Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: за апазыцыянэрамі на ўрачыстасьцях сачылі <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


У Магілёве на афіцыйных урачыстасьцях да Дня перамогі сяброў Партыі камуністаў беларускай суправаджалі людзі ў цывільным. Пад наглядам знаходзіўся й кіраўнік абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў


Пятнаццаць сяброў ПКБ з партыйнымі сьцягамі ўдзельнічалі ў парадзе вэтэранаў, мітынгу ды тэатральным прадстаўленьні да Дня перамогі ў Магілёве. Актывісты апазыцыйнай камуністычнай арганізацыі, пераважна людзі сталага веку, на парадзе распаўсюджвалі газэту “Товарищ” ды інфармацыйны бюлетэнь абласной арганізацыі ПКБ “Комунист Могилёвщины”. За імі неадступна сачылі людзі ў цывільным.

“У Дзень перамогі гэтага не павінна быць. Я перакананы, што няма ніводнага беларуса, грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які б без павагі ставіўся да гэтага сьвята. Псаваць яго канечне вось гэтым наглядам ніяк нельга”,-- зазначыў “Свабодзе” кіраўнік абласной арганізацыі ПКБ Валер Беразіенка.

Людзі ў цывільным сачылі й за кіраўніком абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімерам Шанцавым. Ён суправаджаў на ўрачыстасьцях сваю маці - вэтэрана другой усясьветнай вайны.

“Баяцца чагосьці. Ёсьць такая прымаўка: разумны шукае сяброў, а дурань ворагаў. На гэтым сьвяце шукаць ворагаў бессэнсоўна. Гэта сьвятое сьвята. Гэта маё асабістае сьвята. Чакаць ад мяне правакацыяў... Ня ведаю. Ці ёсьць у гэтым сэнс”, гэтак пракамэнтаваў Уладзімер Шанцаў пільнаваньне людзей у цывільным.

Валер Беразіенка адзначыў, што на сёлетнім сьвяткаваньні значна меней было сьцягоў перамогі й цалкам адсутнічала беларуская мова:

“Сьцяг перамогі, зь сярпом і молатам, цяпер ужо ня ў модзе ў Беларусі й я ня ведаю як гэта патлумачыць. Сьвяткуем мы Дзень перамогі ў Беларусі. Рэспубліка-партызанка зрабіла вялікі ўнёсак у перамогу, а ўсе прамовы на рускай мове. Так не павінна быць”.

На мітынг да Дня перамогі да недабудаванай Ратушы апазыцыйныя камуністы прыйшлі са сваімі партыйнымі сьцягамі

Уладзімер Шанцаў пад наглядам

Кіраўнік абласной арганізацыі Партыі камуністаў Беларускай (у цэнтры) са сваімі аднапартыйцамі

На сёлетніх урачыстасьцях да Дня перамогі: толькі адзін партрэт Сталіна

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG