Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея будзе будаваць другую чаргу Балтыйскай трубаправоднай сыстэмы БТС-2 — ад Унечы (Бранская вобласьць) да Усьць-Лугі (Ленінградзкая вобласьць) з адгалінаваньнем да Кірыскага нафтаперапрацоўчага заводу.


Расейскі прэм’ер Уладзімір Пуцін заявіў, што найбольш эканамічна прывабны і экалягічна бясьпечны варыянт — пракладаньне трубаправоду да Усць-Лугі. На Балтыцы мяркуецца збудаваць тэрмінал, а праблемаў з загрузкай БТС-2 ня будзе. Пуцін сказаў, што ўжо меў размову з прэзыдэнтам Казахстану, і казаскія калегі маюць тут зацікаўленасьць.
Цэны на нафту дазваляюць Расеі ажыцьцяўляць не эканамічныя, а палітызаваныя праекты


Паводле аналітыка расейскага агенцтва RusEnergy Міхаіла Круціхіна, намеры расейскага боку вельмі сур’ёзныя:

“Вялізныя цэны на нафту дазваляюць Расеі ажыцьцяўляць зусім не эканамічныя, а наскрозь палітызаваныя праекты. Гэты трубаправод, які паварочвае ад мяжы Беларусі і вяртаецца фактычна назад, заходзячы да берагоў Балтыкі. Паводле схемаў, якія я маю, у Беларусь будзе пастаўляцца ад 18 да 20 мільёнаў тон нафты ў год па старых трубах, каб забясьпечыць два беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, дзе ёсьць і інтарэсы расейскіх кампаній. На гэтым кропка. Усё астатняе будзе перакрыта”.

Спадар Круціхін нагадаў, што пастаўкі нафты ў краіны Балтыі праз “Дружбу” ўжо спыненыя.

Нафтаправод БТС-2 у абыход Беларусі

Ідэя будаўніцтва БТС-2, альтэрнатывы “Дружбе”, узьнікла падчас беларуска-расейскага нафтавага канфлікту на пачатку мінулага году. Тады Беларусь на некалькі дзён перакрыла транзыт расейскай нафты праз “Дружбу” ў Эўропу
Трэба забыцца пра ўсе размовы, што мы транзытная краіна
.

Камэнтуючы днямі магчымае далучэньне Эўразьвязу да амэрыканскіх санкцыяў, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію Reuters параіў Эўропе не забывацца, што празь Беларусь ідзе палова нафты, палова нафтапрадуктаў і 30% газу. Паводле Лукашэнкі, сваімі дзеяньнямі адносна Беларусі Захад спрабуе разбурыць мост, па якім цякуць нафтавая і газавая плыні.

Адносна праекту БТС-2, кіраўнік цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка сказаў:

“Трэба забыцца пра ўсе размовы, што мы транзытная краіна, што ў нас зручнае геаграфічнае становішча, што мы мост. Мы — ня мост, мы проста пад мостам сядзім. Беларусі трэба пазбаўляцца ад сындрому заробку грошай за кошт перапампоўваньня расейскай нафты ці газу і займацца сваёй інавацыйнай эканомікай. Цікава, што Пуцін увогуле не абмяркоўвае праблемы Беларусі. Расейскае кіраўніцтва ў гэтым выпадку Беларусь не цікавіць. Гэта паказчык рэальнага стаўленьня да кіраўніцтва Беларусі”.

Будаўніцтва БТС-2 лабіруюць як новы кіраўнік кампаніі “Транснефть”, так і прэм’ер Пуцін.


Паводле кіраўніка цэнтру Мізэса Яраслава Раманчука, Расея дэманструе, што без палітычных саступак ня будзе датаваць беларускую эканоміку пасьля 2011 году. І гэта сьведчыць пра пераход на больш жорсткія ўмовы. Таму ўжо ў 2009 годзе Беларусь можа мець цану на газ 200 даляраў і іншыя, чым цяпер, умовы па нафце.

“Калі страціць плату за транзыт за 80—100 мільёнаў тон — гэта такі будзе балючы ўдар па нашай эканоміцы, па геапалітычным становішчы. Калі ўлічыць, што фірмы, якія экспартуюць нафту з Расеі — гэта фірмы, якія кантралююцца сябрамі Пуціна, якія таксама ня могуць дамовіцца зь Беларусьсю, то гэта пазыцыя вельмі сур’ёзная. Усе тыя абяцанкі-цацанкі, якія раздаваў Лукашэнка, павінны матэрыялізавацца. Альбо ён саступіць Захаду — і ў нас будзе дэмакратычная краіна, альбо ён саступіць Расеі — і зьявіцца пагроза нашай незалежнасьці”.

14 траўня у тэлефоннай размове Аляксандра Лукашэнка і Віктар Юшчанка абмеркавалі супрацоўніцтва краінаў ў паліўна-энэргетычнай сфэры, паведамляе прэсавая служба беларускага прэзыдэнта. “Бакі дамовіліся аднавіць энэргетычны дыялёг па важных для абодвух бакоў пытаньняў, разгледзілі тэмы транзыту электраэнэргіі і праз беларускую тэрыторыю і альтэрнатыўныя пастаўкі нафты”, - гаворыцца з паведамленьні БелТА.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG