Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі гэтая ўлада будзе арганізоўваць выбары, выбараў ня будзе”


Агляд тэлефанаваньняў за пятніцу 9 траўня.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

8 траўня каардынатар грамадзкай ініцыятывы “Хартыя’97” Зьміцер Бандарэнка заклікаў дэмакратычныя сілы спыніць дыялёг з уладамі і байкатаваць парлямэнцкія выбары. Спадар Бандарэнка заявіў: “Улады паставілі на дыялёгу і дэмакратызацыі крыж і разьвязалі сапраўдны тэрор супраць палітычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці”.

Спадарыня: “Калі гэтая ўлада будзе арганізоўваць выбары, выбараў ня будзе. Трэба, каб да ўлады прыйшла апазыцыя — вось тады будуць выбары. А цяперашнім нельга даваць рабіць выбары. І ісьці на такія выбары ня варта, бо выбары будуць несправядлівыя. Чарту дарогу не заступіш”.

7 траўня споўнілася 9 гадоў ад дня зьнікненьня былога міністра ўнутраных справаў генэрала міліцыі Юрыя Захаранкі. Яго выкралі непадалёк ад дому. Дагэтуль пракуратура ня высьветліла, дзе знаходзіцца Юры Захаранка і хто зьдзейсьніў злачынства. Сям'я атрымлівае толькі допісы з пракуратуры пра тое, што справа ізноў падоўжана на тры месяцы, а пра вынікі будзе паведамлена дадаткова. Апазыцыя і міжнародная грамадзкасьць лічаць зьнікненьні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага палітычнымі выкраданьнямі і патрабуюць расьсьледаваньня справаў зьніклых. Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:

Зіноўеў: “Чаму “справу зьніклых” дасьледуе менская пракуратура, калі санкцыю на арышт Паўлічэнкі даваў генэральны пракурор Беларусі?”

Тлумачыць выканальнік абавязкаў кіраўніка праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хэльсынскі камітэт” Алег Гулак:

“Фармальна гэта ня ёсьць парушэньнем працэсуальнага кодэксу. Санкцыю даваў той, хто меў права даць санкцыю. Справу вядзе пракуратура таго ўзроўню, якой гэта даручана. Тут няма ніякіх парушэньняў. Іншая рэч, што ў справах зьніклых даўно не вядзецца расьследаваньняў. Вось гэта — парушэньне працэсуальнага заканадаўства, законаў нашай краіны і міжнародных пагадненьняў”.

Слухачы “Свабоды” працягваюць дыскусію пра “карту паляка”. Гэта пасьведчаньне пра прыналежнасьць да польскай нацыі, якое дае дадатковыя правы пры ўедзе ў Польшчу і пры знаходжаньні на тэрыторыі гэтай краіны.

Учора ў праграме “Званкі на Свабоду” намесьнік кіраўніка Камісіі міжнародных справаў і сувязяў з СНД у Палаце прадстаўнікоў Сяргей Касьцян заявіў, што “любая карта — гэта правакацыі супраць іншай краіны, дзе пражывае нацыянальная меншасьць. Мы ня можам і ня маем права рабіць “карту беларуса”, бо мы паважаем статус і незалежнасьць кожнай краіны, дзе пражываюць нашыя супляменьнікі”. Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:

Спадар, Вільня: “Прашу спэцыяліста па міжнародных справах растлумачыць, як картка суайчыньніка парушае незалежнасьць, сувэрэнітэт і статус іншай краіны. Так гэта ці не?”

Меркаваньне палітоляга Андрэя Фёдарава:

“На мой погляд, увядзеньне такіх вось дакумантаў ніякім чынам не парушае нічыіх правоў. Гэта проста імкненьне дзяржавы падтрымаць суайчыньнікаў, якія не па сваёй волі апынуліся за мяжой і хацелі б захаваць сваю нацыянальнасьць. Я, прыкладам, ня бачыў бы нічога дрэннага, каб увесьці карту беларуса. Баюся толькі, што няшмат мы можам прапанаваць у параўнаньні з тымі ж палякамі”.


XS
SM
MD
LG