Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На некаторыя з гучных заяваў Аляксандра Лукашэнкі ў інтэрвію агенцтву Reuters “Свабода” папрасіла адрэагаваць ягоных апанэнтаў


Лукашэнка ўчора заявіў: “Калі сытуацыя будзе такой, як зараз, і са мной асабіста, і ў краіне, то я, зразумела, буду балятавацца на чарговы тэрмін. Калі сытуацыя са мной і з краінай зьменіцца, то рашэньне можа быць іншым. Пакуль я здаровы чалавек, народ ня так ужо моцна мяне крытыкуе, і Захад пачынае разумець. Гэта магчыма. Разьлічвайце на горшае”.

Камэнтуе старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

“Гэта не навіна ня толькі для тых людзей, якія займаюцца палітыкай, але і для сярэднестатыстычнага грамадзяніна Беларусі. Пасьля таго, як Лукашэнка пайшоў на зьмены Канстытуцыі, прычым непрымальнымі мэтадамі, стала абсалютна зразумела, што беларускі правіцель хворы на ўладу. І ён яе ня выпусьціць са сваіх рук, пакуль там будзе біцца нейкі пульс. Пакуль Лукашэнка будзе сядзець на троне, ён будзе прагнуць заставацца ва ўладзе. Але ці пасуе такі азіяцкі падыход да ўлады для Беларусі? Фізычна гэта магчыма, але грамадзтвам гэта не прымаецца”.

Лукашэнка ўчора заявіў: “Хай разьбяруцца спачатку са сваімі вязьнямі, зь вязьнямі ў Гуантанама, у Афганістане і г.д. Зь іншага боку, нам не хацелася б, каб з-за 6 чалавек цярпела ўся краіна. Я, я асабіста прыняў рашэньне — вызваліць. Пяцёра пагадзіліся, шосты адмовіўся. Нядаўна ён заявіў, што чым больш ён будзе сядзець у турме, тым вышэйшы будзе ягоны рэйтынг. Гэта ягоны выбар. Я ж яго за вушы ня буду цягнуць адтуль. У нас на сёньня няма палітычных зьняволеных”.

Камэнтуе дачка палітвязьня Аляксандра Казуліна Юлія:

Юлія Казуліна
“Такіх заяваў пра рэйтынг мой бацька не рабіў. Наш так званы прэзыдэнт любіць шмат чаго прыдумляць. І ці ня ў кожным ягоным слове ёсьць доля хлусьні. Для мяне не навіна прызнаньне Лукашэнкі, што ён асабіста, а не суды прымалі рашэньне аб вызваленьні іншых палітвязьняў. У нас у краіне ўсё так робіцца. Усе рашэньні прымае Лукашэнка. Хіба калі майго бацьку засудзілі на 5,5 гадоў турмы, прымаў рашэньне суд?.. Канешне, майму тату хочацца хутчэй выйсьці на волю, але ў той жа час ён цьвёрда і рашуча ўпэўнены, што ён выйдзе не паводле памілаваньня. Можа, паводле амністыі, зьмякчэньня ўмоваў адбыцьця пакараньня. Але мы разумеем, што гэтае рашэньне таксама будзе прымаць Лукашэнка. Бацька мой -- чалавек прынцыповы, ён не вінаваты і ня выйдзе паводле памілаваньня, атрыманага з рук А. Лукашэнкі”.

Лукашэнка ўчора заявіў: “Калі рэйтынг апазыцыі сёньня на ўзроўні арытмэтычнай памылкі, ці могуць яны зьявіцца ў парлямэнце? Наша апазыцыя замест таго, каб працаваць з народам, едзе ў ЗША, Вялікабрытанію і Нямеччыну і просіць там грошай. На каго яны працуюць? Нашай апазыцыі трэба сёньня працаваць з нашымі грамадзянамі, прасіць у іх падтрымкі, не прасіць некалькі фунтаў стэрлінгаў у Вялікабрытаніі. Гэта карумпаваная апазыцыя”.

Камэнтуе старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

“Каб даведацца, ці падтрымлівае нас народ, трэба зрабіць толькі адзін крок — дапусьціць у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў прадстаўнікоў аб'яднаных дэмакратычных сілаў. Хай яны маюць магчымасьць падліку галасоў падчас выбарчай кампаніі ў верасьні гэтага году. Наконт паездак у Эўропу — то тут у ім, напэўна, гаворыць чыстая зайздрасьць. А што да карупцыі, то мы чуем гэта 14 гадоў. Але навошта далёка хадзіць, давайце выйдзем да “царскага сяла” ля Драздоў і паглядзім, колькі там катэджаў па 500—700 тысяч даляраў коштам у прадстаўнікоў аб'яднаных дэмакратычных сілаў, а колькі — у бліжэйшага атачэньня Лукашэнкі. Ці давайце прааналізуем, хто цяпер засяляецца ў новыя мікрараёны? Там грошы з аграгарадкоў і лядовых палацаў. Якія раскрадаюцца і потым ідуць на дабрабыт вельмі вузкай групы насельніцтва. Лукашэнка пра гэта ведае. Мне невядомы ніводзін прадстаўнік аб'яднаных дэмакратычных сіл, якога прыцягнулі да адказнасьці за карупцыю. Іх прыцягвалі да адказнасьці за тое, што яны выходзілі з пратэстамі на вуліцу, удзельнічалі ў несанкцыянаваных палітычных акцыях”.

Лукашэнка ўчора заявіў: “Калі Эўразьвязу трэба — далучайцеся да санкцыяў ЗША. Але не забывайце, што празь Беларусь ідзе палова нафты, палова нафтапрадуктаў і 30 працэнтаў газу. Калі Эўропе не патрэбная Беларусь, яна будзе патрэбная камусьці іншаму”.

Камэнтуе эканаміст Леанід Злотнікаў:

“На самой справе існуе ўзаемная залежнасьць паміж Беларусьсю і Эўропай. І гэта дазваляе Лукашэнку гэта выкарыстоўваць. Мяркую, што гэта абраза Эўропы. Эўрапейцы не прывыклі, каб іх бралі за горла. Напэўна, эўрапейскія краіны зробяць выснову адносна будучага дня Беларусі. І Расея, і Эўропа, мяркую, будуць рабіць захады, каб зьмяніць тут палітычны рэжым”.









Лукашэнка ўчора заявіў: “Мы амаль у два разы перасягнулі ўзровень савецкіх часоў у галіне эканомікі. Мы ў асноўным мадэрнізавалі нашую эканоміку. Што да інфляцыі, то дзякуй Захаду і даляру, што яны нам у гэтым дапамагаюць. Гэта інфляцыя ад вас да нас”.

Камэнтуе экс-старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч:


“Лукашэнка, як заўсёды, усё перабольшвае. Паводле вытворчасьці ў натуральным вымярэньні Беларусь яшчэ не дасягнула таго аб’ёму, які быў у 1990-м годзе. У нас па ўсім пазыцыям зьніжэньне, акрамя перапрацоўкі і продажу нафтапрадуктаў, калійных соляў. Нейкі рост ёсьць, але гэты рост больш цэнавы і зьвязаны ён з тым, што Расея больш танна пастаўляе вялікія партыі сырой нафты. Што да інфляцыі ў Беларусі, то яе асноўная прычына зьвязаная з ростам грашовай масы штогод на 30—40 працэнтаў, пры тым, што прадукцыя расьце на 8—10 працэнтаў. Такім чынам, у 4 разы грашовая маса расьце хутчэй. І гэта адбіваецца на росьце цэнаў. Ідзе перагрэў эканомікі. Так што інфляцыя мае ўнутраныя прычыны. Крэдыты растуць хутчэй, чым вытворчасьць. Нарэшце, ёсьць паказчык імпарту, які летась у таварнай масе перавысіў экспарт на 4,2 мільярда даляраў, апрача таго быў рост зьнешняга доўгу амаль у два разы, падвоіліся зьнешнія пазыкі банкаў. Такім чынам мы жывем не па даходах, і “лішнія” грошы стымулююць рост цэнаў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG