Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Новыя рэкамэндацыі мытнікаў — шлягбаўм для прадпрымальнікаў”


Сёньня на мытных пераходах паўднёвай мяжы Беларусі — зацішак. Адмененыя практычна ўсе раней заплянаваныя транспартныя караваны на гуртовы рынак ва ўкраінскім горадзе Хмяльніцкім.

Старшыня берасьцейскай рэгіянальнай арганізацыі грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Віктар Чайкоўскі заяўляе, што новыя рэкамэндацыі мытнікаў — гэта шлягбаўм для прадпрымальнікаў. Са словаў суразмоўцы, ужо больш як 50 мясцовых прадпрымальнікаў адклікалі свае заяўкі на транспарт у найбліжэйшыя выходныя, каб закупляць тавар у Хмяльніцкім:

“І ўжо сёньня, як я ведаю, паездак не было. Людзі цяпер усяго баяцца. І ня ведаюць, што будзе заўтра на той мяжы”.

Пра разгубленасьць сярод прыватных гандляроў у Салігорску кажа і тамтэйшы прадпрымальнік Аляксандар Цацура:

“Атрымліваецца, што людзі ня змогуць прывозіць тавар, асабліва з Украіны. Таму цяпер гандлююць астаткамі. Вось і мая дачка так робіць. Распрадае тавар, дапрацоўвае, зьбіраецца зьяжджаць”.

Зьвяртаюся ў Дзяржаўны мытны камітэт. Гутару з апэратыўным дзяжурным. Перадусім цікаўлюся, што новага прынёс мытнікам першы дзень пільнейшага кантролю?

“Ніхто мне не тэлефанаваў. Ніводзін чалавек. Вы — першы. Я на працы і ня маю ніякага права даваць камэнтар”.

Дзяжурны, аднак, тлумачыць, што сёньня ўсе адказныя супрацоўнікі мытнага камітэту накіраваныя на пункты памежнага пераходу. Кантралююць сытуацыю. Спадзяюцца, што новыя правілы перамяшчэньня тавараў ліквідуюць так званыя “шэрыя” схемы.

Абмяркоўваем сытуацыю на памежным пераходзе “Макраны”. Мой суразмоўца — супрацоўнік мытні:

“Я — Мікалай Фёдаравіч”.

Пытаюся пра сытуацыю на пераходзе:

“Практычна пусты пераход. Раней тут былі чэргі вялікія. А цяпер прадпрымальнікі баяцца ехаць, бо дарэмна. Яны былі ў Хмяльніцкім тыдзень таму. У кампутар жа занесеныя ўсе зьвесткі пра гэта. Цяпер практычна няма выгады ехаць”.

Новыя правілы прадугледжваюць, што жыхары Беларусі, якія вяртаюцца з-за мяжы часьцей як адзін раз у тыдзень, могуць увезьці толькі адну адзінку найменьня тавару — адны джынсы, ці, напрыклад, адны шкарпэткі, альбо адны трусы. Пра гэта “Свабодзе” заявіў супрацоўнік Дзяржаўнага мытнага камітэту Ўладзімер Пехцераў. Патлумачыць абмежаваньне чыноўнік адмовіўся:

“Зразумейце правільна — у нас такія ж прынцыпы, як ў амэрыканскай арміі: капрал, сяржант і нават генэрал ня маюць права на зносіны з прэсай без дазволу начальства, безь яго санкцыі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG