Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правілы выбараў застануцца старымі?


Кіраўніца ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына

Кіраўніца ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына

Палата прадстаўнікоў ня будзе зьмяняць выбарчага заканадаўства. Пра гэта “Свабодзе” сёньня паведаміў старшыня Нацыянальнага выканаўчага камітэту (ценевага ўраду) Беларусі Анатоль Лябедзька.

Нацыянальны выканаўчы камітэт больш за месяц таму накіраваў на імя старшыні Палаты прадстаўнікоў Вадзіма Папова прапановы адносна зьменаў у Выбарчым кодэксе. І вось прыйшоў адказ за подпісам намесьніка старшыні камісіі ў пытаньнях дзяржаўнага будаўніцтва, мясцовага самакіраваньня і рэглямэнту Івана Семянені. Сутнасьць адказу: Палата ня будзе гэтым займацца, — паведаміў Анатоль Лябедзька.

Днём раней Цэнтравыбаркам Беларусі таксама фактычна адмовіў апазыцыйным палітыкам у іх прапановах адносна практыкі выкарыстаньня выбарчага заканадаўства. Старшыня Нацыянальнага выканаўчага камітэту камэнтуе:

“Гэтыя адказы ў той ці іншай ступені — лякмусавая папера. Таму што былі зробленыя спробы зьмяніць як само заканадаўства, так і практыку яго ўжываньня. І ў абодвух выпадках мы атрымалі адзін і той жа адказ, які ўкладаецца ў фармат аднаго слова — “не”. Для нас вельмі важна было атрымаць гэтыя адказы менавіта цяпер, каб скарэктаваць стратэгію і тактыку выбарчай кампаніі. Калі няма зьменаў заканадаўства, гэта азначае, што дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў будуць не выбіраць, а прызначаць”.

Палітоляг Уладзімер Роўда лічыць: такія адказы ўладных структураў — рэакцыя на памылковую стратэгію дэмакратычных сілаў. Яна скіраваная, падкрэсьлівае палітоляг, на дыялёг з уладай:

“А гэтыя ўлады разумеюць выключна ціск. Толькі вулічная мабілізацыя, толькі праца з насельніцтвам, калі зь ім размаўляюць на зразумелай мове, калі вылучаюцца сацыяльна-эканамічныя патрабаваньні, можа прынесьці посьпех. Калі апазыцыя своечасова выступае супраць захадаў рэжыму па скасаваньні льготаў. І калі да простых людзей даводзіцца вельмі простая думка, што менавіта апазыцыя абараняе іх эканамічныя і сацыяльныя інтарэсы. Толькі так можна ўздымаць людзей на акцыі пратэсту”.

Цяпер жа акцыі пратэсту ператварыліся ў “сьмешную справу”, лічыць палітоляг Уладзімер Роўда:

“І ўлады гэта зразумелі, што асабліва выразна паказаў апошні “Чарнобыльскі шлях”. Яны не перашкаджаюць — няхай сабе апазыцыя гуляе ў бок Бангалору з кветкамі, сьцягамі, барабанамі... Бо такія акцыі абсалютна людзей не хвалююць.

Таму цяпер, я думаю, трэба не адкідаць цалкам стратэгію, а ўзяць зь яе пазытыўны момант. А гэта — удзел у выбарчай кампаніі. Трэба ўзгоднена даводзіць справу да дня галасаваньня. І калектыўна здымаць сваіх кандыдатаў. Бо ўсё астатняе — гэта фарс. І мы гэты фарс бачылі ўжо не аднойчы”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG