Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада ЗША ў Менску не зьмяняе сваіх плянаў


Прэсавы сакратар МЗС Беларусі сёньня заявіў, што адкліканыя са Злучаных Штатаў беларускія дыпляматы будуць працаўладкаваныя ў Міністэрстве замежных справаў. Тым часам у амбасадзе ЗША паведамілі, што стараюцца рабіць захады і праводзіць імпрэзы, заплянаваныя яшчэ да дыпляматычнага канфлікту.

У амбасадзе ЗША ў Менску пасьля высылкі зь Беларусі 10 яе супрацоўнікаў, абвешчаных пэрсонамі нон-грата, застаюцца чатыры дыпляматы. Паводле інфармацыі з амбасады, там па-ранейшаму не прымаюць візавых зваротаў беларускіх грамадзян, але стараюцца выконваць свае ранейшыя пляны. У прыватнасьці, на 29 траўня рыхтуецца выступ у Менску амэрыканскага джазавага гурту. На 16 траўня прызначаная онлайн-канфэрэнцыя часовага паверанага ў справах ЗША ў Менску Джонатана Мура на інтэрнэт-сайце газэты “Комсомольская правда в Белоруссии”.

У амбасадзе Беларусі ў Вашынгтоне і ў консульстве ў Нью-Ёрку засталіся 6 дыпляматаў. 11 беларускіх дыпляматаў пакінулі ЗША і вярнуліся ў Беларусь. Пра тое, чым яны займаюцца, сёньня сказаў прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў:

“Яна застаюцца супрацоўнікамі Міністэрства замежных справаў. Таму хвалявацца за іх лёс ня трэба. Яны — каштоўныя для нашай сыстэмы людзі. І яны будуць абавязкова ўладкаваныя на працы ў Міністэрстве замежных справаў”.

У інтэрвію агенцтву Reuters у мінулы аўторак Аляксандар Лукашэнка заявіў: “Калі амэрыканцы хочуць мець тут 20, 30 або 50 дыпляматаў — калі ласка, але калі з намі размаўляць з пазыцыі сілы, — такія дыпляматы нам не патрэбныя. Хочуць бачыць у нас незалежную і сувэрэнную дзяржаву — мы душу і краіну для іх адкрыем”.

Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў не выключае, што гэткімі словамі беларускае кіраўніцтва спрабуе па магчымасьці залагодзіць дыпляматычны канфлікт з Вашынгтонам:

“Нягледзячы на жорсткія заявы з аднаго боку, з другога боку там былі ўсё ж намёкі наконт пацяпленьня адносінаў”.

Андрэй Фёдараў нагадаў, што на піку амэрыканска-беларускага дыпляматычнага крызысу крыніцы ў Дзярждэпартамэнце назвалі дату 16 траўня як час, да якога могуць быць высланыя астатнія супрацоўнікі вашынгтонскай амбасады і нью-ёркскага консульства Беларусі. Пазьней адбыліся двухбаковыя кансультацыі, і гэтая пагроза застаецца нерэалізаванай.

“Калі сапраўды ніякіх новых жорсткіх крокаў ня будзе, дык, значыць, пра штосьці дамовіліся. Але наконт гэтага трэба гаварыць вельмі асьцярожна... Так, дрэннае становішча, безумоўна, але сказаць, што гэта ўжо зусім глухі тупік, нельга. Гэта ня так. І ўсё, як звычайна, будзе залежаць ад беларускіх стасункаў з Масквою. Магчыма, беларускія ўлады чакалі, што ўсё ж Масква нейкім чынам падтрымае галоўнага хаўрусьніка. Пакуль гэтага не відаць, таму яны, магчыма, крыху асаджваюць назад”.

Ціск беларускіх уладаў на амэрыканскую амбасаду пачаўся два месяцы таму, калі ў адказ на эканамічныя санкцыі ЗША супраць канцэрну “Белнафтахім” беларускія ўлады запатрабавалі ад’езду амбасадаркі Карэн Ст’юарт. Сваімі санкцыямі Злучаныя Штаты дамагаліся вызваленьня ўсіх беларускіх палітвязьняў. У ходзе эскаляцыі канфлікту МЗС Беларусі запатрабаваў, каб ЗША скарацілі штат сваёй амбасады ўдвая, а пазьней — каб у Менску засталося ўсяго 6 амэрыканскіх дыпляматаў. ЗША назвалі гэты ціск беспадстаўным і неабгрунтаваным і выступілі з пагрозамі зрабіць у адказ адпаведныя захады. У тым ліку — пашырыць эканамічныя санкцыі супраць Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG