Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС мае намер змагацца зь фіктыўнымі шлюбамі


Іміграцыйныя службы Беларусі хочуць паставіць бар'ер фіктыўным шлюбам паміж грамадзянамі Беларусі і іншаземцамі, выкарыстоўваючы ўсясьветны досьвед.


Міністэрства ўнутраных спраў рыхтуе зьмены ў Закон “Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў у Беларусі”, якія тычацца спрашчэньня працэдуры ануляваньня віду на жыхарства, калі шлюб будзе прызнаны фіктыўным.

У Менску кожны трэці шлюб – інтэрнацыянальны

Летась, паводле дадзеных Міністэрства статыстыкі і аналізу, у Беларусі было зарэгістравана 4 тысячы 588 інтэрнацыянальных шлюбаў. У менскім Доме шлюбаў у мінулым годзе было зарэгістравана каля 2 тысяч шлюбаў, кожны чацьвёрты зь іх – так званы “замежны”. Сёлета шлюб з грамадзянамі замежных краінаў рэгіструецца ў кожнай трэцяй пары. Іміграцыйныя службы сутыкнуліся з тым, што вельмі часта заключаюцца фіктыўныя шлюбы з карысьлівымі мэтамі.

Фіктыўны шлюб каштуе да 3 тысяч даляраў

Першы намесьнік начальніка Дэпартамэнту па грамадзянству і міграцыі МУС Аляксей Бягун тлумачыць:

“Хоча прыехаць грамадзянін якой-небудзь краіны. У яго няма падставаў легальна знаходзіцца ў Беларусі. І вось ён, каб атрымаць дазвол на жыхарства ў Беларусі, каб купіць нерухомасьць, заключае шлюб. Фіктыўны. Жанчына атрымлівае грошы, яна яму забясьпечыла пэўныя ўмовы – і ён празь месяц купляе тут кватэру. І жыве там спакойна, пакуль грамадзянства не атрымае, а потым ён ужо – паўнавартасны грамадзянін”.

Карэспандэнтка: “А якія сумы могуць быць?”

Бягун: “Сумы могуць быць розныя, да 3 тысяч даляраў цяпер даходзяць”.

Дзеля чаго заключаюцца фіктыўныя шлюбы?

Зь юрыдычнага пункту гледжаньня, “фіктыўны шлюб” – гэта шлюб, які заключаецца без сапраўднага намеру сужэнцаў альбо аднаго зь іх стварыць сям’ю. Прычыны заключэньня фіктыўных шлюбаў: атрыманьне сталай прапіскі, спрашчэньне рэгістрацыі па месцы жыхарства, магчымасьць атрымаць від на жыхарства, а потым і грамадзянства, ухіліцца ад абавязковага разьмеркаваньня.

Распавядае жыхарка Менску, якая папрасіла не называць яе імя:

“Мне была патрэбная чарга на кватэру, і я знайшла сябра, які быў з правінцыі. Яму была патрэбная менская прапіска, каб працаваць у сталіцы. І мы ажаніліся, скажам так – на ўзаемавыгаднай аснове. Я атрымала тое, што мне было патрэбна, а ён – прапіску, працу ў Менску, купіў сабе кватэру. І потым, калі я сустрэла сваё сапраўднае каханьне, мы скасавалі свой шлюб”.

У гэтым выпадку маладыя людзі проста вырашалі свае жыцьцёвыя праблемы.

У Беларусь імкнуцца расейцы, каўказцы, азіяты

Зараз у Беларусь прыяжджае шмат іншаземцаў. Распавядае Аляксей Бягун:

“Краіны – у асноўным, дзяржавы СНД, яшчэ некаторыя краіны Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Прэцэдэнт не адзін. Гэта нават не адна тысяча чалавек. Чаму мы ініцыюем гэта пытаньне – таму што праблема ёсьць. І Эўрапейскі Зьвяз даўно ў гэтай праблеме плавае, таму што Эўразьвяз яшчэ больш прыцягальны. Мы пачынаем у яе паглыбляцца, таму што мы таксама становімся прыцягальнымі для пэўнай катэгорыі грамадзянаў”.

Аляксей Бягун распавёў, што іншаземцы замацоўваюцца тут, рэгіструючы фіктыўны шлюб, а потым прывозяць сваю шматлікую радню:

“Дзяўчына за грошы заключае шлюб зь іншаземцам за грошы, ён атрымлівае тут від на жыхарства. Прывозіць сваю другую сям’ю, і яны тут разам жывуць. А бываюць выпадкі, калі ягоная былая жонка заключае таксама шлюб з грамадзянінам Беларусі, бываюць наагул такія дзіўныя гісторыі, калі муж і жонка разводзяцца, і заключаюць такі ж шлюб з аналягічнай парай з другога боку. І потым і тыя, і другія абсалютна бязьбедна сябе адчуваюць, таму што тыя атрымалі грошы, а гэтыя атрымалі від на жыхарства”.

Даказаць “фіктыўнасьць” шлюбу вельмі складана

Прызнаць шлюб фіктыўным можа толькі суд, і тады, да прыкладу, чалавек, які з дапамогай штампу ў пашпарце атрымаў від на жыхарства, губляе яго. Тлумачыць судзьдзя аднаго са сталічных судоў:

“Калі скасоўваецца шлюб, анулюецца від на жыхарства. Таму замежнікі адразу ж уступаюць у другі шлюб. У мяне была справа: пасьля скасаваньня шлюбу – ануляваньне віду на жыхарства. Але гэты армянін адразу ж зарэгістраваў другі шлюб і застаўся тут жыць”.

Іміграцыйныя службы, калі ў іх узьнікае сумнеў у сапраўднасьці шлюбу, накіроўваюць пазовы ў суд. Але ўсё ня так проста, кажа Аляксей Бягун:

“Вельмі цяжка атрымаць рашэньне суду, таму што нават тады, калі мы зьбярэм інфармацыю, якая пацьвярджае, што сужэнцы разам не жывуць, узьнікаюць нюансы, калі яны прыходзяць на судовае паседжаньне, дзе разглядаецца наш пазоў, і кажуць: “А мы кахаем адзін аднаго, мы моцная сям’я”. Судзьдзя пярэчыць нам: “Ну як мы можам сям’ю разьбіваць?”

А судзьдзя, у сваю чаргу, прыводзіць свае аргумэнты:

“Фіктыўнасьць браку паспрабуй дакажы. Гэта ж адзін з бакоў павінен прызнацца: “Так, у мяне быў намер не стварыць сям’ю, а нейкія свае мэркантыльныя інтарэсы”. Але хто ж прызнаецца? А даказаць гэта вельмі цяжка”.

Сужэнцам давядзецца здаваць тэст – адказаць на 100 пытаньняў

А вось МУС Беларусі, па прыкладу шэрагу эўрапейскіх краінаў, прапануе ўвесьці абавязковы шэраг пытаньняў для асобаў, якія заключылі інтэрнацыянальны шлюб, калі ў праваахоўных органаў ёсьць падставы сьцьвярджаць, што шлюб фіктыўны. Вывучылі досьлед Літвы – у іх 60 такіх складаных пытаньняў, дадалі свае. Анкета будзе ўтрымліваць сотню пытаньняў. Першы намесьнік начальніка Дэпартамэнту па грамадзянству і міграцыі МУС Аляксей Бягун пералічыў некаторыя зь іх:

“Эўрапейскі зьвяз ведаеце, што пытаецца? Вось, да прыкладу: “Калі і пры якіх абставінах вы пазнаёміліся? Колькі разоў сустракаліся пасьля рэгістрацыі шлюбу? Дзе і калі было вясельле? Колькі чалавек было на вясельлі? Назавіце агульных сяброў і знаёмых. Ці знаёмыя вы з бацькамі сужэнца, братамі, сёстрамі, сваякамі, хто каму кім даводзіцца, як іх завуць, дзе яны жывуць? Калі не знаёмыя, назавіце прычыну...”

Прычым пытаньні будуць задавацца кожнаму з сужэнцаў асобна, а потым адказы будуць параўноўвацца. Ну а зараз рыхтуюцца зьмены ў заканадаўстве. На восеньскую сэсію дакумэнт будзе прадстаўлены на разгляд парлямэнту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG