Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе трэніруюць мозг?


Хутка чытаць – шмат запомніць
Францускі літаратар Ларошфуко калісьці іранічна заўважыў: “Шмат хто скардзіцца на сваю памяць, але не бачыў я нікога, хто б скардзіўся на ўласны розум”. Нехта лічыць патрэбным даглядаць сябе вонкава, страйнець перад летам, шліфаваць формы цела. А нехта факусуе ўвагу на інтэлектуальных здольнасьцях, паляпшаючы памяць, удасканальваючы творчае мысьленьне. Спэцыялісты лічаць: усе прыродныя здольнасьці можна разьвіць. Было б жаданьне.
Курсы разьвіцьця памяці і хуткасьці чытаньня ў Менску існуюць ужо тры гады. Папулярнасьць іх расьце. Існуюць групы для дзяцей, падлеткаў, дарослых людзей. У сярэднім курс складаецца з 10 урокаў і каштуе 186 тысячаў беларускіх рублёў, распавялі ў Цэнтры падвышэньня памяці:
“Кожная праграма разьлічаная на розны ўзрост. То бок, улічваюцца асаблівасьці ўзросту, роўню падрыхтаванасьці, у залежнасьці ад гэтага падбіраюцца розныя тэксты, розныя практыкаваньні. Ёсьць два розных курсы: курс хуткасьці чытаньня і курс трэніроўкі памяці, – і кожны ідзе туды, дзе яго патрэбы. Калі чалавек працуе зь вялікай колькасьцю інфармацыі, якую трэба ўважліва вывучаць, варта пайсьці на курсы хуткага чытаньня. А калі чалавек хоча больш хутка і эфэктыўна вывучаць замежную мову, ці працуе зь лічбамі, ці проста нехта мае дрэнную памяць і хоча яе палепшыць, - то для гэтага трэба трэніравацца”.
“Шкада, што не пайшла на курсы раней”!
Адна з выпускніц курсаў – колішняя студэнтка філфаку Жана. Першапачаткова плянавала толькі палепшыць памяць, каб хутчэй вывучыць ангельскую мову.
Вынікі яе моцна ўразілі:
“Калі б я не пайшла на гэтыя курсы, мне прыйшлося б карыстацца старымі мэтадамі: зубрыць, завучваць, расклейваць па кватэры цыдулкі з новымі словамі, як я рабіла раней.... На лядоўні, на дзьвярох... А дзякуючы гэтым курсам у мяне ўключылася асацыятыўнае запамінаньне, нейкія іншыя сэктары сьвядомасьці... Я вельмі задаволеная вынікамі. Я нават на хатнія заданьні траціла вельмі мала часу”.
Уражаная вынікамі курсу паляпшэньня памяці, Жана вырашыла падвысіць і хуткасьць чытаньня – яна працуе рэдактарам выдавецтва і чытаньне тэкстаў складае вялікую частку працоўнага дня.
Цяпер Жана шкадуе, што не мела навыкаў хуткага чытаньня і разьвіцьця памяці у часы навучаньня на філялягічным факультэце. У тыя часы, каб адолець праграму замежнай, расейскай і беларускай літаратур, студэнту штодзённа трэба было прачытваць 500-700 старонак тэксту. Гэта неверагодна шмат, кажа Жана, таму прыходзілася разьмяркоўваць сьпіс літаратуры паміж аднагрупнікамі, а потым дзяліцца літаратурнымі дзёньнікамі і канспэктамі:
“Калі б я ведала, што гэта так спрашчае задачу па чытаньні кніг, я б і раней пайшла... Гэта вельмі карысна і для школьнікаў, і для студэнтаў. Бо праграма штодня становіцца больш грувасткай, больш насычанай, больш шырокай”...
Для тых, хто ў хаце
Для тых, хто ўпэўнены у сваім узроўні самакантролю і здольны рэгулярна займацца самаўдасканаленьнем дома, свае паслугі прапануе Эўрапейская школа карэспандэнцкай навучаньня. Курс хуткаснага чытаньня і паляпшэньня здольнасьцяў памяці тут аб’яднаныя. Калі вы будзеце атрымліваць пакет урокаў раз на месяц, курс зойме 16 месяцаў. Але можна замовіць і ўсе урокі разам, і па тры камплекты урокаў на месяц. Адзін з 16 пакетаў інфармацыі каштуе каля 50 тысяч беларускіх рублёў – разам з выдаткамі перасылкі і кампакт-дыскам.
Праграма - вельмі грунтоўная, кажуць у школе:
“Уводзіны ў мнэматэхніку, будова мазгавой дзейнасьці, прынцыпы мнэматэхнічнага запамінаньня, практыкаваньні на стварэньня асацыяцый, прыёмы стварэньня ланцужкоў асацыяцый, вобразна-лічбавы мэтад, закладка памяці (сыстэма Грэя), апасродкаванае ўяўленьне, практыкаваньне на запамінаньне тыпалёгія, сувязь разуменьня і запамінаньня, прыёмы фармаваньня лягічнай памяці, выкарыстаньне інфармацыйных і эмацыянальных каналаў у працэсе запамінаньня, успрыняцьце інфармацыі на слых і запамінаньне вусна пададзенай інфармацыі”...
І гэта - не поўны шэраг прадметаў дыстанцыйнага курсу. Каб усё гэта вывучыць і прымяніць на практыцы, выдае на патрэбу дадатковых курсаў падвышэньня сілы волі ці самадысцыпліны.
Ёсьць задача? Ёсьць тэорыя яе вырашэньня!
Сыстэм удасканаленьня і кіраваньня ўласным мозгам і ягонымі вытворнымі здольнасьцямі назапашана даволі шмат. Выкладчыца цэнтру дзіцячай творчасьці Ірына летась разам з грамадзкай арганізацыяй “Адукацыйны цэнтар ПОСТ” кіравала праектам падвышэньня творчых здольнасьцяў мысьленьня:
“Я спачатку разьлічвала, што гэта будуць заняткі для бацькоў, якія потым выкарыстаюць гэта ў выхаваньні дзяцей. Але атрымалася, што гэта былі проста заняткі з дарослымі. Я выкарыстоўвала навуковую мэтодыку Альтшулера – тэорыю вырашэньня вынаходніцкіх задач. Адтуль я бяру ідэі – мне вельмі там падабаецца ТРЫЗ-педагогіка. І проста гэтыя ідэі я разглядала з дарослымі людзьмі. Разьвіцьцё мысьленьня, вобразнага мысьленьня, фантазіі, мы пісалі казкі, мы выкарыстоўвалі мэтодыку для вырашэньня пабытовых, штодзённых праблем.
У плянах Ірыны – экспэрымэнтальны праект: аб’яднаць практыкаваньні па ўдасканаленьню мысьленьня з фізычнай практыкай танцавальнай імправізацыі. Пакуль што імправізаваць у танцы яна вучыць дзетак.
XS
SM
MD
LG