Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым адметнае сёлетняе сьвяткаваньне Дня Перамогі ў Беларусі?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. эфір 9 траўня

Беларусь чарговы раз адзначае Дзень Перамогі. Як сьвяткуюць гэтую дату на постсавецкай прасторы? Чаму апошнімі гадамі Дзень Перамогі ў Беларусі адзначаецца ўсё сьціплей? Ці было нешта новае ў выступе Аляксандра Лукашэнкі на сёньняшнім урачыстым мітынгу?

Удзельнікі: рэдактар аналітычнага бюлетэня “Беларускі тыдзень” Аляксандар Класкоўскі і філёзаф Алесь Анціпенка.


Сьвяткаваньне Дня Перамогі на постсавецкай прасторы

Валер Карбалевіч: “У Эўропе і сьвеце сьвята Перамогі адзначаецца 8 траўня, а ў большасьці постсавецкіх краін — па савецкай традыцыі — 9 траўня. Гэта, мусіць, адзінае сьвята, якое адзначаецца ва ўсіх постсавецкіх дзяржавах і якое зьвязана з савецкай эпохай. У кожнай краіне яго адзначаюць па-рознаму. У краінах Балтыі ўвогуле спэцыфічнае стаўленьне да гэтай даты.

А вось у Расеі, здаецца, з кожным годам Дзень Перамогі адзначаецца ўсё больш пампэзна. Цяперашні парад быў даволі адметным. Пра што сьведчыць гэтае ўзмацненьне пампэзнасьці?”

Аляксандр Класкоўскі: “Сапраўды, постсавецкі абсяг у гэтым сэнсе вельмі неаднародны. Постсавецкія краіны кажуць ня толькі пра нацыстоўскую акупацыю, але і пра савецкую акупацыю.

Цікава, вось, таксама сёньня ў Кіеве прэзыдэнт Украіны Юшчанка ўдзельнічаў у сьвяткаваньні, а прэм’ер Цімашэнка — не. І там гэта трактуюць як пэўны сымбалічны жэст.

А ў Тбілісі тамтэйшыя грузінскія вэтэраны зладзілі перад расейскай амбасадай акцыю пратэсту супраць цяперашняй палітыкі Масквы ў дачыненьні да Грузіі.

А ў Расеі ўпершыню з 1990 году ў парадзе на Дзень Перамогі ўдзельнічала вайсковая тэхніка, у тым ліку цяжкая тэхніка, самалёты праляцелі. Дарэчы, гэта вельмі дорага каштуе. Вайскоўцы прайшлі па Краснай плошчы ў мундзірах ад мадэльера Юдашкіна. То бок у Маскве стыль “мілітары” зноў у модзе.

Пуцін некалькі дзён таму, прадчуваючы папрокі з боку Захаду, казаў, што гэта, маўляў, ня бразганьне зброяй. Але тут жа дадаў, што гэта дэманстрацыя вайсковых магчымасьцяў Расеі, якія растуць. А гэта ж фактычна і ёсьць бразганьне зброяй. На Захадзе гэтая цяжкая тэхніка на Краснай плошчы адназначна ўспрынятая як расейскі сыгнал, што роля Расеі ўзрастае і зь ёй трэба лічыцца”.

Алесь Анціпенка: “Гэтыя падзеі сьведчаць, што ў Расеі адбываецца адраджэньне імпэрскасьці. Але відавочна, што значэньне гэтай вайны ў розных постсавецкіх дзяржавах будзе ацэньвацца па-рознаму. Калі для Расеі гэта сапраўды была Вялікая Айчынная вайна, то, напрыклад, для летувісаў гэта была Другая сусьветная. Дарэчы, як і для беларусаў, хоць у нашай гісторыі савецкая кампанэнта адыгрывала больш істотную ролю. Гэта тычыцца і іншых балтыйскіх краінаў, Грузіі, Украіны.

У постсавецкіх краінах гэтая вайна пачынае ўспрымацца па-іншаму, ня з гледзішча расейскіх пэрспэктываў, а з рэтраспэктываў і інтарэсаў нацыянальнай гісторыі. У будучыні гэтае адрозьненьне будзе ўзрастаць”.

Сьвяткаваньне ў Беларусі

Карбалевіч: “У Беларусі пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады Дзень Перамогі сьвяткаваўся так гучна, урачыста, як нідзе ў сьвеце. Цяперашняя ўлада прэзэнтуе сябе як спадкаемца Перамогі. Гэтае сьвята стала ня толькі чыньнікам легітымнасьці дзейнай улады. Настойліва даводзіцца ідэя, што Вялікая Айчынная вайна — гэта галоўнае апірышча, падмурак, крыніца фармаваньня беларускай нацыі.

Але ці не падаецца вам, што апошнімі гадамі Дзень Перамогі ў Беларусі адзначаецца ўсё сьціплей? Што той запал, зь якім адзначалі гэтае сьвята, цяпер трохі спаў? Вось, напрыклад, ужо другі год Лукашэнка не выступаў на ўрачыстым паседжаньні, прысьвечаным Дню Перамогі. Замест яго выступ зрабіў прэм’ер Сідорскі. А раней гэта быў вельмі важны публічны выступ Лукашэнкі, які трансьлявалі ўсе тэлеканалы ў жывым эфіры. Праўда, аб’яўлена пра будаўніцтва новага Музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Чым вы патлумачыце такую сьціпласць?”

Класкоўскі: “Гэтая тэндэнцыя відавочная. Дарэчы, выступ Сідорскага не трансьляваўся, не было яго шырокага асьвятленьня, і мне давялося шукаць яго зьмест у інтэрнэце. Не праводзіцца і вайсковы парад.

Афіцыйная трактоўка гэтай вайны закасьцянелая, няма ніякіх спробаў яе пераасэнсаваньня ў тым рэчышчы, пра якое казаў сп. Анціпенка. Прычым развагі афіцыйных асобаў становяцца супярэчлівымі. Напрыклад, нядаўна ў сваім пасланьні Лукашэнка казаў, што беларусаў кідалі то ў адну імпэрыю, то ў іншую.

Сапраўды, беларусы трапілі ў жорны. Яны мусілі займаць бок адной зь дзьвюх амаль што аднолькава непрывабных імпэрыяў: сталінскага СССР і нацыстоўскай Нямеччыны.

Аднак пераасэнсаваньня няма. Гучыць толькі рэфрэн, што “мы не дамо ачарніць вялікую перамогу”. Так трактуюцца спробы іншага погляду на вайну. Падаецца, што з году ў год паўтараць гэтую заежджаную рыторыку нестае імпэту і высокаму кіраўніцтву

Акрамя таго, Лукашэнка — вельмі прагматычны палітык. Вэтэранаў становіцца ўсё меней. Як пласт электарату яны страчваюць сваё значэньне. Таму і апэляцыя да іх назіраецца ў меншай ступені.

Але тэма вайны выкарыстоўваецца ў кантэксьце апэляцыі да Масквы як аргумэнт у нафтагазавых спрэчках. То бок адбываецца дэградацыя ўсёй гэтай рыторыкі, перавод яе ў цынічна практычную плашчыню”.

Карбалевіч: “Хачу зьвярнуць увагу, што сьвяткаваньне Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі фактычна не адбываецца на афіцыйным узроўні. Найбольш лягічнае тлумачэньне гэтай зьявы палягае ў тым, што не засталося вэтэранаў той падзеі. Падобна, што такая ж тэндэнцыя пачала назірацца і адносна апошняй вайны”.

Анціпенка: “Сапраўды, гэтае сьвята адзначаецца ўсё сьціплей. Але я ня згодны з тым, што гэта тлумачыцца зьмяншэньнем колькасьці вэтэранаў.

На мой погляд, прычына ў тым, што зьмяняецца, хоць і павольна, успрыняцьце гэтай вайны на афіцыйным узроўні. Зьмяняюцца акцэнты. Беларусь апынулася паміж двума агнямі. Беларусы сталі ахвярамі вонкавых імпэрскіх плянаў.

Кожны трэці беларус загінуў у вайне, пра што казаў сёньня Лукашэнка. І гэтыя страты пераважаюць славу перамогі ў вайне. Думаю, у будучыні гэтае сьвята будзе Днём нацыянальнай жалобы”.

Выступ Лукашэнкі на мітынгу

Карбалевіч: “Як можна пракамэнтаваць выступ Аляксандра Лукашэнкі на мітынгу на Плошчы Перамогі? Падаецца, што была нейкая, няхай невялікая, спроба аддзяліць беларускую гісторыю ад савецкай, паказаць адмысловую ролю Беларусі ў вайне. Лукашэнка казаў пра перамогу ня столькі савецкага, колькі найперш беларускага народу ў вайне”.

Класкоўскі: “Я найперш адзначыў такі цікавы нюанс. На пачатку выступу Лукашэнка падкрэсьліў ролю заходніх саюзьнікаў у перамозе над фашызмам. Гэта трошкі нечакана. Бо, напрыклад, прэзыдэнт Расеі Мядзьведзеў у сваім выступе пра гэта не ўзгадаў. І заходнія камэнтатары гэта адзначылі.

Аднак далейшы выступ Лукашэнкі пацёк у звыклым рэчышчы. Былі абмаляваны сучасныя пагрозы міру, і ў гэтым кантэксьце былі ўзгаданы “асобныя звышдзяржавы”, якія, маўляў, спрабуюць накінуць нам свой дыктат. Казаў Лукашэнка пра пляны пашырэньня НАТО, пра элемэнты амэрыканскай супрацьракетнай абароны ў Эўропе.

Але раней Лукашэнка тэму ахвяраў вылучаў як козыр у супрацьстаяньні Захаду. Маўляў, заходнія краіны ня могуць нам накідаць свае стандарты дэмакратыі, наадварот, Захад мусіць ледзь не каленях перад намі стаяць. Вось цяпер гэтага матыву не прагучала. Рыторыка пра пагрозы з боку Захаду была прыглушанай, рэдукаванай, дзяжурнай, бяз патасу. Падаецца, гэта сымптом таго, што беларускае кіраўніцтва адчувае: у стасунках з Захадам наламана дастаткова дроваў, і трэба неяк гэтую сытуацыю ўлагоджваць”.

Анціпенка: “Я перадусім зьвярнуў увагу, што першая частка выступу была зьвернутая не на тое, каб уславіць подзьвіг і гераізм беларускага народу, а на тое, каб сказаць пра жахлівыя ахвяры беларускага народу. І гэта больш адпавядае праўдзе. Гэта новы знак для мяне.

Другі момант. Гэтая прамова адрозьнівалася ад папярэдніх у частцы, якая звычайна называлася “ўрокі вайны”. Ён абмежаваўся ўзгадваньнем ананімных супэрдзяржаў, якія ўжываюць шантаж. І на гэтым кропка. Больш згаданая тэма не разьвівалася. Думаю, гэта сьведчаньне таго, што адбываецца падсьвядомае пераасэнсаваньне вайны і перамогі”.

Карбалевіч: “Імкненьне выкарыстаць важную гістарычную падзею ў палітычных мэтах — зьява вядомая і шырока распаўсюджаная ў сьвеце. Галоўнае, што адрозьнівае Беларусь, — гэта маштабы ўрачыстасьцяў, манапалізацыя і нават прыватызацыя ўладамі гэтага сьвята, адсутнасьць усялякай сур’ёзнай дыскусіі ў грамадзтве наконт урокаў тых падзеяў, якія адбыліся больш за 60 гадоў таму, навязваньне адзінага гледзішча на ўласную гісторыю, ператварэньне яго ў элемэнт дзяржаўнай ідэалёгіі. Але, падаецца, — і на гэта зьвярнулі ўвагу мае суразмоўцы, — апошнім часам сьвяткаваньне гэтай даты пэўным чынам карэктуецца, зьмяняюцца акцэнты”.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG