Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 15 траўня, чацьвер.


Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: +375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


Заява Аляксандра Лукашэнкі пра намер балятавацца на чацьвёрты прэзыдэнцкі тэрмін — адна з тэмаў, якія абмяркоўваюць слухачы Свабоды. Тэлефанаваньні на гэтую і іншыя тэмы:

Спадар: “Я рэзка адмоўна стаўлюся да намераў нашага прэзыдэнта балятавацца на чацьвёрты тэрмін. Калі ён нарэшце зразумее, што народу надакучыла яго бачыць на гэтай пасадзе?!”

Спадарыня: “Як апазыцыя аплаквае амэрыканскіх дыпляматаў! Гэта ж трэба падумаць! А чаму гэта нашыя 50 чалавек ня могуць там быць? Таму што ім трэба па вуліцы хадзіць і займацца рознымі справамі супраць Беларусі! Слушна зрабіў, што выслаў. Малайчына Лукашэнка! І мы яго будзем абіраць пажыцьцёва, таму што ён рабацяга!”

Спадар: “Прэзыдэнт казаў, што запусьцілі папяровую фабрыку ў горадзе Шклове. Спытаўся ў мясцовых, ці працуе? Адзін кажа: ды стаіць колам. Каб пусьціць пыл у вочы, завезьлі некалькі рулёнаў з Расеі, і ўсё. Вось так вось”.

Спадар: “Нядаўна ў сваім выступе наш правадыр назваў новаабранага прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева “Медзьвядзёвым”. Лічу, што зрабіў ён гэта асэнсавана. Відаць, для помсты за тое, што першы візыт Мядзьведзева прымеркаваны не ў Беларусь, а ў Казахстан і Кітай”.

Спадар Курневіч, Барысаў: “Прэзыдэнт усюды кажа: “Мы ідзем сваім шляхам”. Што там за шлях, нам трэба ведаць, і як яго нам называць: дэмакратычны, камуністычны, а можа, на той сьвет? Калі дэмакратычным ён пайшоў, Ганчара, Завадзкага, Захаранку, Красоўскага — усіх патрэбна, каб ён знайшоў. Казуліна, Парсюкевіча ды Кіма вызваліць. Тады з Амэрыкай і Эўропай станем лепей жыць. Калі камуністычным шляхам пойдзем, мы нічога новага ня знойдзем. Мы гэта праходзілі. А калі замест ГЭС пабудуем мы АЭС, можам столькі наглытацца гора — суцэльнае мора”.

Спадарыня: “Заявы “такую апазыцыю народ не падтрымае” — ад таго, што трон хістаецца, хоць і прынц-спадкаемца названы. Можа, хопіць прыкрывацца словам “народ”?! Народ цяпер зьбірае на адаптацыю калгасам, плацячы за лічыльнікі на ваду амаль па 50 даляраў за кожны і за іржавыя трубы ў кватэрах. І ўсё ж хацелася б пачуць эканаміста: чаму ўрад заяўляе пра дасягненьні, а на продаж расейскаму капіталу рыхтуюць нас?”


На пытаньне адказвае эканаміст Міхась Залескі:

“Людзі не авечкі, і яны адчуваюць розьніцу паміж тым, што робіцца ў нас і што робіцца ў суседзяў. У параўнаньні з суседнімі краінамі ў нас заробкі меншыя, а кошты такія ж альбо нават і вышэйшыя. Гэта людзям незразумела, а адказ вельмі просты: мы працягваем будаваць камунізм. У нас засталася цэнтралізаваная дзяржаўная эканоміка, а яна дазваляе цэнтралізавана разьмяркоўваць рэсурсы і скарачаць аб’ём спажываньня хатніх гаспадарак”.

Сьвяткаваньне ў Беларусі Дня Перамогі — яшчэ адна тэма, якую камэнтуюць нашыя слухачы.

Мікола Канаховіч, Пружаны: “Адгрымелі паказушныя фанфары, іншы раз даходзячы аж да гістэрыі, прысьвечаныя заканчэньню Другой Сусьветнай вайны 9 траўня. Толькі вось застаўся неразгаданым рэбус: чаму пры праклятых фашыстоўскіх захопніках на Беларусі было адчынена каля 5 тысяч беларускамоўных школ. Гэта гістарычны неаспрэчны факт. А ў незалежнай вольнай Беларусі беларускіх школ амаль ужо не засталося. Ёсьць мова — ёсьць народ. Няма мовы — няма народа. Таму пытаньне рубам: дык хто ж акупант, вынішчальнік беларускага народа?”


На пытаньне адказвае старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:

“Калі палічыць колькасьць беларускіх школ у Беларусі, то іх значна больш, чым пяць тысяч. Іншая рэч, што гэта школы вясковыя і малакамплектныя. Ня трэба ідэалізаваць і фашыстоўскую акупацыю: беларускія школы былі толькі ў цэнтральнай частцы Беларусі. А на ўсходзе Беларусі школ увогуле ніякіх не было. Усё залежыць ад нас саміх. І добра было б, каб спадар Канаховіч знайшоў у Пружанах хаця б чалавек 10—15 маладых бацькоў і дапамог бы ім стварыць беларускамоўны кляс. Гэткім чынам ён і спрычыніўся б да беларусізацыі родных Пружанаў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG