Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расеец Астроўскі: “Тут як у СССР — рука руку мые”


Расейскаму бізнэсоўцу Сяргею Астроўскаму не ўдалося аспрэчыць прысуд, які вынесла яму месяц назад судзьдзя Тацяна Паўлючук з Цэнтральнага суду Менску. Нагадаем, канфлікт адбыўся 13 красавіка, калі аўтамабіль Астроўскага спынілі ў Менску супрацоўнікі ДАІ нібыта за перавышэньне хуткасьці. Расеец даводзіў, што беларускія міліцыянты нібыта вымагалі ў яго хабар і нават зьбілі, а потым сфальшавалі супроць яго абвінавачваньне ў брыдкаслоўі.
Адвакатка Вера Страмкоўская даводзіла ў судзе, што на працэсе над яе падабаронным у Цэнтральным судзе Менску не было сьведак, да таго ж Астроўскаму адмовілі ў адвакаце. Але судзьдзя Сяргей Хрыпач зьвярнуў увагу на іншае.
“Ён матываваў сваё рашэньне тым, што сам Астроўскі, калі яго прывезьлі ў суд, і раней — у пратаколе аб здарэньні прызнаў, што вінаваты”.
Між тым, паводле адвакаткі, Сяргей Астроўскі прызнаў сваю віну, толькі каб пазьбегнуць арышту ў менскай турме, дзе былі, паводле яго, “жудасныя ўмовы”. Таксама бізнэсовец спрабаваў пазьбегнуць вялікіх грашовых стратаў сваёй фірмы, якія б тая панесла празь ягоную адсутнасьць.
Сяргей Астроўскі сёньня знаходзіўся ў Нямеччыне па справах свайго бізнэсу. У тэлефоннай размове ён гэтак пракамэнтаваў адхіленьне сваёй скаргі:
“Я і не чакаў, што беларускі суд прыме рашэньне на маю карысьць. Бо прааналізаваў іх камэнтары, іх стаўленьне да гэтай справы. У сытуацыі, калі рука руку мые, гнілая ўся дзяржаўная сыстэма. Мы добра гэта ведаем па Савецкім Саюзе”.
Сяргей Астроўскі не выключае, што будзе зьвяртацца ў міжнародныя суды, каб “прыцягнуць дадатковую ўвагу да гэтай справы”. Пра Беларусь ён сказаў, што “больш сюды ніколі не прыедзе”.
У супрацоўнікаў ДАІ, якія спынілі расейца, свая вэрсія здарэньня. Паводле міліцыянтаў, бойку зь імі ў службовым аўтамабілі ўчыніў сам Сяргей Астроўскі. Рэчавы доказ — парваная кішэня службовай курткі ў супрацоўніка ДАІ.
Служба ўнутранай бясьпекі МУС праводзіла праверку заявы Сяргея Астроўскага і вырашыла, што ягоная скарга на дзеяньні супрацоўнікаў ДАІ не пацьверджаная фактамі.
Таксама Сяргей Астроўскі падаў скаргу на міліцыянтаў у пракуратуру Менску. Адказу пакуль няма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG