Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень герба і сьцяга ў Горадні: "для дыктафона лепш не гаварыць"


Сёньня ў Беларусі адзначаўся Дзень дзяржаўнага герба і сьцяга. У Горадні на плошчу перад гарвыканкамам былі сабраныя тысячы людзей.

Старшыня выканкаму Аляксандар Антоненка нагадаў, што цяперашнія герб і сьцяг зьявіліся пасьля травеньскага рэфэрэндуму 1995 году. Ніхто з прамоўцаў не ўзгадаў пра бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня”, якія сталі сымболямі незалежнай Беларусі.

Па сьведчаньні лідэру руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча (ён працаваў некалі намесьнікам старшыні гарвыканкаму), бел-чырвона-белы сьцяг, які вісеў над гарадзенскім гарвыканкамам, пасьля рэфэрэндуму быў перададзены ў музэй. Вось што расказалі гарадзенскія мінакі пра сваё стаўленьне да Дня герба і сьцяга.

Спадарыня: “Пра сьвята ведаю, таму што дзеці ходзяць. А ўвогуле ня ведаю, ці ёсьць неабходнасьць у такім сьвяце. Таму што пачыналі пры адным сьцягу, працягваем пры другім”.

Карэспандэнт: “Вы сказалі: дзеці ходзяць. Яны ходзяць на плошчу каля помніка Леніну адзначаць сьвята?”

Спадарыня: “Так, на плошчу”.

Карэспандэнт: “А што школьнікі гавораць пра гэта?”

Спадарыня: “Яны нічога пра гэта не гавораць, маўчаць звычайна. Іх жа сагналі, прымусілі прыйсьці, што яны могуць сказаць?”

Малады спадар: “Не адзначаю і ніколі ня чуў пра такое сьвята”.

Маладая спадарыня: “Канешне, чулі пра яго, але больш няма чаго сказаць”.

Малады спадар: “Шчыра кажучы ня ведаю такога сьвята, але напэўна яно важнае, калі нехта арганізоўвае сьвяткаваньне”.

Маладзён: “Ведаю: ёсьць такі дзень, але для мяне ён не зьяўляецца настолькі важным, каб я яго адзначаў”.

Маладая спадарыня: “Пра такое сьвята ведаем, але не адзначаем”.

Яе сябра: “Не, таксама не адзначаю”.

Спадар: “Ну, канешне, я лічу яго важным, для любой дзяржавы герб і сьцяг — гэта важна, гэта гонар чалавека, твар яго”.

Малады спадар: “Не, мы ня ведалі, што будзе сьвята”.

Маладзён: “Для сябе я не лічу яго важным. Чаму? Ведаеце: у гэтай краіне гаварыць лепей без дыктафону”.

Малады спадар: “Гэтае сьвята нібы вядомае, мы чулі пра яго, што адзначаецца дзень герба і сьцяга нашага. Але канкрэтна адзначаць, то не адзначалі, канешне, ніколі”.

Другі малады спадар: “Не, я пра гэтае сьвята ня знаў увогуле, каб вы мне не сказалі. А наконт важнасьці, дык для мяне яно ня важнае”.

Маладзён: “Я ведаю гісторыю нашага герба — старога і новага, а таксама гісторыю цяперашняга і нашага старога беларускага сьцяга. А ўвогуле трэба зрабіць штосьці нэйтральнае”.

Маладая спадарыня: “Я, шчыра кажчы, дзень герба і сьцяга сёньня не адзначаю, нават часта забываюся, ня памятаю дакладнай даты. Таму што для мяне сёньняшнія герб і сьцяг — недарэчная спадчына савецкіх часоў, як, напрыклад, тыя ж хрушчоўкі, калгасы, тое, пра што ня хочацца ўспамінаць лішні раз, таму я не сьвяткую”.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG