Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 гадоў адкрыцьцю Курапатаў – створым поўную фотагісторыю Дзядоў і талокаў, барацьбы і малітваў. Здымкі прысылайце на адрас п/с 111, Менск, 220005, Kurapaty88@yahoo.com

Дасланыя на “Свабоду” здымкі камэнтуе грамадзкі рэдактар праекту, адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк.

15. Дзяды-2004 (1). Аўтар Юры Дзядзінкін.


На фатаграфіі сюжэт з Крыжовага шэсьця на Курапаты. Фрагмэнт выглядае даволі ўрачыста. Тут канстатацыя падзеі, якая зь цягам доўгага часу (калі глядзець у архіўным вымярэньні) можа выклікаць эксклюзіўную цікавасьць пасьля зьмены жыцьцёвых абставінаў. (Маецца на ўвазе сьцяжок, мікрафон і інтэрвію ў М. Кляшторнай).

16. Дзяды-2004 (2). Аўтар Юры Дзядзінкін.


На здымку верхняя частка Крыжа Пакуты, устаноўленага 29 кастрычніка 1989 года. Гэта здымак-фіксацыя.

17. Дзяды-2004 (3). Аўтар Юры Дзядзінкін.


Гэты здымак добра адпавядае вызначэньню “дакумэнтальнае сьведчаньне сутнасьці зьявы”. Фатограф зафіксаваў момант чытаньня малітвы за Беларусь падчас Курапацкага рэквіему на “Дзяды”. Здымак паддаецца разгляданьню і сюжэтнаму асэнсаваньню падзеі (сьвечка, затуленая разгорнутым тэкстам малітвы і г.д.).

18. Дзяды-2007. Аўтар Юры Дзядзінкін.


Гэты здымак – канстатацыя падзеі. Сюжэт, дзе паказана частка Крыжовага шэсьця зь лёзунгам “Малады Фронт”, ёсьць сам па сабе банальны па кампазыцыі і даволі невыразны, але цікавы для разгляду як дакумэнтальнае сьведчаньне пра пэўны пласт людзей, якіх ня зблытаеш ні зь людзьмі 1980-х гадоў, ні 1990-х. Першае, што кідаецца ў вочы -- неадэкватнасьць. Тут зададзены мэмарыяльны трагічны тон і драматызм падзеі ў вялікім лёзунгу чорнымі літарамі: “1937 – 2007”. Тым часам за верхнім краем лёзунга відаць панарама чалавечых абліччаў, сярод якіх заўважаецца дастаткова бесклапотных твараў, якія сьмяюцца. Наперадзе лёзунга ў левым канцы здымка тры асобы даволі неахайна нясуць крыж. Двое з гэтых людзей трымаюць рукі ў кішэнях, трэці адвярнуў галаву назад і пра нешта, відаць, гаворыць з тымі, хто крочыць за ім. Тут цалкам адсутнічае дух піэтэту, сьцішанасьці, адчуваньня страты пакаленьняў за часы генацыду і ўсьведамленьня велічнасьці “Дзядоў”, дарэчы, усяго таго, што адлюстравана на шмат якіх здымках першай сэрыі прагляду (глядзі вынікі першага туру). Гэта той выпадак, калі нават самая простая фатаграфія, без прэтэнзіяў і задумак, можа паказаць больш, чым вялікі артыкул.

19. Курапаты. Спадар Георгі. Аўтар Юры Дзядзінкін.


Гэта тып здымка “на памяць”. Але ён мае інфармацыйны зьмест пра пэўную працу ў Курапатах, якую робяць беларусы і ахвярныя людзі, дзякуючы якім існуе і захоўваецца Народны мэмарыял, сымбалі і атрыбуты памяці.

20. Курапаты. Мая Кляшторная. Аўтар Юры Дзядзінкін.


Гэта таксама тып здымка “на памяць”, без азначанай задумы. Ён цікавы тым, што на фатаграфіі вядомая асоба -- дачка расстралянага ў Курапатах паэта Тодара Кляшторнага. Фатограф дрэнна сачыў за фонам. Крыж на дальнім пляне “наехаў” на скроню і вырастае з пляча сфатаграфаванай асобы. Акрамя таго здымка чалавека зроблена ў неадпаведны момант. Фатограф павінен клапаціцца пра выразнасьць аблічча таго, каго здымае.

21. Курапаты-1989. Вікіпэдыя


Гэта здымак, які быў ужо апублікаваны раней. Зьвяртаю ўвагу, як фатаграфія перадае дух падзеі. Ня бачна ніводнага твару, але плечы і патыліцы людзей кажуць пра іхнае адзінства, сьцішанасьць і ўзрушэньне. Гэта маса і людзі 1989 года. Нагадаю, чаму кажуць, што добры актор, адвярнуўшыся ад залі, можа сыграць свой унутраны стан плячыма. Стан чалавека выяўляецца ня толькі на твары, але і ва ўсім целе, і фатаграфія (як і вока) фіксуе гэта. Калі актор (чалавек) фальшывіць, цела яго якраз і здраджвае фальш.
Гэтую фатаграфію лепш даваць у чорна-белым варыянце.

22. Курапаты-2001


Па гэтым месцы праклалі аўтастраду праз Курапаты ў 2001 годзе. Будаўніцтва яе, ведаючы хаценьне верхняга начальніка, узгадніў цэлы легіён чыноўнікаў. Здымак зафіксаваў карціну антынароднага варварства і мэмарыяльных страт.

23. Дзяды-2000 (1). Аўтар Юры Дзядзінкін.


Фатаграфія адпавядае прынцыпам дакладнай канстатацыі падзеі і дакумэнтальнаму сьведчаньню сутнасьці зьявы. Добра адлюстраваны мэмарыяльны настрой шэсьця і духоўнае адзінства людзей. Выразныя абліччы справа, па цэнтры і ў глыбіні кадру. Здымак кампазыцыйна і танальна сабраны. Правільна, што ён у чорна-белай гаме.

24. Дзяды-2000 (2). Аўтар Юры Дзядзінкін.


Гэты здымак можна было б назваць “Гучыць рэквіем”. Фатаграфія ўспрымаецца як групавы партрэт духоўнага адзінства людзей. Здымак глыбока напоўнены нявыказаным сэнсам. Абліччы людзей надзвычай выразныя, засяроджаныя на ўнутраным перажываньні. Твары, павароты галавы надзвычай удала і разнастайна скампанаваныя. Фатаграфія магнэтычна прыцягвае, у ёй чуецца моц і стрыманая энэргія. Фота танальна сабранае і кампазыцыйна ўраўнаважанае. Гэта адна з найлепшых фатаграфіяў Ю.Дзядзінкіна з гэтай сэрыі. Але, на жаль, ёсьць прыкры і відавочны недахоп. Справа фота мусіць быць скадраванае па лініі патыліцы, якая трапіла ў кадр і займае шмат месца, забірае ўвагу. Кадрыроўка мусіць быць аналягічная, як кадрыроўка аблічча зь левага краю фотакарціны.

25. Дзяды-2000 (3). Аўтар Юры Дзядзінкін.


Здымак канстатуе мітынг-рэквіем, арганізаваны Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыяй – БНФ у Курапатах. Фатаграфія адлюстроўвае цэнтральны сюжэт мітынгу.

26. Дзяды-2000 (4). Аўтар Юры Дзядзінкін.


Гэты здымак з той жа сэрыі “Рэквіему” адметны іншым настроем. Галоўнае ўражаньне ад яго – дух жалобы. Ізноў жа, абліччы духоўна напоўненыя і вельмі выразныя. Камэртонам жалобнага настрою і дамінантай кампазыцыі зьяўляецца аблічча жанчыны справа ў чорным шалі і са сьвечкай у руцэ, разьмешчанае ў правым верхнім фокусе ліста. Кампазыцыя пабудавана на рытме абліччаў, якія нібы зьбягаюць у глыбіню, спыняючыся на некалькіх акцэнтах. Надзвычай выразным такім акцэнтам ёсьць адкрытае аблічча дзяўчынкі ў цэнтры фатаграфіі з прыцягальным поглядам дзіцячых шырока расплюшчаных вачэй, далей акцэнт падымаецца да галавы задуменнага мужчыны, потым сьлізгае на прыўкраснае аблічча дзяўчыны у акулярах і “шапо” і імкнецца далей, да левага краю фотакарціны. Такая “тэхналёгія” эмацыйнай выразнасьці гэтай фатаграфіі.
Адчуваньне жалобы навеяна кампазыцыйнай дамінацыяй жаночых абліччаў і, паўтаруся, асабліва “камэртоннага” аблічча справа.
Фатаграфія няблага выглядае тэхнічна і, па ўсім відаць, зроблена ў клясычным чорна-белым працэсе.

27. Дзяды-2000 (5). Аўтар Юры Дзядзінкін.


Тут дзівосная і тэматычна рэдкая фатаграфія ў беларускім фотамастацтве. На фотакарціне адлюстраваны беларускі абрад Дзядоў у Курапатах. Тут відаць згарманізаванасьць традыцыі і сучаснасьці ў постацях, адзеньні, сумоўі ўсіх удзельнікаў абрадавай дзеі. Асобным удзельнікам агульнай кампазыцыі, духу і настрою фотакарціны зьяўляецца лес. Ён тут казачны, таямнічы, пранікнуты адчуваньнем Бацькаўшчыны і гісторыі. Ён, як адухоўленая істота, як каралеўства пушчы, ён разам з гэтымі людзьмі – адна існасьць жыцьця і прыроды. І ад усяго гэтага здымак дыхае Дзядамі, старажытнай Літвой.
Фатаграфія няблага танальна аддрукаваная. Тэхнічным недахопам фатаграфіі зьяўляецца слабая прадрукоўка стала з ручніком і стравай на пярэднім пляне. Гэта месца проста занепадае, ператвараецца ў белую пляму.

28. Дзяды-2000 (6). Аўтар Юры Дзядзінкін.


На фатаграфіі адлюстраваны фрагмэнт шэсьця на Курапаты. Фатограф “схапіў” сьветлы ўрачысты настрой удзельнікаў зь белымі кветкамі і адкрытымі ўсьмешлівымі тварамі. Псыхалягічным і візуальным цэнтрам кампазыцыі зьяўляецца спадарыня Надзея Дземідовіч у белай хусьце зь белымі кветкамі і сьвяточнай сымболікай, з мэтанакіраваным выразам у абліччы. Абапіраючыся на кій, яна, вязень савецкага ГУЛАГу, рашуча ідзе па дарозе ў 10 кілямэтраў. У гэтай фотакарціне аўтар адлюстраваў адно з прыўкрасных абліччаў Беларусі. Гэты аспэкт успрыняцьця ягонага здымка будзе больш і больш павялічвацца з адлегласьці часу.

29. Крыж (1) Аўтар Валер Буйвал.


На здымку зафіксаваны кашчунны, варварскі вандалізм – зламаньне Крыжа ў Курапатах, учыненае ў мінулым годзе. Калі хто спытае, што такое беларусафобны рэжым, можна паказаць гэтую фатаграфію.

30. Крыж (2). Аўтар Валер Буйвал.


На фота – устанляваньне рэстаўраванага Крыжа Пакуты. На жаль, здымак кампазыцыйна загрувашчаны і з тэхнічнымі недахопамі. Але аўтар здымаў, як умеў, і фіксацыя падзеі тут ёсьць.

31. Крыж (3). Аўтар Валер Буйвал.


Гэта другі кадр (значна лепшы) з таго самага сюжэту аднаўленьня Курапацкага Крыжа. Добра відаць маштаб і адчуваецца маса Крыжа, бачны прыкметы і месцы рэстаўрацыі і замацаваньня. Тут зафіксаванае дзеяньне. Ізноў жа, і гэты здымак з тэхнічнымі недахопамі (засьветка па цэнтры ад рэфлексу лямпы ўспышкі; прыкмета дрэннай оптыкі).

***

Аўгіньня Манцэвіч даслала сэрыю здымкаў Народнага Мэмарыялу, зьнятых у адзін дзень і ў адзін час (назавём гэтую сэрыю ўмоўна “Маркотныя Курапаты”). У такім падыходзе (у адзін дзень і ў адзін час) бывае вельмі цяжка пазьбегнуць аднастайнасьці адчуваньня. Не пазьбегла яго і Аўгіньня, але ў дадзеным выпадку гэта сталася ёй творчым плюсам. На здымках сэрыі адлюстраваны адзін зімовы сыры дзень, калі зышоў сьнег, і ў мокрым Курапацкім лесе – бязьлюдзьдзе і цішыня. Чалавек як бы сам-насам з мокрымі дрэвамі і вільготнымі ад нядаўняй імглы і расталага сьнегу крыжамі. Творчы падыход і імкненьне Аўгіньні адлюстраваць гэты стан выразна прачытваецца. Яна стараецца арыгінальна пабудаваць кадр з выкарыстаньнем буйнога пярэдняга пляну, не сягаючы да фільтраў, насадак, сетак і т.п. прыстасаваньняў, неабходных пры такой здымцы.

Лепшымі здымкамі з гэтай сэрыі ёсьць


32. Брама. Аўтар Аўгіньня Манцэвіч.


і 33.“Дарога праз крыж”. Аўтар Аўгіньня Манцэвіч.


І ў першым, і ў другім здымку ўдалае і нефармальнае выкарыстаньне пярэдняга пляну і пэрспэктывы, што стварае адчуваньне глыбіні кадра і ўзмацняе маркотны настрой трагічнага месца (фота “Дарога праз крыж”).

Тое ж і ў здымку “Брама”, які мае рысы манумэнтальнасьці і можа разглядацца як знакавая карціна Народнага Мэмарыялу.

34. Курапаты. Аўтар Аўгіньня Манцэвіч.


Гэтае фота мае сытуацыйны характар, яно каштоўнае дакумэнтальнай пазнавальнасьцю месца каля Крыжа Пакуты.


35. Памятная шыльда. Аўтар Аўгіньня Манцэвіч.



Тое ж і пра фота, дзе зьняты (дарэчы, не банальна) дзяржаўны ахоўны знак Народнага Мэмарыялу Курапаты. Такія здымкі патрэбныя, каб мець усебаковае ўяўленьне пра Курапаты.

Фатаграфіі могуць існаваць і ў колерным, і ў чорна-белым варыянце, але чорна-белы варыянт у дадзеным выпадку больш пажаданы*.

Тлумачэньне рэдактара

* Гэткага роду заўвагі я вымушаны тут пісаць заўжды, бо цяпер, практычна, усе аматары і журналісты здымаюць на колернай аснове, ня дбаючы і (у большасьці) ня ведаючы, што такое колер у фатаграфіі. Бальшыня здымае на колер з чорна-белым падыходам і бачаньнем чорна-белай фатаграфіі (улічвае толькі чыньнік сьвятла). Тым часам эстэтычная палітра колернай фатаграфіі вельмі вузкая. Гэта вялікая эстэтычная праблема цяперашняй фатаграфіі, пра якую, на жаль, усё яшчэ мала хто задумваецца.


Найлепшыя здымкі

У гэтай сэрыі першая прэмія здымку № 26 Юр'я Дзядзінкіна ў катэгорыі “Добрае дакумэнтальнае сьведчаньне сутнасьці зьявы”.


Другая прэмія здымку №27 Юр'я Дзядзінкіна у катэгорыі “Сваісты погляд”. За гэты здымак падарунак – кніга Зянона “Вялікае Княства”.


Спэцыяльнай увагай -- “За творчы падыход”, адзначаецца сэрыя фатаграфіяў Аўгіньні Манцэвіч “Маркотныя Курапаты” (здымкі 32-35) . Ёй падарунак -- кніга Зянона Пазьняка “Новае стагоддзе”.


Ад 3 траўня да 3 чэрвеня Зянон Пазьняк камэнтуе і выбірае найбольш цікавы і характэрны здымак. Пераможцы атрымаюць таксама прызы ад Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG