Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць кіраўнік дзяржавы ўзорам для грамадзянаў?


Ці зьяўляецца кіраўнік дзяржавы прыкладам, узорам для грамадзянаў Беларусі? На гэтае пытаньне адказвалі гарадзенцы.


Маладзён: “Вядома, ён не зьяўляецца ўзорам. У нас засталося ўсё, як было ў СССР”.

Ягоны сябра: “Прыкладам не зьяўляецца. Можа, што й робіць правільна, але калі па тэлевізары паказваюць толькі станоўчае, гэта не прывядзе да таго, што ў гэта ўсе павераць”.

Малады спадар: “Як нас замбіруюць тэлебачаньне ды радыё, то сапраўды: ён — прыклад. Кажа, у нас ідэальная краіна і інвэстыцыі ўсе ідуць, разьвіваемся крута. Карацей, ён прыклад у Беларусі, але так лічыць тэлебачаньне, а я лічу, што не”.

Спадар: “У кожнага свая думка. Для мяне ён ня ўзор. Але чаму — хай застанецца пры мне”.

Іншы спадар: “Я галасаваў за яго, нават іншых агітаваў...”

Маладая спадарыня: “Я лічу — так, ён моцны чалавек, у поўным сэнсе гэтага слова”.

Спадар: “Я лічу, што хіба не зьяўляецца ён узорам. Бо я колькі ні гляджу тэлевізар, ніколі амаль што ў добрым настроі яго ня бачу. Ён заўсёды з грозьбай, кагосьці лае, шыхтуе, наводзіць такім чынам парадак. Тыя ж самыя Мядзьведзеў ці Пуцін заўсёды спакойным тонам вырашаюць тыя самыя пытаньні”.

Другі спадар: “Я магу сказаць адно: ён дае людзям такі прыклад, як нельга рабіць”.

Сталы спадар: “Ён прыкладам не зьяўляецца, ён нас усіх увогуле задушыў, скачам пад ягоную дудку. Калі параўноўваць з Пуціным, дык і гаворкі няма, гэта першаклясьнік і студэнт. І дэпутаты маўчаць, і ўсе таксама”.

Спадарыня: “Гледзячы для каго, усе па-рознаму ўспрымаюць, адназначна сказаць нельга: у чымсьці ён, можа, і прыклад, а ў чымсьці — не”.

Малады спадар: “Для стандартнай моладзі, якой большасьць, ён, можа, і зьяўляецца ўзорам. А ў мяне ёсьць іншыя ідэалы і асобы, да якіх можна імкнуцца. Я не цікаўлюся станоўчымі якасьцямі прэзыдэнта, болей чуў папрокі”.

Маладзён: “Не, ён не зьяўляецца ўзорам. Можа, некага, нават большасьць, гэта задавальняе, але мне здаецца, што кіраўнік дзяржавы ня можа быць нейкім ідэальным, як яго прадстаўляюць”.
XS
SM
MD
LG