Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клопат аб сям’і па-беларуску


Сёньня паводле рашэньня Генэральнай Асамблеі ААН у сьвеце адзначацца Дзень сям’і. Да гэта дня ў Беларусі Ордэнам маці ўзнагароджаныя 20 жанчын, якія выхоўваюць пяцярых і больш дзяцей. Усяго ж у Беларусі каля 100 тысяч шматдзетных сем’яў і каля 350 тысяч няпоўных.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сёньня ў Беларусі каля паўтара мільёна сем’яў. 59% зь іх маюць адно дзіця, 35% – дваіх, траіх і болей – 6%.

Сярод гарадзкога насельніцтва толькі кожная дваццатая жанчына мае траіх і болей дзяцей (5% ад агульнай колькасьці). Шэсьць зь дзесяці жанчын у горадзе маюць адно дзіця ці ня маюць дзяцей наагул. І чым большы населены пункт, тым меней у ім дзяцей на адну жанчыну. Так, у Менску гэтая лічба складае 1,0, у абласных цэнтрах – 1,1, у гарадох-статысячніках – 1,2, у гарадох-пяцідзесяцітысячніках – 1,3, у вёсках – 1,8.

Маці траіх дзяцей Марына Вайцаховіч разам з сям’ёй перабралася на сталае жыхарства ў Ракаў. Менск і іншыя вялікія гарады для жыцьця шматдзетных сем’яў непрыдатныя, кажа яна:
Свой дом і
двор – адзіны спосаб мець траіх і больш дзяцей


“Цяжка мець траіх дзяцей у кватэры. Па-першае, як увайсьці ў ліфт з 3-4 дзецьмі і маленькім вазком. Ліфты ломяцца: адправіў ты старэйшых дзяцей і ня ведаеш, ці даедуць яны. Але вось спусьціліся мы ў двор – куды пайсьці гуляць? У пясочніцах недапалкі, пляшкі валяюцца, шкло, каты-сабакі – у такую пясочніцу я сваё дзіця баюся адпраўляць. Свой дом і двор – гэта адзіны спосаб у нашай дзяржаве мець траіх і больш дзяцей”.

Спадарыня Марына кажа, што асабліва яе ўражвае той факт, што, калі жанчына не працуе ў зьвязку з нараджэньнем і выхаваньнем дзіцяці, на пражыцьцё дзьвюх асобаў яна атрымлівае выплату памерам 67% ад пражытковага мінімуму. Сёньня гэта 167 тысяч рублёў. Самотная маці ў няпоўнай сям’і атрымлівае 293 тысячы рублёў.

Спадарыня Ірына – самотная маці, якая самастойна выхоўвае аднагадовага сынка. Яна кажа, што без падтрымкі бацькоў яе сям’я ня здолела б выжыць:
Тое, што мы ў дзяцінстве насілі, цяпер носяць нашыя дзеці


“Тых выплатаў, якія мы атрымліваем, хапае, каб двойчы схадзіць у краму. Гэта толькі на харчаваньне для дзіцяці. А яшчэ ж патрэбныя і цацкі, і адзеньне. А адзеньне ж таксама ня таннае, нават нашае беларускае. Яго ўвогуле вельмі мала. Тое, што мы ў дзяцінстве насілі, цяпер носяць нашыя дзеці, а хочацца ж, каб і прыгожа апранаць”.

Гаворыць кіраўніца аддзелу сацыяльных і гендэрных праблем у Міністэрстве працы Аляксандра Лясоўская:

“Дзяржаўная сямейная палітыка павінна быць скіраваная на стварэньне ўмоваў для нараджэньня дзяцей у поўнай сям’і. Што да шматдзетных сем’яў, то ніхто ня мае такіх ільготаў у будаўніцтве жыльля, як шматдзетная сям’я. Сем’і маюць бясплатнае харчаваньне да двух гадоў жыцьця ў залежнасьці ад даходу сем’яў. Выплаты па нараджэньні дзіцяці – 5 бюджэтаў пражытковага мінімуму, другога – 7. Таксама павялічаны выплаты адзінокай маці на 75%. Сёньня гэта прыстойныя грошы”.

Адна з заснавальнікаў інтэрнэт-рэсурсу маладых бацькоў “Нашы дзеткі” Хрысьціна Вітушка кажа, што пра матэрыяльнае і сацыяльнае становішча няпоўных і шматдзетных сем’яў яскрава сьведчаць рубрыкі і разьдзелы, якія яны наведваюць:

“Самотныя маці зь няпоўных сем’яў наведваюць разьдзелы – дзе што набыць таньней, прыму ў падарунак ці прадам. Яны ня ходзяць на разьдзелы пра адпачынак, пра ўлюбёныя кавярні і гэтак далей. Для шматдзетных сем’яў характэрна тое, што яны шукаюць кантактаў з сабе падобнымі, бо маці ў такіх сем’ях знаходзяцца дома і вельмі абмежаваныя ў кантактах. Для шматдзетных татаў характэрны таксама пошук дадатковага заробку”.
XS
SM
MD
LG