Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 15 траўня на мяжы ўзмацніўся кантроль за перамяшчэньнем фізычнымі асобамі тавараў для асабістага ўжытку.

Старшыня Берасьцейскага рэгіянальнага аддзяленьня грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Віктар Чайкоўскі паведаміў, што плянаваныя раней паездкі мясцовых прадпрымальнікаў на гуртовы рынак у Хмяльніцкім давялося адмяніць.
Гандляры запалоханыя ўзмацненьнем кантролю

“Гандляры запалоханыя ўзмацненьнем кантролю за перамяшчэньнем тавараў празь мяжу фізычнымі асобамі, — кажа спадар Чайкоўскі. — Паводле новых мэтадычных рэкамэндацый Дзяржаўнага мытнага камітэту, правілы ўвозу тавараў зьмяняюцца радыкальна. У прыватнасьці, калі фізычная асоба перасякае дзяржаўную мяжу часьцей як адзін раз на тыдзень, то яна можа ўвезьці ня больш як адну адзінку аднаго найменьня тавару”.

Пра новыя забароны, кажа спадар Чайкоўскі, шмат сёньня гавораць на рынках у Берасьці. Людзі згадваюць пра “жалезную заслону” часоў СССР.

“Аднак цяпер сытуацыя значна больш напружаная, — адзначае Віктар Чайкоўскі, — у абласным цэнтры паралізаванай застаецца вытворчасьць на былых гігантах — дывановым камбінаце, электралямпавым і электрамэханічным заводах, заводзе мэталічных вырабаў і іншых. Больш за 40 тысяч жыхароў Берасьця так ці інакш далучыліся да дробнага бізнэсу. Цяпер гэтыя людзі ў разгубленасьці. Магчымы сацыяльны выбух”.

Супрацоўнік памежнага пераходу “Макраны”, які адказаў на тэлефанаваньне карэспандэнта “Свабоды”, пацьвердзіў, што на беларуска-ўкраінскай мяжы “сёньня амаль пуста”.
Чаўнакоў” сёньня няма зусім

“Чаўнакоў” сёньня няма зусім”, — адзначыў суразмоўца.


Горадня - Кузьніца: ізноў амаль парожнія цягнікі

Некалькі хвілінаў таму на гарадзенскім чыгуначным вакзале абвясьцілі аб прыбыцьці цягніка з Кузьніцы Беластоцкай. Бачу, з мытні выходзяць усяго некалькі чалавек. Яны відавочна не падобныя да тых, хто штодня раней перавозіў тавар.

Зьвяртаюся да аднае жанчыны і пытаюся, як зьмяніўся кантроль на мяжы. Яна кажа, што прыехалі некалькі чалавек, у якіх не было чаго правяраць.

Спадарыня: “Відаць, што людзі перастануць езьдзіць, нявыгадна будзе. Раней трошкі зараблялі на тавары, а цяпер ужо гэтага ня будзе”.

Карэспандэнт: “А вы часта езьдзілі па тавар?”

Спадарыня: “Ня вельмі часта, раз на тыдзень, у мяне папросту муж — паляк”.
Людзі перастануць езьдзіць, нявыгадна будзе

Каля мытнага ўваходу стаяць некалькі мужчынаў. Аказваецца, прыйшлі пацікавіцца, як надглядае мытня прыежджых. Пытаюся, што далей будзе, на іх думку, з памежным бізнэсам.

Першы спадар: “Думаю, што ўжо нічога ня будзе. Тут ужо й сабе нічога не прывязеш, ня тое што на продаж”.

Другі спадар: “А што будзе? Ды нічога ня будзе. Думаю, што напачатку людзі ня стануць езьдзіць, трошкі агледзяцца, напэўна. Ну бо а як жыць тады?..”

Я цытую спадарам радкі зь дзяржаўнай газэты, дзе гаворыцца, што ўвоз тавару прыватнымі асобамі па некалькі разоў на дзень наносіць эканамічную шкоду дзяржаве...

Спадар: “Я лекарам працую за 300 рублёў. А Польшча карміла, бо за 300 рублёў не пражывеш, калі толькі за кватэру трэба сотню заплаціць. І што застаецца — на хлеб, малако, а трэба ж лекі набыць. Дый не было ў нас таго прыбытку, людзі толькі мелі падзаробак на жыцьцё”.
Я лекарам працую за 300 рублёў. А Польшча карміла

Другі спадар: “Па вялікім рахунку, на працы атрымлівалі па 200-300 даляраў максымум, і ўсё. А паспрабуй нешта сказаць, дык цябе адразу: цыц — і пад лаўку...”

Гляджу, што на мытню ўвайшлі таксама толькі некалькі чалавек. Перад уваходам вісяць новыя правілы, толькі па-расейску.

Чытаю, што ў адпаведнасьці з новымі правіламі, калі вы езьдзіце за мяжу, напрыклад, раз на два месяцы, то можна ўвезьці на тэрыторыю Беларусі ня больш як тры аднолькавыя рэчы і агулам ня больш як 10 відаў тавараў. Але калі езьдзіце часьцей, чым раз на тыдзень, то толькі адну адзінку аднаго тавару.

Частату вашых падарожжаў мытнікі будуць вывучаць па пячатках у пашпарце. Прымаючы рашэньне аб прызначэньні тавараў, будуць улічваць таксама склад сям'і, месца працы або яго адсутнасьць, месца жыхарства, блізкасьць месца жыхарства да мяжы, іншыя акалічнасьці.

А тым часам абвяшчаюць пасадку на цягнік да Кузьніцы. Бачу, што ў вагонах сёньня будзе шмат вольных месцаў.


Экзамэн на мяжы: колькі, чаго, як часта


Паводле прадстаўніка мытнага камітэту, дзяржава зьбіраецца кантраляваць злоўжываньні і зрабіць нявыгадным увоз тавараў з камэрцыйнымі мэтамі.

На гарадзенскай рэгіянальнай мытні патлумачылі, што кантроль павялічваецца з той прычыны, што пад выглядам асабістай маёмасьці ўвозіцца тавар для камэрцыйнай дзейнасьці. Пры гэтым ня сплачваюцца падаткі. Мытнікі не выключаюць, што цяпер грамадзянам давядзецца больш часу праводзіць на мяжы, пакуль будзе вывучацца інфармацыя пра мэты перамяшчэньня, яго частату і колькасьць тавару. Нават калі грамадзянін будзе весьці запалкі, то ён мусіць прытрымлівацца новых нормаў перавозу празь мяжу. А як будуць караць парушальнікаў? Намесьніца начальніка аддзелу арганізацыі мытнага кантролю сказала:

“Гэта ня карная, а чыста папераджальная мера. Будзе прапаноўвацца вярнуцца і пакінуць тавар. Калі чалавек займаецца камэрцыйнай дзейнасьцю, няхай адпаведна і аформіць. Гэта будзе затрымлівацца. Каб сам чалавек распарадзіўся за межамі Рэспублікі Беларусь”.

Узмоцнены кантроль будзе на ўсім эўрапейскім кірунку, у тым ліку на мяжы з Украінай. Акрамя Расеі, зь якой Беларусь мае агульную мытную прастору. Прадпрымальнік Сяргей гандлюе дублёнкамі. Ён ужо падлічыў, што ў выніку новых правілаў дублёнкі падаражэюць мінімум на 150 даляраў. Імпартныя тавары працэнтаў на 40-50 падаражэюць.
Гэта ня карная, а чыста папераджальная мера

“Зачынілі проста Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі. Асноўны тавар насамрэч ідзе адтуль. Кітай і Турцыя ідзе з Расеі, тут не перакрылі. Перакрылі поўнасьцю Эўразьвяз. Імпартныя тавары працэнтаў на 40-50 падаражэюць. З Расеі вязі спакойна, праблем няма. А адтуль чамусьці нельга”.

Якое ж выйсьце з такой сытуацыі? Спадар Сяргей кажа:

“Давядзецца іначай рабіць. Давядзецца карміць Украіну і Расею. Я, натуральна, паеду на Ўкраіну і Расею, а потым буду везьці на Беларусь. Я ўсё роўна павязу. Усё роўна не павязу так, як яны хочуць. Але проста я буду плаціць і ва Ўкраіне, і ў Расеі, і ўвозіць у Беларусь”.


Лідэр аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка кажа, што новыя мытныя парадкі найперш накіраваныя супраць дробных прадпрымальнікаў, якія ня маюць магчымасьці атрымаць дакумэнты на дробныя партыі тавару. Улады не пайшлі на тое, каб улічыць іх прапановы.

“У гэтым выпадку дзяржава абараняе свае інтарэсы, свае дзяржаўныя прадпрыемствы. Але яны будуць супярэчыць інтарэсам беларускіх грамадзянаў — ня толькі простых пакупнікоў, але і прадпрымальнікаў. І калі ўводзіцца такая сыстэма, калі мытнік будзе вызначаць дзе для камэрцыйнай справы, а дзе для асабістага ўжытку, то гэта яшчэ больш будзе разьвіваць карупцыю. А прадпрымальнікі будуць больш разьвіваць шэрыя схемы. І гэта ня выйсьце. Бо мы не аднойчы прапанавалі дзяржаве, каб былі створаныя ўмовы ўвозу тавараў, якія б адпавядалі інтарэсам абодвух бакоў, каб прадпрымальніку ня трэба было даваць хабар. Але дзяржава пайшла па іншым шляху. Гэта таксама сьведчыць пра тое, што ўмовы рынкавых адносінаў у суседніх краінах лепшыя, чым у нас”.

У адпаведнасьці з новымі правіламі, калі вы езьдзіце за мяжу, напрыклад, раз на два месяцы, то можна ўвезьці на тэрыторыю Беларусі ня больш як тры аднолькавыя рэчы і цалкам ня больш як 10 відаў тавараў. Але калі езьдзіце часьцей чым раз на тыдзень, то толькі адну адзінку аднаго тавару. Частату вашых падарожжаў мытнікі будуць вывучаць па пячатках ў пашпарце. Пры прыняцьці рашэння аб прызначэньні тавараў будуць улічваць таксама склад сям’і, месца працы ці яго адсутнасць, месца жыхарства, блізкасць месца жыхарства да мяжы, іншыя акалічнасці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG