Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць Сяргея Абразоўскага


Сяргей Абразоўскі
Сяргей Абразоўскі

Cудзьдзя Пухавіцкага райсуду Сьвятлана Акуліч перапыніла разгляд адміністрацыйнай справы супраць грамадзкага Сяргея Абразоўскага. Яго вінавацяць у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу жыхароў у пасёлку Сьвіслач 29 сакавіка.



Сяргея Абразоўскага выклікалі ў суд нягледзячы на тое, што ён хворы. Ад 25 красавіка да сёньня Сяргей быў у шпіталі ў пасёлку Сьвіслач з дыягназам “перадынфарктны стан”. Для далейшага дасьледаваньня атрымаў накіраваньне ў абласны шпіталь у Бараўлянах. Хвароба выявілася пасьля гвалтоўнага затрыманьня спадара Абразоўскага міліцыянтамі Пухавіцкага РАУС перад яго паездкай у Менск на “Чарнобыльскі шлях — 2008”.

Сяргей Абразоўскі прасіў перанесьці суд на іншы дзень. Пра гэта паведаміла нашаму радыё прысутная ў залі суду Наста Рысевец:
Гэта ціск ня толькі маральны

“На дадзены момант ён сябе нядобра пачувае. У яго вялікі артэрыяльны ціск. Бачна, што чалавек хвалюецца. Бачна па твары, што ў яго нездаровы выгляд. Кашляе. Ён мае на руках накіраваньне ў Менскі абласны шпіталь у Бараўлянах. Але судзьдзя Акуліч адхіліла яго хадайніцтва аб пераносе суду на іншы дзень. Таксама спадар Сяргей прасіў, каб у суд быў запрошаны пракурор. Але і на гэта судзьдзя адказала: “Не. Пракурора ня будзе”.

Чаму хворага Абразоўскага трымалі ў судзе? Яго меркаваньне:

“Гэта ціск ня толькі маральны. Яны ж ведаюць, што прыносяць мне нават фізычныя пакуты. Павышаны артэрыяльны ціск — гэта тая хвароба, якая парушае ўсё здароўе. І гэта працяг ціску, каб прадэманстраваць людзям, што Абразоўскага можна зламаць. А разам — і іншых людзей, якія спрачаюцца з уладай супраць будаўніцтва гэтага прадпрыемства. Езьдзяць супрацоўнікі міліцыі, супрацоўнікі пракуратуры. Яны цяпер занялі пазыцыю, якая яшчэ больш парушае правы грамадзянаў”.

Урэшце судзьдзя Сьвятлана Акуліч перанесла паседжаньне на панядзелак 12 траўня.


Сяргею Абразоўскаму — 49 гадоў. Ён скончыў Менскі палітэхнікум, а пасьля — Беларускі політэхнічны інстытут, атрымаў спэцыяльнасьць інжынэра. Працаваў на прадпрыемствах у Пухавіцкім раёне і ў Менску. Жанаты, мае двух сыноў. Сябра Партыі камуністаў беларускай. Цяпер узначальвае ініцыятыўную групу, якая выступае супраць будаўніцтва ў пасёлку Дружным Пухавіцкага раёну хімічнага заводу “Август-Бел”.

“Август” — прыватная расейская кампанія. Офіс знаходзіцца ў Маскве. Вытворчасьць — у пасёлку Вурнары, што ў Чувашыі. У 1960-я там выраблялі дуст (ДДТ) для ўсяго СССР. Цяпер расейскі бок заяўляе, што на заводзе ў Беларусі будзе вырабляцца 18 відаў пэстыцыдаў — хімічных сродкаў, каб нішчыць пустазельле і шкоднікаў на палетках.

Паводле заявы арганізацыйнага камітэту грамадзкасьці ў пасёлку Дружны, пры рэалізацыі праекту ЗАТ “Август-Бел” парушаюцца асноўныя патрабаваньні міжнароднай Орхускай Канвэнцыі, далучэньне да якой Беларусь дэкляравала 14 сьнежня 1999 году. У прыватнасьці, Канвэнцыя патрабуе:

1. Доступу насельніцтва да экалягічнай інфармацыі;

2. Удзелу грамадзкасьці ў працэсе прыняцьця экалягічна значных рашэньняў;

3. Доступу да правасудзьдзя ў пытаньнях, якія тычацца навакольнага асяродзьдзя.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG