Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Зэеў Бэн-Ар’е: Васіль Быкаў – найвялікшы пісьменьнік усяго сьвету


Ва ўгодкі заснаваньня Дзяржавы Ізраіль 8 траўня госьцем "Начной Свабоды" быў пасол Ізраілю ў Беларусі Зэеў Бэн-Ар'е.


Караткевіч: "Віншую вас з дзяржаўным сьвятам. З вашай радзіны нехта пацярпеў у часе Другой Сусьветнай вайны?"

Ар'е: "Па-першае, я вітаю слухачоў "Радыё Свабода"– духоўную эліту беларускага народу. Вельмі выбачаюся, што не магу вольна размаўляць вольнай беларускай мовай. Я рады вашаму вітаньню, вялікі дзякуй. З маёй сям'і ніхто не пацярпеў, мае бацькі былі навуковымі супрацоўнікамі, былі эвакуяваныя ў Сярэднюю Азію. І сям'я там працавала да перамогі над нацызмам".

Караткевіч: "Вы ня супраць, каб "Радыя Свабода" задавала пытаньні па-беларуску?"

Ар'е: "З задавальненьнем"

Караткевіч: "60 гадоў таму была створаная Дзяржава Ізраіль. Гэта было ў тым ліку і геапалітычнае рашэньне. Як вы цяпер ацэньваеце стан менавіта дзяржавы?"

Ар'е: "60 гадоў для дзяржавы – гэта зусім невялікі тэрмін. І цяжка ўявіць, што ў маім пакаленьні – я равесьнік, крыху старэйшы за нашу дзяржаву. Але з нашых жыхароў скідкі на 60 год ніхто ня робіць. І калі б прэм'ер або міністар аховы здароўя сказаў, што нашая сыстэма аховы здароўя яшчэ не да канца "аперылася", бо нам усяго 60 гадоў, дык гэта быў бы яго палітычны канец, канец яго кар'еры. Мы існуем, мы дасягнулі ўзроўню і ў сацыяльным забесьпячэньні, і ў "хайтэку", і ў эканоміцы такога ўзроўню, што ён проста дазваляе забыць, што нам усяго 60 гадоў. Канечне, гэта было вельмі цяжка, бо калі 60 памножыць на 360 дзён у годзе, дык уявіце – ніводнага дня мы не былі ў бясьпецы. Кожны дзень мы змагаліся за бясьпеку нашых грамадзян і практычна за жыцьцё. Бо пагроза палітычнага тэрору, войны з боку арабскіх дзяржаваў існавалі заўсёды. Гэта не аблегчыла нам нічога, але мы дасягнулі таго, што дасягнулі. Мы, безумоўна, дзяржава, якая спраўдзілася. З сваёй ідэалёгіяй, з сваім жыцьцём, радасьцю, з нашым футболам. Асабліва з баскетболам..."

Караткевіч: "А зь цяперашняй пагрозай як быць?"

Ар'е: "Я вам хачу сказаць, што мы паспрабавалі ўсе магчымыя тэарэтычныя спосабы. Спачатку мы казалі, што ня будзем весьці перамовы, калі нам пагражалі, фактычна пад дулам і небясьпекай выбухаў палестынскага тэрору. Пасьля мы сказала – добра, будзем весьці перамовы, нават калі тэрор працягваецца. Нават цярпець ахвяры дзеля міру. Ахвяры былі, а міру не было. І зараз трэці магчымы шлях – вядзем перамовы, нібыта няма тэрору і змагаемся з тэрорам так, нібыта няма перамоваў. Мы ўсё ж спадзяемся, што нейкі з гэтых шляхоў прывядзе да жаданай мэты".

Караткевіч: "Спадар пасол, вы верыце ў тое, што вера можа перамагчы зло?"

Ар'е: "Не, ня веру. Верыць трэба, але вельмі шмат трэба рабіць, каб перамагчы зло. Апрача таго, зло такое ж вечнае, як і дабро. І таму дай Бог, каб мы ўсё ж перамаглі. Але мы будзем жыць далей і разьвівацца нават калі зло існуе побач з намі, і, нават, сярод нас”.

Караткевіч: "Спадар пасол, вядома што ў Ізраілі шмат выхадцаў зь Беларусі, якія шмат далі культуры, палітыцы гэтай дзяржавы. А каго б вы назвалі знакавым?"

Ар'е: "Канечне, я мог бы пачаць з палітыкаў. Але я назаву Эліэзэр Бэн Егуду, які адрадзіў іўрыт. Канечне, ня ён адзін, але ён шмат зрабіў. Бо моўная праблема, моўная будучыня, думаю, галоўная для народу. Калі б мы не загаварылі на нацыянальнай мове, я думаю, тады Дзяржава Ізраіль проста б не існавала. Дзяржава б ня выстаяла ў гэтай барацьбе. І выхадзец зь Беларусі зрабіў неверагодна шмат. Ён быў вельмі жорсткім чалавекам. Ён сваіх маленькіх дзяцей прымушаў гаварыць толькі на іўрыце, калі на ім ніхто вакол не гаварыў. І прымусіў іх, яны вывучылі, дзеці многіх пакаленьняў загаварылі і цяпер маленькія дзеці гавораць на мове Бібліі, на мове Торы. А па-другое – гэта цяперашні прэзыдэнт Шымон Пэрэс, які нарадзіўся ў Вішневе пад Валожынам, прыяжджаў сюды, знайшоў калодзеж, зь якога маленькім браў ваду".

Карэспандэнт: "А Голда Мэер, якая была прэм’ер-міністрам Ізраілю ў 1969-1974 гадах?”

Ар'е: "Ведаеце, надзвычайны чалавек. Нарадзілася ў трох месцах. Ва Ўкраіне ёсьць горад, дзе лічаць, што яна там нарадзілася. Але таямніца ў тым, што яна там не нарадзілся, а была вельмі маленькай перавезеная. Але там лічаць, што нарадзілася там. У Беларусі лічаць, што яна нарадзілася ў Беларусі. Яна нарадзілася ў Беларусі. Таксама яна нарадзілася ў ЗША, дзе правяла большую частку жыцьця. А вось у Ізраілі на нарадзілася і жыла заўсёды. А насамрэч у Беларусі, у Беларусі яна нарадзілася..."

Караткевіч: “Вы пераклалі на іўрыт Васіля Быкава. Чаму вы выбралі менавіта гэтага творцу?”

Ар'е: "Перадусім я перакладаў беларускага творцу. І я высьветліў і быў моцна зьдзіўлены, што перакладаў беларускіх творцаў амаль няма. І зь вялікім сумам павінен сказаць, што беларуская літаратура вельмі мала перакладзеная – і гэта незаслужана. Пасол – гэта, хутчэй, маё хобі, але ў душы я літаратурны перакладчык. Я вельмі люблю гэтую творчасьць і вырашыў перакладаць. Ну, калі перакладаць беларускіх аўтараў, дык гэта трэба, натуральна, перакладаць Васіля Быкава. Бо пачынаць з Дуніна-Марцінкевіча – гэта далёка і ўяўляе сабой такі культуралягічны інтарэс.

Да таго ж я перакладаў Васіля Ўладзіміравіча Быкава, бо гэта ня толькі найвялікшы беларускі пісьменьнік, але гэта найвялікшы пісьменьнік ўсяго сьвету.

Я пераклаў два апавяданьні "Бедныя людзі" і "Вочная стаўка". Гэтыя апавяданьні, як мне здаецца, варта чытаць і вучыць усім. Асабліва апавяданьне "Бедныя людзі", якое трэба чытаць і вывучаць абсалютна ўсім - як у абсалютна неверагодных умовах савецкага кагэбісцкага строю чалавек спрабуе захаваць сябе. Дарэчы, яму гэта не ўдаецца, бо апавяданьне пра тое, як апальнага прафэсара адведвае яго асыстэнт, а той, баючыся, што гэта правакацыя, хутчэй бяжыць у КГБ і даносіць на асыстэнта, каб уратаваць сябе. Я думаю, тыя маральныя пакуты героя – важныя ня толькі для савецкага часу ў мінулым, але і для сучаснай Беларусі і для ўсяго сьвету”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG