Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай і М’янма: бедзтвы як люстэрка палітычных сыстэм


Сотні тысяч людзей пацярпелі ад урагану ў М'янме
Сотні тысяч людзей пацярпелі ад урагану ў М'янме

Апошнія гуманітарныя катастрофы ў Кітаі і М’янме (былой Бірме) зноў дэманструюць розьніцу паміж словамі ўсенародна любімых дыктатараў і справай, калі гінуць ці рызыкуюць захварэць людзі.


Колькасьць загіблых у выніку землятрусу ў Кітаі пастаянна расьце. Цяжка назваць канчатковую колькасьць. Сотні тысяч чалавек застаюцца на вуліцах, бо ім няма куды ісьці.

Урад Кітаю імкнецца паказаць, што робіцца ўсё дзеля таго, каб уратаваць сытуацыю. Але заходні друк ставіць пытаньні: ці праўда, што спэцыялісты папярэджвалі аб магчымым землятрусе, чаму столькі будынкаў абвалілася, што рабіць і як дапамагчы людзям? Няўжо дзеля іміджу напярэдадні Алімпіяды Пэкін хоча схаваць праўду коштам жыцьцяў людзей? Многія краіны сьвету, у тым ліку краіны Эўрасаюзу, ЗША, Брытанія, Тайвань, Паўднёвая Карэя, Японія, выказалі гатоўнасьць дапамагчы Кітаю, і Пэкін абвясьціў, што з удзячнасьцю такую дапамогу прыме.

Італьянская “La Repubblica” зьвяртае ўвагу, што кітайскія СМІ робяць выгляд, што нічога не хаваюць ад грамадзкасьці, а з тэлеэкранаў гучаць аптымістычныя заявы кіраўніцтва КНР, ідуць рэпартажы аб працы ў зоне бедзтва, дзе апэрацыяй ратаваньня кіруе сакратар Дзяржаўнай Рады Вэнь Цзябао. А "тыя, хто будзе распаўсюджваць тэндэнцыйныя чуткі для сабатажу працаў, будуць карацца самым жорсткім чынам." Забаронена як казаць аб тым, што сярод разбураных будынкаў – самыя сучасныя, так і пра тое, што маглі пацярпець хімічныя прадпрыемствы. Так у 1986 годзе ўлады спачатку некалькі дзён маўчалі аб самім факце аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, а пасьля замоўчвалі і, магчыма, замоўчваюць наступствы катастрофы цяпер.

Брытанская “The Times” крытычна камэнтуе інфармацыю пра тое, што ўлады Кітаю былі папярэджаныя пра катастрофу, але нічога не зрабілі. На думку выданьня, гэта ўсяго толькі спроба знайсьці вінаватых. Кітай прымае міжнародную дапамогу, але адмаўляецца ад міжнародных ратаўнікоў, каб скрыць маштабы таго, што адбылося. Але нават зробленыя крокі ўжо нешта ў параўнаньні з М'янмай.

У М'янме працягваецца гуматітарны крызіс. Улады кажуць, што ў выніку ўрагану “Нагрыс”, які абрынуўся на краіну 2 сакавіка, больш за 34 тысячы чалавек загінулі, і амаль 287 тысяч дагэтуль лічацца зьніклымі. Сытуацыя пагаршаецца, але вайсковы рэжым працягла не хацеў дапускаць замежных спэцыялістаў у краіну. На сёньняшні дзень ААН накіравала ў пацярпелыя раёны 426 тон харчоў, прадукты раздадзеныя сярод 75-ці тысяч, але сувязь з урадам усё адно ўскладненая, праз што церпяць тысячы людзей.

Гаворыць жанчына з пацярпелага раёну М'янмы: "Многія людзі тут параненыя, але яны нават не атрымалі ніякай мэдычнай дапамогі. Але цяпер улады кажуць згарнуць гэты лягер і вяртацца ў нашую вёску. Але нам няма дзе жыць". Іншая жанчына ў інтэрвію Тэлеканалу "Дэмакратычны голас Бірмы" гаворыць, што баіцца, што ўлады не дапусьцяць у краіну нават прыватнай дапамогі.

Варта прыгадаць і Паўночную Карэю, дзе ў сярэдзіне 1990-х плянавая эканоміка прывяла да голаду, калі памерлі мільёны людзей. Тады Кім Чэн Ір заявіў, што пагроза з боку ЗША прымусіла яго засяродзіцца на вырашэньні вайсковых пытаньняў.

І прыклад з эўрапейскага кантынэнту. Калі замежная гуманітарная дапамога пацярпелым ад ЧАЭС людзям у Беларусі, перадусім дзецям, была ўзятая цалкам пад кантроль дзяржавы, многія міжнародныя арганізацыі перасталі супрацоўнічаць зь Беларусьсю, а сотні дзяцей ня выехалі на адпачынак у чыстыя ад радыяцыі краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG