Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускіх школьнікаў забіраюць “Гісторыю Беларусі”


Ад новага навучальнага году ў сярэдніх школах будзе скасаваны курс “Гісторыя Беларусі”. Праектам вучэбнага пляну Міністэрства адукацыі прадугледжана аб'яднаньне ранейшых прадметаў “Гісторыя Беларусі” і “Сусьветная гісторыя” ў адзін — “Гісторыя”.


Зьмены закрануць нават выпускныя клясы, вучні якіх пакуль самі дакладна ня ведаюць, колькі гадоў ім давядзецца вучыцца. Паказальна, што летась былі надрукаваныя дапаможнікі па гісторыі новага ўзору — і, што абурыла нават ня самых вялікіх прыхільнікаў беларушчыны, ня толькі “Сусьветная гісторыя”, але і “Гісторыя Беларусі” былі... на расейскай мове. Наколькі мэтазгоднае такое аб'яднаньне і да чаго яно прывядзе?

Старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Здановіч у інтэрвію Радыё Свабода пацьвердзіў, што міжведамасная камісія Міністэрства адукацыі рыхтуе новы падручнік аб'яднанай гісторыі. Аднак які там будзе зьмест — дэпутату пакуль невядома:

“Я ня ведаю, што там знаходзіцца ўнутры гэтага прадмета. Сапраўды, ёсьць прадмет пад назвай “Гісторыя”. Гісторыя бывае, памятаеце, сярэдніх вякоў, гісторыя Беларусі, агульная гісторыя. Раней быў падзел — проста гісторыя ці агульная гісторыя, і была гісторыя Беларусі. Зараз у тым пляне, які прапаноўвае Міністэрства адукацыі, гэтага падзелу няма. Там толькі адзін радок, і напісана: гісторыя — дзьве гадзіны на тыдзень. І ўсё, па ўсіх клясах. Што там? Як гэта будзе? Магчыма, недзе адно паўгодзьдзе будзе гісторыя агульная, адно паўгодзьдзе — гісторыя Беларусі. Але я гэта ня ведаю. Магчыма, у гэтым ёсьць рацыя, бо калі вывучаюць агульную гісторыю, калі нейкія падзеі ўсясьветныя адбываліся, то ў гэтым кантэксьце, вядома ж, важна разгледзець: а што было ў гэты час у Беларусі?”

Выкладчык гісторыі Валянцін Голубеў перакананы: аб'яднаньне дзьвюх розных вучэбных дысцыплінаў прывядзе да таго, што “Гісторыя Беларусі” апынецца ў загоне, а гістарычныя працэсы зноў прывяжуць да расейскага вэктару:

“Сумняюся, што трэба ставіць пытаньне пра аб'яднаньне “Сусьветнай гісторыі” і “Гісторыі Беларусі”. Бо гэта рэчы неаб'яднальныя. У такім выпадку гэта азначае адно — не вывучаць гісторыю сваёй Бацькаўшчыны. Бо немагчыма разьмеркаваць гадзіны, каб вывучыць і ўсясьветную гісторыю, і гісторыю Беларусі. Так калісьці ўжо было, калі ставіліся некалькі гадзінаў “Гісторыі БССР” пры вывучэньні “Гісторыі СССР”. Гісторыю Беларусі ў такім выпадку проста не вывучалі. Так здарыцца і зараз, калі так зробяць. На жаль, калі гэта сапраўды будзе так. Бо прыйдзем да таго, што ўжо было, калі выкладаньне гісторыі было прывязанае да Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая ўсё перавярнула. І вывучалі, што было менавіта тут, з пункту гледжаньня расейскай гісторыі”.

Бальшыня прафэсійных гісторыкаў навацыі Міністэрства адукацыі называе беспадстаўнымі і немэтазгоднымі. Гісторык Валянцін Мазец лічыць, што нацыя, якая ня ведае ўласнай гісторыі, ня можа прэтэндаваць на адпаведнае месца ў сусьветнай цывілізацыі. Апроч таго, ён перакананы, што ў сытуацыі татальнай русыфікацыі школьнага навучаньня пытаньне пра дзяржаўную інтэграцыю ў склад Расеі не падаецца такім ужо фантастычным:

“Падаецца, дзеля гэтага і пераводзілі выкладаньне гісторыі на расейскую мову, каб потым зьліквідаваць увогуле “Гісторыю Беларусі”. Ну, а наступным крокам за ліквідацыяй гісторыі будзе тое, што колісь рабіла імпэратрыца Кацярына ІІ, калі яна загадала вышукваць у Беларусі гістарычныя дакумэнты і архівы, зьнішчаць іх ці вывозіць. То бок наступным крокам будзе зьнішчэньне дзяржавы. Абсалютна лягічны ланцужок выбудоўваецца. Бо калі народ ня вучыць і ня ведае сваёй гісторыі, то яму няма чым ганарыцца, за што змагацца. Калі няма за што змагацца, значыць, такому народу дастаткова кінуць нейкую костку, і ён будзе задаволены. Справа ў тым, што большасьць насельніцтва ў нас аморфная і людзям будзе абсалютна ўсё роўна, дзе і ў якой краіне жыць. У бальшыні насельніцтва зусім прымітыўныя гарызонты інтарэсаў, на жаль”.

Новы вучэбны плян Міністэрства адукацыі разглядаецца ў комплексе з прапановамі Аляксандра Лукашэнкі аб вяртаньні да 11-гадовага тэрміну навучаньня ў сярэдніх школах. Фактычна прызнана, што экспэрымэнт з 12-годкамі сябе не апраўдаў, а грошы змарнаваныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG