Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: за канцэрт гурта “Lombard” – у міліцыю


Юры Істомін пасьля гутаркі ў міліцыі
Юры Істомін пасьля гутаркі ў міліцыі

Сёньня ў Горадні старшыня абласной арганізацыі АГП Юры Істомін быў выкліканы ў Ленінскі райаддзел міліцыі. На яго склалі пратакол за ўдзел у вулічным канцэрце, які міліцыянты лічаць несанкцыянаванай акцыяй.

Юрыя Істоміна выклікалі ў міліцыю пасьля таго, як учора ў памяшканьні арганізацыі АГП выступіў польскі фальклёрны гурт “Transkapela”. Міліцыянты прыехалі туды і сказалі, што канцэрт праводзіць нельга. Аднак сёньня высьветлілася, што на спадара Істоміна складзены пратакол за папярэдні канцэрт — польскага гурта “Lombard”, які сьпяваў для гарадзенцаў 2 траўня.

Сп. Істомін распавядае:

“На канцэрце “Лёмбарду” быў узьняты шэраг бел-чырвона-белых сьцягоў, у тым ліку я падымаў сьцяг на даху на вул. Будзённага, 48а. Былі прадстаўленыя доказы: фотакадры зь відэаздымкамі, і пазначаны быў час, калі я там знаходзіўся. Складзены пратакол за тое, што я ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Прычым складзены ён паводле часткі трэцяй адпаведнага артыкулу, бо гэта ў мяне “паўторнасьць”: два месяцы таму я прыцягваўся да адказнасьці за арганізацыю прадпрымальніцкай акцыі ў горадзе, я тады адседзеў трое сутак. Наконт незарэгістраванай сымболікі ўвогуле пакуль нічога не казалі, але я думаю, што ў судзе ўсплыве і будзе нібы падвойнае правапарушэньне”.

Адносна выступу “Transkapelу” міліцыянты, аказваецца, спаслаліся на пажарнікаў: маўляў, у памяшканьні партыйнай арганізацыі АГП няма запаснога выйсьця.

Сп. Істомін пракамэнтаваў гэта так:

“Што датычыць учорашняга канцэрту, які праходзіў у нашым офісе, зь мяне пакуль узялі паказаньні і сказалі, што дакумэнты будуць накіраваныя ў МНС, каб яны рэагавалі па гэтым канцэрце. Але будзе яшчэ дадзеная прававая ацэнка, бо я сказаў, што я не арганізатар канцэрту, гэта рабіла генконсульства Рэспублікі Польшча ў Горадні. І таму яны яшчэ дадуць прававую ацэнку адносна канцэрту — хто зьяўляецца арганізатарам”.

Варта нагадаць, што арганізатаркай канцэрту “Лёмбарду” міліцыянты лічаць Анжаліку Борыс, якая ўзначальвае не прызнаваны ўладамі Саюз палякаў. На яе складзены пратакол, праўда, позвы ў суд яшчэ не было, — сказалі ў Саюзе палякаў. Канцэрт “Лёмбарду” таксама названы ў міліцэйскім пратаколе “масавым несанкцыянаваным мерапрыемствам”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG