Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады: усё на продаж


Апошнім часам беларускія ўлады даволі актыўна вядуць кампанію продажу беларускіх прадпрыемстваў, у прыватнасьці банкаў, замежным інвэстарам.

Як паведамляе “Інтэрфакс”, кампанія “ABH Holding Corp.”, якая валодае фінансавымі акцыямі расейскай “Альфа-групы”, купляе практычна 100% акцыяў беларускага “Міжгандальбанку” за 32 мільёны даляраў. Паводле крыніцы агенцтва, да 1 ліпеня гэтага году пакеты акцыяў “Міжгандальбанку” ў розных уладальнікаў, у прыватнасьці ў Нацыянальнага банку і ў Беларускага мэталюргічнага заводу, будуць выкупленыя цалкам.

Паводле зьвестак “Інтэрфаксу”, “Міжгандальбанк” займае памерамі актываў 10 месца з 28 беларускіх банкаў.

Нядаўна “Банк Грузіі” набыў блякуючы пакет на 70% “Народнага банку Беларусі” за 34 мільёны даляраў. “Банк Грузіі” мае права на працягу трох гадоў набыць рэшту – 30% акцыяў беларускага банку.

Учора старшыня Нацыянальнага банку Пётар Пракаповіч паведаміў, што праз тры-чатыры месяцы нямецкаму “Commerzbank” будзе прададзены “Белынвэстбанк”, які ўваходзіць у пяцёрку найбольшых банкаў краіны. Пракаповіч паведаміў таксама, што да канца году плянуецца прадаць таксама і “Белпрамбудбанк”.

Старшыня Нацыянальнага банку таксама паведаміў пра пляны залучыць інвэстараў у 6 банкаў краіны, ён ня выключыў продажу замежным інвэстарам вялікіх пакетаў акцыяў найбольшага ў краіне “Беларусбанку” і “Белаграпрамбанку”, які паводле ацэнкі фінансавага часопісу “Global Finance” другі год запар стаў найлепшым банкам Беларусі.

Раней прададзеныя беларускія вытворчыя і фінансавыя актывы працягваюць пераходзіць з рук у рукі.

Летась аўстрыйская кампанія “Telekom Austria” набыла 70% беларускага апэратара сотавай сувязі “Velcom”. Цяпер гэтыя акцыі хочуць купіць у аўстрыйскай кампаніі гранды ўсясьветных сыстэмаў мабільнай сувязі “Vodafone” і “Telefonica”, а таксама ўласьнік расейскага апэратара мабільнай сувязі МТС кампанія “Сыстэма”. Паводле ацэнак экспэртаў, найбольшыя шанцы на куплю маюць менавіта расейцы. “Сыстэма” валодае ў Беларусі сеткай мабільнай сувязі МТС. Калі яна атрымае кантроль і над “Velcom”, то зможа, паводле выразу расейскіх фінансавых аналітыкаў, “пазьбегчы цэнавых войнаў”. У перакладзе на простую мову гэта азначае зьніжэньне канкурэнтнасьці рынку мабільнай сувязі ў Беларусі і манапольную ўладу на ім расейскай “Сыстэмы”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG