Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ кантралюе і мёртвых


У сьпісе слонімскага КДБ было 39 асобаў, улучна з памерлай маці дэмакратычнага актывіста Алеся Масюка і іншымі сваякамі . Усіх іх чэкісты зьбіраліся правяраць наконт псыхічнага здароўя. Цяпер А.Масюка выклікаюць у міліцыю на падставе ананімкі.


Алесь Масюк ужо бачыў гэтую ананімку. Яна набраная на кампутары на імя начальніка міліцыі. Група законапаслухмяных грамадзянаў РБ (так падпісаная паперчына) паведамляюць, што спадар Масюк быццам праводзіў на слонімскім рынку забаронены мітынг разам з былым кандыдатам у прэзыдэнты А. Мілінкевічам. Законапаслухмяныя грамадзяне” просяць разабрацца й дадаюць, што “ў сілу абставінаў ня могуць падпісаць свае прозьвішчы пад заявай”. Гаворыць Алесь Масюк:
Масюк: “Учора міліцыянт мне сказаў, што неабходна зьявіцца ў пастарунак дзеля таго, каб склалі адміністрацыйны пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу з удзелам Мілінкевіча на падставе нібыта нейкіх зьвестак, што я вадзіў Мілінкевіча па рынку”.

Алесь Масюк


Сытуацыю камэнтуе гарадзенскі актывіст Павел Мажэйка, які разам з А.Мілінкевічам быў у Слоніме: “ Сапраўды, гэта хіба ўпершыню ў гісторыі найноўшай Беларусі, калі чалавека могуць накіраваць у суд на падставе ананімкі. Амаль як у 30-я гады...”
І яшчэ адна справа набірае моц у Слоніме. Радыё Свабода ўжо паведамляла аб адкрытым лісьце рэдактара “Газеты Слонімскай” да начальніка раённага КДБ з просьбай растлумачыць, навошта чэкістам спатрэбіліся зьвесткі аб псыхічным здароўі яго й ягонай радні.
Віктар Валадашчук разьмясьціў на сайце выданьня дакумэнт за подпісам начальніка раённага КДБ Аляксандра Мазалькова да загадчыка псыханэўралягічнага аддзяленьня раённай бальніцы з просьбай атрымаць зьвесткі аб 39 жыхарах Слоніма. Але рэдактар апублікаваў толькі прозьвішчы сваіх родных.
Зараз высьветлілася, хто яшчэ фігураваў у гэтым сьпісе. Гаворыць Алесь Масюк: “Там было маё прозьвішча й усіх маіх сваякоў, нават па жончынай лініі. Івана Бедкі й ягоных сваякоў, Івана Шэгі й ягоных сваякоў, Міхася Варанца – ды ўсіх актывістаў. Нават мая памерлая маці была ў тым спісе...”.
Іван Шэга ўжо зьвярнуўся пісьмова да начальніка раённага КДБ за тлумачэньнямі. Са слоў Алеся Масюка, так зьбіраюцца зрабіць й іншыя актывісты. Аднак з КДБ дагэтуль няма адказу на адкрыты ліст рэдактара “Газеты Слонімскай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG