Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У тэлегледачоў Менску, якія карыстаюцца паслугамі апэратара кабельнага тэлебачаньня “Космас-ТВ”, адабралі адразу тры папулярныя каналы. Найбольш верагоднай прычынай многія лічаць паказ на гэтых каналах забароненага фільма Юрыя Хашчавацкага “Звычайны прэзыдэнт”.

З пакету кабэльнага тэлебачаньня “Космас-ТВ” ў Менску зьніклі адразу тры папулярныя каналы — “24ДОК”, які спэцыялізаваўся на паказе дакумэнтальных фільмаў, гумарыстычны канал НСТ і канал “Фенікс-Арт”, на якім ішлі сэрыялы. У інтэрнэце на сайце кампаніі “Космас-ТВ” пазначана, што “трансьляцыя спынена з прычын, не залежных ад кампаніі”, а замест пазначаных каналаў будуць трансьляваць іншыя зь ліку кандыдатаў на ўключэньне ў пакет.

Хто ініцыяваў тэрміновае “рэдагаваньне” пакету “Космас-ТВ”? На сайце кампаніі зьмешчаны ліст намесьніка старшыні Менскага гарвыканкаму Міхала Ціцянкова. Гарадзкі чыноўнік паведамляе, што ранейшыя ўзгадненьні на паказ трох каналаў анулююцца.

Што стала прычынай зьменаў, у лісьце не пазначана. Ва ўправе ідэалёгіі гарвыканкаму прычын адмовы не камэнтуюць. Між тым, паводле неафіцыйных крыніц, уладам не спадабалася тое, што каналы паказалі забаронены фільм “Звычайны прэзыдэнт” Юрыя Хашчавацкага. Сам аўтар фільму такой вэрсіі не выключае:

“У мяне таксама канал “24ДОК” адключылі. Гэта ў Беларусі робяць не ўпершыню. Года паўтара таму канал адключалі ў Бабруйску, літаральна падчас паказу майго фільму “Звычайны прэзыдэнт”.

Юры Хашчавацкі паведаміў, што за трансьляцыю ягоных фільмаў кабэльныя каналы яму плацілі, і гэтыя прыбыткі ён дэкляраваў у падатковай інспэкцыі. З-за іх страты вядомы кінадакумэнталіст асабліва не перажывае, бо “грошы былі невялікія”. Пасьля 1997 году, калі невядомыя зьбілі Юрыя Хашчавацкага ў ягонай майстэрні, на радзіме рэжысэр часта сустракаецца зь непрыемнасьцямі.

“Выключылі ” з кінадаведніка па Беларусі, працаваць тут не даюць, імя пад забаронай. Але я не лічу гэта непрыемнасьцямі, наадварот. Ужо як узнагароды носіш тое, што ты іх закрануў па-сапраўднаму”.

У дакумэнтальным фільме “Звычайны прэзыдэнт” Юры Хашчавацкі ў асаблівай манеры распавядае пра Аляксандра Лукашэнку і ягоную палітыку ў першыя гады прэзыдэнцтва. Пасьля “Звычайнага прэзыдэнта” Юры Хашчавацкі зьняў яшчэ шэраг фільмаў пра падзеі ў Беларусі, сярод якіх адзін з самых вядомых — “Плошча”, прысьвечаны падзеям на Кастрычніцкай плошчы пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Як і “Звычайны прэзыдэнт”, фільм “Плошча” беларускімі ўладамі забаронены. Рэжысэр-дакумэнталіст Леанід Міндлін мяркуе, што рэпрэсіі ўладаў супроць фільмаў Юрыя Хашчавацкага толькі дадаюць ім папулярнасьці:

“Мне здаецца, хто захоча, той пабачыць. Бо зараз ёсьць ня толькі тэлебачаньне, а ёсьць таксама інтэрнэт і DVD-дыскі”.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG