Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Магдэбурская Гародня”


У Горадні рух “За Свабоду” пачаў выдаваць “Гарадзенскую бібліятэку”. Выйшла першая кніга — “Магдэбурская Гародня”. Яе аўтар, Юры Гардзееў, — гісторык, які з гораду над Нёманам пераехаў у Кракаў і плённа працуе ў польскіх архівах

Кніжная сэрыя выдаецца пад патранатам лідэра руху “За Свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, які сам займаўся гарадзенскай мінуўшчынай, выдаў “Воўчынскую гісторыю” — кніжку пра апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Юры Гардзееў піша, што Гародня (такога варыянту назвы трымаецца аўтар) “неаднаразова трапляла на старонкі мэмуарнай літаратуры ў 16 і 17 стагодзьдзях, але найбольш цікавыя назіраньні пра яе жыцьцё пакінулі падарожнікі, якія наведалі горад у 18 стагодзьдзі”. Горад часоў эканамічнага і будаўнічага ўздыму 18 стагодзьдзя якраз паказваецца найбольш падрабязна.

Каардынатар кніжнага праекту — Павал Мажэйка. Ён кажа, што патрэбу ў выданьні такой сэрыі падказалі падзеі мінулага году, калі ў Горадні былі зруйнаваныя некалькі старых камяніц, у тым ліку адна — 18 стагодзьдзя.

Мажэйка: “Мы вырашылі паказаць, што мы — горад, які мае дэмакратычныя традыцыі, і гэта горад, найпрыгажэйшы ў Беларусі. І пачалі менавіта з гэтага тому — з “Магдэбурскай Гародні”, каб засьведчыць значнасьць і важнасьць гэтага гораду. Гэтая кніга ёсьць своесаблівым шпацырам ці вандроўкай па гарадзенскіх пляцах, вуліцах і знаёмствам зь людзьмі, з асобамі.

Для нас яшчэ вельмі важная мэта — гэта, у пэўным сэнсе, інтэграцыя людзей, гарадзенцаў, якім неабыякавы лёс гораду, гістарычнай спадчыны. І каб максымальная колькасьць людзей зьвяртала ўвагу на тое, што робіцца ў горадзе, прынамсі стала цікавіцца тым, што ў горадзе зьнікаюць гістарычныя будынкі, зьмяняецца пэрспэктыва гарадзкая, забіваецца дух гістарычны, своеасаблівы гарадзенскі”.

Зьвяртае на гэта ўвагу і карэнны гарадзенец Юрась Мацко, які займаецца кавальствам. Раней ён працаваў у рэстаўрацыйных майстэрнях Горадні, дасьледаваў гістарычную забудову. Але майстэрні былі зьліквідаваныя ўладамі.

Мацко: “У нас няшмат захавалася будынкаў 18 стагодзьдзя, у асноўным усё перабудавана, ня скажаш, што чыстая архітэктура. Ясна, што шмат страчваецца, калярыт гораду губляецца. Я не пазнаю Горадню сёньня: усё нейкае прычасанае, пачынае набліжацца да Траецкага прадмесьця менскага”.

Для вядучага: У кнізе “Магдэбурская Гародня” — 383 старонкі вялікага фармату. Зь яе можна ня толькі даведацца, дзе жыў пэўны магнат ці шляхціц, але таксама — дзе былі млыны, корчмы, бровары, лазьні, могілкі і нават гарадзкая шыбеніца.

Кніжная сэрыя “Гарадзенская бібліятэка” заснавана з дапамогай гарадзкіх уладаў польскага места Ўроцлава.

На здымку: Павал Мажэйка трымае “Магдэбурскую Гародню”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG