Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У найноўшай гісторыі Беларусі ўжо былі прыклады, калі палітычная апазыцыя спрабавала байкатаваць выбары. Так было падчас мясцовай выбарчай кампаніі ў 1999 годзе. Яшчэ шырэй байкот ужывалі падчас парлямэнцкіх выбараў у 2000-м.



Доктар філязофскіх навук Вячаслаў Оргіш згадвае, што яшчэ 8 гадоў таму большая частка апазыцыі байкатавала парлямэнцкія выбары:
Байкот сам па сабе наўрад ці мае сэнс

“У той час байкот меў бы сэнс толькі ў тым выпадку, калі б дэмакратычныя сілы жорстка паставілі пытаньне пра дэмакратызацыю выбарчага працэсу. Але тады пытаньне стаяла рубам — байкот і ўсё. І наколькі я памятаю, тады толькі “Народная Грамада”, якую ачольваў Мікола Статкевіч, удзельнічала ў выбарчай кампаніі. За што з боку астатніх дэмакратычных партыяў, якія ня ўдзельнічалі ў выбарах, атрымала моцную абструкцыю. У той час трэба было гнутчэй падыходзіць да гэтага пытаньня”.

Палітоляг Оргіш лічыць, што і сёлета апазыцыя робіць ня ўсё правільна:

“Байкот сам па сабе наўрад ці мае сэнс, бо палітычныя сілы, палітычныя партыі, палітычныя арганізацыі павінны ўдзельнічаць у палітычным працэсе. Нават калі ён не вызначаецца дэмакратычнасьцю і справядлівасьцю.

Але палітычныя сілы павінны прад’явіць уладам умовы: выпраўленьне Выбарчага кодэксу і дэмакратызацыя ўмоваў выбараў наагул. І толькі ў выпадку невыкананьня ўладамі асноўных патрабаваньняў можна ставіць пытаньне пра байкот.

А што мы маем на сёньняшні дзень? Палітычныя партыі ўжо заявілі пра свой удзел у парлямэнцкіх выбарах. І пачалі разважаць пра несправядлівасьць выбараў, якія праходзілі ў Беларусі і якія адбудуцца восеньню. А на мой погляд, перш чым заяўляць пра ўдзел у выбарах, трэба было дамагацца іх дэмакратызацыі. І пагаджацца на ўдзел у выбарах толькі ў выпадку выкананьня сваіх умоваў”.

Палітоляг Уладзімер Нісьцюк згадвае досьвед байкоту выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2000 годзе
Навошта займацца палітыкай, калі не займацца легальнымі палітычнымі кампаніямі
:

“І тады ўсіх тых, хто ўдзельнічаў у выбарах, ганьбілі як здраднікаў, казалі, што яны гулялі разам з уладай. Але потым тыя ж людзі, якія байкатавалі выбары, самі прызналі, што гэта быў не зусім эфэктыўны крок, вельмі некарысны для агульнай справы”.

Спадар Нісьцюк тлумачыць, чаму сёлета, на ягоную думку, нельга паўтараць тую ж самую памылку:

“Выбаршчыкі разумеюць: калі людзі ўдзельнічаюць у выбарах, нават у сумнеўных з пункту гледжаньня дэмакратыі, яны ідуць да іх, сустракаюцца зь імі, слухаюць. Трэба паслухаць выбаршчыкаў, каб празь іх хаця б ведаць пульс сучаснага жыцьця.

Па-другое, калі сёньня да Беларусі жорстка ставяцца Расея, ЗША, дастаткова жорстка — Эўропа, улада будзе рабіць захады, каб сёлетнія выбары праходзілі больш дэмакратычна, чым папярэднія. Людзі пазбаўленыя сацыяльных ільготаў, яны бачаць, як растуць кошты прадуктаў... І яны чакаюць адказаў на свае пытаньні: чаму так адбываецца? І будзе вельмі дрэнна, калі адказы дасьць толькі адзін бок.

І навошта тады займацца палітыкай, калі не займацца легальнымі палітычнымі кампаніямі і ня ўдзельнічаць у іх? Гэта ініцыятыва зь віртуальнай палітыкі. А трэба займацца рэальнай”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG