працэдуры, рэкамэндаванай судовымі экспэртамі ў такіх выпадках. Паводле Нобла, перад іхным перазахаваньнем яны павінны былі зрабіць абароненыя ад зьменаў копіі (“write-protected copies”) усіх файлаў, каб не выклікаць ніякіх падозраньняў у магчымасьці наўмыснага скажэньня зьместу інфармацыі. Аднак гэтыя перазахоўваньні, дадае Нобл, ніякім чынам не зьмянілі зьместу інфармацыі.

Інтэрпол адначасова падкрэсьлівае, што аб’ектам яго экспэртызы не было ўстанаўленьне сапраўднасьці інфармацыйных фактаў, зьмешчаных на паддосьледных носьбітах.

Вынікі экспэртызы ставяць пад сумнеў абвяржэньні як Каракасу, так і Менску, паводле якіх інфармацыя на дысках FARC не адпавядае сапраўднасьці.

"Несур'ёзна зьвяртаць увагу на розныя домыслы, да распаўсюду якіх падключыўся і гішпанскі друк", — гэтак у прэсавай службе дзяржаўнага сакратарыяту Рады бясьпекі Беларусі пракамэнтавалі БелаПАНу паведамленьне "Эль Паіс" пра магчымыя дачыненьні Шэймана з FARC.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG