Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стары Менск: руіны ў “швайцарскім стылі” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Ад гістарычнага будынка застаўся кавалак франтону

Ад гістарычнага будынка застаўся кавалак франтону

У гістарычным цэнтры Менску зруйнаваны адзін з самых прыкметных будынкаў ХІХ стагодзьдзя, інкруставаны ў швайцарскім стылі.



Да апошняга часу па Камсамольскай, 15 якраз месьцілася крама “Швайцарскія гадзіньнікі”, чыё арыгінальнае афармленьне запомнілася многім менчукам. Але перадусім будынак адметны тым, што пад ягоным дахам месьціліся майстэрні вядомых беларускіх мастакоў і мастацтвазнаўцаў — Лявона Баразны, Віктара Шматава, Ігара Крэйдзіка, Сяргея Давiдовiча.
Тое, што адбываецца ў Менску, абсалютна супярэчыць заканадаўству

Ад чарговага помніка архітэктуры ХІХ стагодзьдзя ў самым цэнтры Менску хутка застануцца адны ўспаміны. Даху над домам ужо няма, бакавую сьцяну будаўнікі якраз сёньня скончылі грузіць на самазвалы. Два франтальныя паверхі, на якіх яшчэ ацалела назва ад былой крамы, глядзяць на мінакоў пустымі вачніцамі вокнаў...



“Муляж” — беларускі сьлед у рэстаўрацыі



Паводле мастацтвазнаўцы Сяргей Харэўскага, папулярны ў народзе “швайцарскі дом” быў у выдатным стане. Унікальная пляніроўка папросту не адпавядала ўмовам заказчыка. Па завядзёнцы апошніх гадоў замест рэканструкцыі цяперашнія «рэстаўратары» палічылі за лепшае зьнесьці будынак і збудаваць на ягоным месцы муляж з сучасных матэрыялаў. Між тым, цытуе Сяргей Харэўскі Вэнэцыянскую хартыю, пры рэстаўрацыі элемэнты, прызначаныя для замены фрагмэнтаў, якіх бракуе, «павінны адрозьнівацца ад сапраўдных, каб рэстаўрацыя помніка не фальсыфікавала гістарычную і мастацкую дакумэнтальнасьць помніка...» Гэты клопат падзяляе і вядомы гісторык Уладзімер Дзянісаў :

“Тут справа ня ў тым, якога стагодзьдзя аб'ект — ХХ, ХVII ці XII. Павінен быць адзіны падыход да ўсіх помнікаў. Ёсьць адпаведныя мэтодыкі, ёсьць адпаведныя патрабаваньні да навуковай рэстаўрацыі. Ёсьць Вэнэцыянская хартыя, якая больш за сорак гадоў таму была прынятая ў Вэнэцыі. Гэта міжнародны нарматыўны дакумэнт прафэсійнай рэстаўрацыйнай этыкі, дзе былі распрацаваныя ўсе сучасныя падыходы да захаваньня, кансэрвацыі і рэстаўрацыі спадчыны. І ўсё тое, што адбываецца ў Менску, абсалютна супярэчыць ня толькі нашаму заканадаўству нацыянальнаму, але і міжнародным нарматыўна-мэтадычным дакумэнтам”.

Мастак Уладзімер Крукоўскі неаднойчы наведваў майстэрні калегаў на вуліцы Камсамольскай і абураны дэманстрацыяй такой “гістарычнай памяці”. Але ён лічыць, што ў цяперашніх беларускіх умовах такое стаўленьне да агульнай спадчыны цалкам вытлумачальнае:

“Якая гістарычная памяць у “саўка”? “Савок” гістарычнай памяці ня мае, у сваім жыцьці ён перадусім арыентуецца на страўнік. А ўжо ў другую, у трэцюю ці дзясятую чаргу — на інтэлект. Таму тут усё зьмяшчаецца ў той схеме, у якой жыве сёньня беларускі народ. І, бадай, нічога асабліва дзіўнага ў гэтым ужо няма. Хіба гэта адзіная страта ў цэнтры гораду? На дзясяткі лік ідзе! Дык пра што казаць? Што вы хочаце ад гэтых людзей? Ну, ня могуць яны выйсьці за межы свайго разуменьня жыцьця. Разуменьня жыцьця наагул — ня толькі разуменьня жыцьця ў сталіцы краіны, жыцьця на нейкай вуліцы ці жыцьця ў Эўропе. Проста жыцьця! Бо галоўны іх арыенцір — гэта страўнік”.


Узаконенае руйнаваньне пайшло зь Нямігі

На трэцім паверсе пад дахам ужо зьнесенага дому на Камсамольскай, 15 былі ідэальныя ўмовы для мастакоў — сьвятло трапляла і з вокнаў, і з зашклёнага даху. Як удакладняе Сяргей Харэўскі, колісь тут была майстэрня знанага мастака і мастацтвазнаўцы Лявона Баразны. Адзін зь нефармальных лідэраў нацыянальна-культурніцкага руху Беларусі трагічна загінуў пры нявысьветленых абставінах 15 жніўня 1972 году ў дворыку пад вокнамі майстэрні. Непасрэдна перад гэтым Баразна рыхтаваў акцыю пратэсту беларускай інтэлігенцыі супраць разбурэньня Нямігі.

Была там і майстэрня мастака і гісторыка мастацтва Віктара Шматава, на чыіх кнігах вучылася не адно пакаленьне беларусаў. Навуковец і крытык дасьледаваў кніжную і станковую графіку Беларусі, сучаснае мастацтва, без спасылак на яго не абыходзіцца ніводная навуковая праца пра спадчыну Францішка Скарыны.


Зьнішчэньне гістарычнага цэнтру пачыналася з паркінга
Як лічыць архітэктар Уладзімер Папруга, пад агульнае маўчаньне грамадзкасьці ў Менску адбываюцца рэчы, якія маюць крымінальнае адценьне. Ад пачатку новага тысячагодзьдзя Міністэрства культуры і Менгарвыканкам адзначыліся дазволамі на масавае зьнішчэньне гістарычных помнікаў, якія ўваходзяць у Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь. Перадусім гэта аб’екты, якія знаходзяцца ў гістарычным цэнтры Менску. Пад некаторыя, як у выпадку зь першым у сваім шэрагу паркінгу на Нямізе, зруйнавалі неацэнныя пабудовы, а “культурны пласт” самазваламі вывезьлі на сьметнікі:

Паркінг ня мае ніводнай прычыны існаваць на гэтым месцы

“У 2008 годзе, дзякуючы працэсу, які фармальна пачаўся з будаўніцтва скандальна вядомага аб’екту на Нямізе, які вельмі некарэктна называецца паркінгам (бо гэта ня паркінг, а самадастатковы рынкавы комплекс), пачалася проста вакханалія. Паркінг ня мае ніводнай прычыны існаваць на гэтым месцы, калі абапірацца ў першую чаргу на нарматыўна-прававую базу Рэспублікі Беларусь у сёньняшнім прачытаньні. Тое, што зараз там адбываецца, невытлумачальна. Але гэты быў першы аб’ект, які практычна стварыў юрыдычны прэцэдэнт у новай гісторыі Беларусі, без карэктнага вырашэньня якога немажліва ў будучыні проста апэляваць да ўсяго блёку нарматыўна-прававой базы і заканадаўства па ахове гісторыка-культурнай спадчыны гэтай самай краіны”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG