Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў за аўторак, 16 траўня.


Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Днямі Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву Reuters. Кіраўнік Беларусі ня выключыў, што будзе балятавацца на наступны, чацьверты, тэрмін. Ён таксама заявіў: “Калі рэйтынг апазыцыі сёньня на ўзроўні арытмэтычнай памылкі, ці могуць яны зьявіцца ў парлямэнце? Такая апазыцыя ў парлямэнце зьявіцца ня можа. Але калі там будзе некалькі апазыцыянэраў, то ад гэтага наш парлямэнт не сапсуецца”. Слухачы адгукаюцца на заявы спадара Лукашэнкі:

Спадар: “Задоўга да выбараў у так званую Палату прадстаўнікоў наш правадыр вырашыў заявіць, што ніхто з апазыцыі туды ня трапіць, таму што апазыцыя, маўляў, не працуе з народам. А хто ж, як ня ты, Аляксандар Рыгоравіч, са сваімі чыноўнікамі на месцах усяляк гэтаму перашкаджаеш? Калі ты такі сьмелы, калі ты такі ўпэўнены ў сабе, запрасі апазыцыю на тэледэбаты ў прамым эфіры, а там паглядзім”.

Спадар: “Лукашэнка пачаў, нарэшце, прасіцца ў Эўропу. Я паслухаў, як ён хлусіў, дык проста пра гэта думаць непрыемна. Расея яму перашкаджае, Эўропа таксама яго не пускае, і Амэрыка яго абражае, не дае жыць нам. А сябе Лукашэнка выгароджвае, што такі разумны. Такога прэзыдэнта ў сьвеце ня знойдзеш, які і свой народ абражае, і чужы рознымі словамі”.

Спадар: “Што ён там плёў! Пры чым тут Беларусь?! Усе прэтэнзіі да яго, да таго, як ён сябе паводзіць: зьбівае людзей, садзіць на суткі, на гады. Гаворка пра тое, што гэта няслушна і няправільна. І апраўдвацца ня трэба, толькі паводзь сябе варта, паважай людзей, якія цябе абралі. Усе санкцыі і прэтэнзіі толькі да цябе”.

Анастас Семяновіч: “Таварыш галоўны начальнік Беларусі, вы кажаце, што народ ад апазыцыі нікога не абярэ ў дэпутаты Палаты. Я з вамі на тысячу адсоткаў згодны, што іх ніхто не абярэ. Палатнікі вельмі добра вас зразумелі і сказалі, што выбарчы закон ня будуць мяняць. Для гэтага трэба зьмяніць толькі адзін пункт: усе камісіі павінны на 50% складацца з прадстаўнікоў апазыцыі і 50% — з адміністрацыі. Тады вынік для вас і палатнікаў будзе катастрафічным. Такі вынік вас абсалютна не задавальняе. Апазыцыі трэба на выбары ісьці і напрыканцы выбарчай гонкі зьняць сваіх кандыдатаў. Пасьля гэтага сьвет пабачыць, што фальсыфікацыя поўная, і ніхто казаць пра выбары ня будзе”.

Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:

“Яшчэ прашу камэнтар “Свабоды” да “Камэрсанта” за 13 траўня, што Патрушаў скончыў інстытут КДБ у Менску”.

На афіцыйным сайце Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі напісана, што былы кіраўнік гэтай спэцслужбы Мікалай Патрушаў навучаўся на вышэйшых курсах КДБ. Але ў афіцыйнай біяграфіі не напісана, у якой менавіта школе. Па камэнтар мы зьвярнуліся да былога выкладчыка Менскай школы КДБ Міхаіла Пастухова:

“Я дакладна ведаю, што менскія курсы скончыў Урал Латыпаў. А наконт Патрушава не магу дакладна сказаць. Ён тады быў малавядомы, таму няма ўпэўненасьці”.

Камэнтар падпалкоўніка КДБ у адстаўцы Валера Косткі:

“Менская школа была адной з найлепшых школаў КДБ. Таму там шмат хто мог навучацца”.

16 траўня суд у Старых Дарогах пакараў 15 суткамі арышту Віктара Хурсіка. Спадар Хурсік — аўтар кнігі “Кроў і попел Дражна”. Сёлета 19 красавіка ў вёсцы Дражна ўсталявалі крыж у памяць пра 25 беларусаў, закатаваных савецкімі партызанамі. У хуткім часе крыж зьнік няведама куды. Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:

Тацяна Барэль, Асіповічы: “Добры вечар. Я абураная асуджэньнем на 15 сутак Віктара Хурсіка за ўсталяваньне крыжа партызанскім ахвярам у вёсцы Дражна. І калі мы ўжо будзем злачынствы ацэньваць як злачынствы?! Складаецца ўражаньне, што нас штурхаюць да думкі, што і ў Курапатах крыжы можна прыбраць. Тады ж таксама змагаліся з “ворагамі народу”.
XS
SM
MD
LG