Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я растлумачыў, што ня мог крычаць, я глуханямы”


Пра што пісалі беларускія газэты 9 траўня ў розныя гады мінулага.


“Беларускі шлях” у 1918 годзе ў рэдакцыйным артыкуле піша: “Праца творучая рэяльныя творчасьці паволі адраджаецца на усей Беларусі. Для яе найлепшаго развіцця апрача грамадзянскаго спакою, які дала нам збавіушая нас ад “івановых” нямецкая армія, патрэбен грамадзкі лад, і такі каторы захавауся бы на даужэйшы час, будучы адпаведным духу народа і праудзівым, жыццевым яго патрэбам. Рада Рэспублікі, ад нідауняго часу так сама уступіла на шлях гэтай рэяльнай творчай працы”.

“ЛіМ” у 1948 годзе паведамляе: “3 мая адбыўся мітынг супрацоўнікаў Кіраўніцтва па справах мастацтва пры Совеце Міністраў БССР. З паведамленнем аб выпуску новай дзяржаўнай пазыкі выступіў сакратар партарганізацыі Я.Яфрэмаў. Ён заклікаў усіх супрацоўнікаў Кіраўніцтва падпісацца на новую пазыку не менш, чым на месячны аклад заработнай платы. Падпіска была скончана ў 18 гадзін. Супрацоўнікі падпісаліся на суму 22.415 рублёў, што складае 100 працэнтаў месячнага заробку”.

“Свободные новости” на гэтым тыдні 1998 году друкуюць аповяд глуханямога студэнта мэдвучэльні Анатоля Лесуна: “Спынілася машына, выскачылі міліцыянты, схапілі. У міліцыі паказалі пратакол. Там было напісана: “Удзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу, супраціўляўся сілам правапарадку, лаяўся, крычаў нацыяналістычныя, антыпрэзыдэнцкія, антыўрадавыя лёзунгі”. Я растлумачыў, што ня мог крычаць, я глуханямы. Адвезьлі ў суд. Судзьдзя ўбачыў, што я глуханямы, і скіраваў мяне за краты”.

XS
SM
MD
LG