Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карэспандэнт: “Юры, якія галоўныя асаблівасьці складу ўраду Пуціна, якія новыя імёны зьявіліся ў ім?”
Дракахруст: “Варта сказаць, што кадравага землятрусу, з’яўленьня суквецьця новых імёнаў у расейскай уладзе не адбылося. На працягу найноўшай гісторыі там рэгулярна то скарачалася колькасьць намесьнікаў кіраўніка ўраду, то раздзьмувалася ізноў. Зараз – другі цыкль, у прэм’ера Пуціна будзе ажно 7 віцэ-прэм’ераў, пры гэтым два – першых. Многія з гэтых пасадаў занялі асобы, якія мелі ключавыя пасады ў адміністрацыі прэзыдэнта Пуціна – памочнік прэзыдэнта Ігар Шувалаў стаў адным з двух першых віцэ-прэм’ераў, кіраўнік адміністрацыі Сяргей Сабянін і ягоны намесьнік Ігар Сечын, якога называлі “шэрым кардыналам” Крамля, занялі пасады звычайных віцэ-прэм’ераў. Нават былому цырыманімэйстару Крамля, шэфу прэзыдэнцкага пратаколу Ігару Шчогалеву дастаўся партфэль міністра сувязі і камунікацый.
Гэты масавы сыход крамлёўскіх старажылаў можна разглядаць, як жэст карэктнасьці адносна новага прэзыдэнта, людзі папярэдніка сыходзяць з прэзыдэнцкай адміністрацыі, Мядзьведзеў мае “карт-бланш” фармаваць сваю ўласную каманду, як хоча. Але і рост колькасьці віцэ-прэм’ераў, і пераход ва ўрад вопытных чыноўнікаў зь моцнымі апаратнымі сувязямі сьведчаць хутчэй пра тое, што ўсе і так разумелі – урад Пуціна стане адным з, калі не галоўным, цэнтрам ўлады ў расейскай палітыцы”.
Карэспандэнт: “Юры, а які лёс ўдзельнікаў “гонкі пераемнікаў”, якія прайгралі гэтае спаборніцтва Мядзьведзеву?”
Дракахруст: “Вы маеце на ўвазе Сяргея Іванова і Віктара Зубкова? Яны абодва засталіся ва ўрадзе, зрабіўшы крок на прыступку ўніз: Зубкоў стаў другім першым віцэ-прэмьерам разам з Шувалавым, Іваноў – звычайным намесьнікам кіраўніка ўраду”.
Кар. “Што можна сказаць пра будучую палітыку ўраду на падставе кадравых прызначэньняў?”
Дракахруст: “Штосьці пэўнае сказаць цяжка, людзі розныя, збольшага, як і раней, піцерскія. Назіральнікі зьвяртаюць увагу, што на ключавых пасадах засталіся Аляксей Кудрын і Аляксандар Жукаў – абодва віцэ-прэм’еры, Кудрын – міністар фінансаў, якія лічацца прыхільнікамі лібэральных падыходаў у эканоміцы. Можна таксама адзначыць адстаўку міністра юстыцыі Ўладзімера Ўсьцінава, які ў 2003 годзе на пасадзе генпракурора праславіўся справай Хадаркоўскага”.
Карэспандэнт: “А што наконт прэзыдэнцкага блёку міністраў, тых, каго прызначае кіраўнік дзяржавы, а ня ўраду?”
Дракахруст: “Кардынальных зьменаў не адбылося і тут. Сяргей Лаўроў застаўся шэфам МЗС, Анатоль Сердзюкоў – міністэрства абароны. А вось Мікалай Патрушаў, кіраўнік расейскай спэцслужбы ФСБ , які ўзначальваў яе ўсе 8 гадоў пуцінскага прэзыдэнцтва, стаў сакратаром Рады бясьпекі, што ў расейскай палітычнай сыстэме – хутчэй пачэсная сынэкура. ФСБ ўзначаліў Аляксандар Бортнікаў, былы кіраўнік упраўленьня эканамічнай бясьпекі гэтай службы, кадравы контарвыведчык, службовая біяграфія якога таксама шчыльна зьвязаная з Санкт-Пецярбургам”.
Карэспандэнт: “Юры, Вы казалі наконт адміністрацыі прэзыдэнта, пра тое, хто адтуль сышоў. А хто прыйшоў, якія прызначэньні ў сваёй адміністрацыі зрабіў новы прэзыдэнт?”
Дракахруст: “Галоўнае прызначэньне – кіраўніком адміністрацыі стаў Сяргей Нарышкін, які да гэтага працаваў кіраўніком апарату ўраду. Экспэрты кажуць пра “ракіроўку”: Сабянін і Нарышкін памяняліся месцамі ва ўрадзе і прэзыдэнцкай адміністрацыі. Сяргей Нарышкін лічыцца чалавекам Пуціна, напачатку 90-х працаваў у мэрыі Санкт-Пецярбургу, потым разам з Пуціным сышоў адтуль пасьля перамогі на губэрнатарскіх выбарах Ўладзімера Якаўлева, пры былым прэзыдэнце папрацаваў у прэзыдэнцкай адміністрацыі, зараз ізноў вяртаецца туды”.
Карэспандэнт: “Юры, а як можна наагул ацаніць гэтыя прызначэньні, ці сьведчаць яны пра тое, што Дзьмітры Мядзьведзеў будзе адыгрываць ролю паўнаўладнага кіраўніка?”
Дракахруст: “Я б сказаў, хутчэй не, чым так. Прызначэньня, скажам, у адміністрацыю прэзыдэнта нейкай новай асобы, якога-небудзь асабістага сябра Мядзьведзева, не адбылося. І ва ўрадзе і прэзыдэнцкай адміністрацыі – фактычна адны людзі Пуціна, як у рэшце і сам Мядзьведзеў. Замена, скажам, Патрушава на Бортнікава – таксама на думку экспэртаў ня нейкае нечаканае, самастойнае рашэньне новага прэзыдэнта, пра такую замену гаварылі ўжо некалькі апошніх месяцаў. І ранейшыя людзі на новых месцах, у новай палітычнай канфігурацыі могуць пачаць паводзіць сябе інакш, але калі казаць толькі на падставе пазыцый і біяграфій новых прызначэнцаў, то выснова хутчэй на карысьць вэрсіі, што кіраўніком Расеі застаецца Пуцін”.
XS
SM
MD
LG