Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званкі: “Наступнаму прэзыдэнту яшчэ цяжэй разграбаць гэтыя завалы”


Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 14 траўня, сераду.


Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


У інтэрвію агенцтву “Reuters” Аляксандр Лукашэнка заявіў, што будзе балятавацца на чарговы прэзыдэнцкі тэрмін. Выказваньні на гэтую тэму:

Спадар:“Наконт выбараў 2011 году. Я думаю, у 2011 годзе ці Лукашэнка прыйдзе да ўлады чацьвёрты раз, ці новы будзе абраны прэзыдэнт, але будзе Беларусі вельмі-вельмі цяжка. Усё будзе залежаць ад Расеі — кантракт па пастаўцы газу і сусьветная цана ў 2011 годзе. Мы будзем вельмі і вельмі хварэць. І цяжка будзе Лукашэнку, а наступнаму прэзыдэнту яшчэ цяжэй разграбаць гэтыя завалы і бруд, які ўтварыўся ў прававым полі”.

Спадар: “Хутка момант выбараў у парлямэнт. Паводле ўзроўню дэмакратыі дзьве краіны стаяць побач, як А і Б — гэта Беларусь і Зымбабвэ. Іх прэзыдэнты пераплюнулі ўсе свае тэрміны. Ім да лямпачкі Канстытуцыя і дэмакратыя.”.

Слухачы “Свабоды” таксама працягваюць камэнтаваць дыпляматычны канфлікт паміж Беларусьсю і ЗША.

Спадарыня Галіна, Магілёў: “Лукашэнку не падабаюцца дэпутаты ЗША таму, што Амэрыка цісьне на яго. Але затое яму вельмі падабаецца ціснуць на грамадзянаў Беларусі. У прыватнасьці, на Аляксандра Казуліна і беларускую апазыцыю. Яму трэба асэнсаваць, хто пачаў ціснуць першым. Ціск ЗША — гэта наступства ціску рэжыму Лукашэнкі на грамадзянаў Беларусі”.

Менскі гарадзкі суд не задаволіў скаргу грамадзяніна Расеі Сяргея Астроўскага на дзеяньні супрацоўнікаў беларускай ДАІ. Спадар Астроўскі сьцьвярджае, што міліцыянты вымагалі ў яго хабар, зьбілі, а затым зьвінавацілі ў брыдкаслоўі. Тэлефанаваньне слухача:

Іван Карпавіч, Менск: “Я хачу выказацца наконт ДАІ. Мне падаецца, у ДАІ цяпер разьдзьмуты штат. Раней два інспэктары на ўвесь раён былі, а зараз, калі ідзеш каля ДАІ Ленінскага раёну, дык 30—40 машын стаіць”.

Працягваем праграму.

Фёдар Лашкевіч, в. Ліпень, Асіповіцкі р-н: “Тэлебачаньне паказала сюжэты, дзе прэзыдэнт Лукашэнка фігуруе з трохгадовым дзіцем. Для беларусаў гэта навіна. Ідзе пагалоска, што гэта яго пабочны сын. Між тым жыве ў Шклоўскім раёне жанчына, законная жонка Лукашэнкі, маці яго сыноў. Канечне, гэты сюжэт па тэлевізары яна бачыла. І можна не сумнявацца, ёй цяпер цяжка, горка, непамысна. Тут можна толькі паспачуваць. Лукашэнка ж чарговы раз паказаў, хто ён такі: дзеля падвышэньня сваёй папулярнасьці ён можа здратаваць ня тое што якогасьці апазыцыянэра, а нават роднага, блізкага чалавека”.

Спадар: “Справы дрэнь у нашага начальніка, калі ён з дапамогай чатырохгадовага дзіцяці хоча палепшыць свой імідж і пераканаць падданых, што ён будзе правіць да таго часу, пакуль ня вырасьце гэтае дзіця, якое павінна будзе стаць прэзыдэнтам. Змрочная пэрспэктыва”.

Спадар: “У любой цывілізаванай краіне разбэшчанасьць у асабістым жыцьці кіраўніка — гэта крах яго асабістага жыцьця. Але ж у краінах, дзе жыхары зь нізкай культурай, неадукаваныя, зь нізкай самасьвядомасьцю, — гэта гонар. Вось і думайце, які ўзровень нашага беларускага народа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG